Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль прызнае прагрэс у візавых перамовах зь Менскам. Калі патаньнее «шэнген» для беларуса?


Фота ©Shutterstock

Падчас апошняга раўнду перамоваў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам наконт пагадненьня аб рэадмісіі быў дасягнуты «добры прагрэс». Пра гэта Свабодзе пацьвердзілі ў прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Беларусі 21 сьнежня.

Пра тое, што праект пагадненьня аб рэадмісіі цалкам узгоднены, знаходзіцца ў «найвышэйшай ступені гатоўнасьці» і рыхтуецца да далейшых кансультацый з наступным падпісаньнем, заявіў 18 сьнежня начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун.

Пагадненьне аб рэадмісіі — умова на шляху патаньненьня віз

Беларусь і Эўразьвяз ужо ня першы год вядуць перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму.

Частка гэтага дыялёгу — падпісаньне пагадненьня аб рэадмісіі. Гэта абавязаньне краіны прымаць сваіх грамадзянаў, дэпартаваных зь іншай дзяржавы, і іншаземцаў, якія праз тэрыторыю краіны нелегальна трапляюць на чужую тэрыторыю.

Бакі прызналі гэтую праблему настолькі важнай, што вылучылі яе ў асобную тэму. Болей за тое, калі агульныя перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму вядзе Міністэрства замежных спраў Беларусі, то рэадмісію абмяркоўваюць экспэрты зь іншага міністэрства — унутраных спраў. Да таго ж Эўразьвяз паставіў умову — адначасова падпісаць два пакеты дакумэнтаў: аб спрашчэньні візавага рэжыму і аб рэадмісіі.

Дакумэнты аб рэадмісіі Менск і Брусэль меліся падпісаць яшчэ ў 2015 годзе на саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Рызе, аднак гэтага не адбылося. Паводле кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Ўладзімера Макея, — не па віне Беларусі.

За дакумэнтамі стаяць дзясяткі мільёнаў эўра

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ў камэнтары Свабодзе канцэнтруе ўвагу на адным аспэкце пагадненьня аб рэадмісіі — фінансавым.

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі

«Рэадмісія патрабуе істотных грошай. Дакладную лічбу не назаву, але размова ідзе пра некалькі дзясяткаў мільёнаў. І тут узьнікае пытаньне: хто будзе плаціць?» — кажа экспэрт.

Спадар Якаўлеўскі адзначае, што для ўтрыманьня нелегальных мігрантаў патрэбныя адмысловыя памяшканьні з эўрапейскімі стандартамі харчаваньня, гігіены ды іншага. Плюс патрэбныя грошы, каб дадаткова сачыць за сытуацыяй. Паводле яго, беларускі бок хоча, каб усе гэтыя выдаткі ўзяў на сябе Эўразьвяз. У Брусэлі ж лічаць, што фінансаваць праект павінны абодва бакі.

«Калі я прачытаў выказваньні спадара Бегуна, то ў мяне ўзьнікла адчуваньне, што Менск здолеў нейкім чынам угаварыць Брусэль узяць значную частку выдаткаў на сябе. Дарэчы, малы прымежны рух Беларусь ажыцьцяўляе толькі з Латвіяй. А вось зь Літвой і Польшчай ён ня дзейнічае. Наколькі я ведаю, афіцыйны Менск запатрабаваў ад Варшавы і Вільні, а фактычна ад Брусэля ўмацаваньня структуры дзяржаўнай мяжы. А гэта новыя грошы, найперш на „адстойнікі“ для ўтрыманьня нелегальных мігрантаў», — рэзюмуе экспэрт.

Калі могуць падпісаць дакумэнты і што гэта дасьць звычайнаму беларусу

Паводле спадара Бегуна, цяпер у Беларусі чакаюць экспэртаў Эўразьвязу, каб абмеркаваць канчатковыя фармулёўкі пагадненьня аб рэадмісіі. У прадстаўніцтве Эўразьвязу тэкст дамовы камэнтаваць нам адмовіліся, «паколькі перамовы працягваюцца».

Ці можна чакаць падпісаньня пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж Менскам і Брусэлем у 2018 годзе? У прадстаўніцтве Эўразьвязу толькі адзначылі, што працягнуць перамовы зь беларускім бокам па двух гэтых пытаньнях.

На пачатку кастрычніка амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар, гаворачы пра міждзяржаўныя кансультацыі адносна спрашчэньня візавага рэжыму Беларусі з Эўразьвязам, паведаміў, што «большая частка спрэчных пытаньняў узгодненая, невялікая колькасьць яшчэ засталася».

«Калі ўдасца дамагчыся поўнай згоды — складанае пытаньне», — дадаў ён.

Спрашчэньне візавага рэжыму — гэта ня толькі зьніжэньне кошту самой візы да 35 эўра замест 60, як цяпер. Гэта і большая доля шматразовых візаў, і павелічэньне тэрміну дзеяньня такіх візаў, і ўніфікаваныя дакумэнты, якія падаюцца ў кожную амбасаду ў Беларусі, якая выдае шэнгенскія візы.

Ці спросьцяць для беларусаў наведваньне Эўразьвязу з 1 студзеня 2018 году

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG