Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бязьвіз хацелі павялічыць да 30 дзён, але КДБ і МУС супраць


Тэрмін бязьвізавага ўезду ў Беларусь праз нацыянальны аэрапорт «Менск» для грамадзян 80 краін сьвету ў 2018 годзе плянуецца павялічыць да 10 дзён, паведамляе БелаПАН.

Пра гэта заявіў намесьнік начальніка галоўнага консульскага ўпраўленьня Міністэрства замежных спраў Аляксандар Ганевіч.

Ён дадаў, што МЗС прапаноўвала павялічыць тэрмін бязьвізавага знаходжаньня да 30 дзён з магчымасьцю ўезду праз усе пункты пропуску. Прымеркаваць гэтае новаўвядзеньне плянавалася да другіх Эўрапейскіх гульняў, якія пройдуць летам 2019 году.

«Мы знайшлі падтрымку Міністэрства спорту і турызму і Дзяржаўнага мытнага камітэту, але МУС і КДБ згодныя толькі на 10 дзён бязьвізавага знаходжаньня», — сказаў Аляксандар Ганевіч.

«Больш за тое, нас пастаянна тузаюць нашы ўсходнія суседзі. Яны і з прычыны пяці дзён учынілі такую гістэрыю», — дадаў чыноўнік.

Ён сказаў, што МЗС падтрымлівае павелічэньне да 10 дзён бязьвізавага знаходжаньня ў Берасьцейскай вобласьці — Белавескай пушчы і ў Гарадзенскай — праз вакзал і аэрапорт Горадні.

«Наколькі мне вядома, з польскага боку авіякампанія LOT гатовая лятаць у Горадню», — сказаў Ганевіч.

Ганевіч дадаў, што Берасьце, Горадня і Менск сабралі на турпаслугах агулам каля 90 млн даляраў, а на нявыдадзеных візах МЗС страціла каля 12 млн.

«Таму бязьвізавы рэжым — гэта станоўчы вопыт, які трэба разьвіваць», — падсумаваў прадстаўнік МЗС.

Натоўпы турыстаў — норма. Што «бязьвіз» нарабіў у Горадні за год

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG