Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: Неўзабаве ўдзел прэзыдэнта ў мерапрыемствах па лініі Эўразьвязу будзе звыклай справай


Беларусь не зьяўляецца рупарам ні Масквы, ні Брусэлю, ні Вашынгтону. Менск вядзе перамовы пра аблягчэньне візавага рэжыму з ЭЗ і гатовы ўносіць прапановы аб стварэньні міратворчай місіі ў Данбасе.

Эксклюзіўнае інтэрвію міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея тэлепраекту Радыё Свабода «Настоящее время».

Пра Расею

У Беларусі з Расеяй шмат агульнага. Яшчэ ў канцы мінулага стагодзьдзя мы пайшлі на стварэньне саюзнай дзяржавы. У рамках гэтага саюзу было заключана шмат пагадненьняў: у гандлёва-эканамічнай, палітычнай, гуманітарнай і ваенна-палітычнай сфэрах.

Мы дакладна заяўляем, што мы не зьяўляемся рупарам ні Вашынгтону, ні Брусэлю, ні Масквы. Мы — голас Менску

Гэтыя пагадненьні вельмі шмат далі для разьвіцьця дзьвюх дзяржаваў. Галоўнае дасягненьне, з майго пункту гледжаньня, складаецца ў тым, што грамадзяне Беларусі і Расеі карыстаюцца абсалютна роўнымі правамі. Яны не адчуваюць сябе чужымі ні ў той, ні ў іншай краіне, могуць набываць нерухомасьць, спакойна навучацца, карыстацца аховай здароўя.

Але гэта не азначае, што мы ва ўсім згодныя з Масквой ці, як прынята казаць, мы «гаворым голасам» Масквы. Зусім не. Мы дакладна заяўляем, што мы не зьяўляемся рупарам ні Вашынгтону, ні Брусэлю, ні Масквы. Мы — голас Менску.

Аб міратворцах ў Данбасе

Мы віталі б любыя крокі, у тым ліку міратворчыя, якія былі б накіраваныя на больш хуткае разьвязанаьне канфлікту ў Данбасе. Мы ня хочам, каб гэты канфлікт стаў замарожаным па прыкладзе Прыднястроўя, Нагорнага Карабаху і некаторых іншых. Гэта абсалютна не ў інтарэсах Беларусі, таму што Ўкраіна для нас зьяўляецца велізарнай важнасьці гандлёвым партнэрам.

Ідэю міратворчасьці мы падтрымліваем, калі яна будзе прымальная для ўсіх уцягнутых у гэтую сытуацыю бакоў. Больш за тое, аб увядзеньні міратворцаў ва Ўкраіну яшчэ ў кастрычніку 2014 году казаў і прэзыдэнт [Аляксандр] Лукашэнка.

Мы ня хочам, каб гэты канфлікт стаў замарожаным па прыкладзе Прыднястроўя, Нагорнага Карабаху і некаторых іншых

Зразумела, што цяпер ідуць спрэчкі, у якім фармаце гэта павінна адбывацца, хто павінен удзельнічаць у апэрацыі, на якой аснове. І адзін бок займае адну пазыцыя, другі — іншую.

Але нам здаецца, што гэта — хоць і маленькі, але шанец, каб надаць хаця б невялікі імпульс намаганьням па зьніжэньні напружанасьці ў гэтым рэгіёне. Яго трэба выкарыстоўваць. Трэба паспрабаваць знайсьці нейкае кампраміснае рашэньне. Мы адназначна гатовыя падлучыцца, калі гэта будзе прымальна для іншых бакоў.

Больш за тое, пазьней мы будзем уносіць свае прапановы, каб гэтая ідэя была рэалізаваная, зыходзячы з прымальнасьці для ўсіх бакоў.

Пра рашэньне МАК аб нядопуску РФ да Алімпіяды-2018

Спорт нельга зьмешваць з палітыкай. Калі ёсьць нейкія парушэньні ў сфэры допінгавага кантролю, тады трэба караць канкрэтных спартоўцаў і, можа быць, канкрэтных чыноўнікаў, якія вінаватыя ў гэтым. Але выключаць краіну з гэтага працэсу, працэсу алімпійскага руху...

Яшчэ з часоў Старажытнай Грэцыі падчас Алімпійскіх гульняў спыняліся вайны. Палітыка ня мела да гэтага ніякага дачыненьня. Але сёньня, на жаль, палітычныя працэсы дамінуюць і аказваюць ўплыў у тым ліку і на алімпійскі рух.

Аб адмове Лукашэнкі ехаць на саміт «Усходняга партнэрства»

Я ў свой час жыў у Адэсе. Там кажуць: па Дзерыбасаўскай шпацыруюць паступова. У нас толькі пачаўся працэс нармалізацыі адносінаў з Эўразьвязам. Доўгі час мы былі пад санкцыямі. Вядома ж, гэта аказала ўплыў на атмасфэру і ў беларускім, і ў эўрапейскім грамадзтве.

Я думаю, ужо ў бліжэйшы час ўдзел прэзыдэнта Беларусі ў тых ці іншых мерапрыемствах па лініі Эўразьвязу будзе разглядацца як штодзённая гісторыя

Працэс інтэграцыі разьвіваецца паступальна, пазытыўная атмасфера ў нашых адносінах з ЭЗ пашыраецца. Мы дамовіліся падтрымліваць дыялёг, каб зрабіць гэты працэс незваротным.

Сустрэчы на вышэйшым узроўні, ці ўдзел у мерапрыемствах вышэйшага кіраўніцтва той ці іншай краіны — гэта свайго роду вянок нейкага этапу адносін. Рана ці позна адбудзецца і наш удзел у сустрэчы на вышэйшым узроўні. Я думаю, што ўжо ў бліжэйшы час ўдзел прэзыдэнта Беларусі ў тых ці іншых мерапрыемствах па лініі Эўразьвязу будзе разглядацца як звычайная справа.

Аб візах

Мы вядзем зараз перамовы з Эўразьвязам па двух пагадненьнях: па аблягчэньні візавага рэжыму і па рэадмісіі (рэгулюе працэдуры, зьвязаныя з ідэнтыфікацыяй і вяртаньнем грамадзян трэціх краін, якія незаконна заехалі на тэрыторыю краіны — НВ). Ёсьць некаторыя тэхнічныя і пару палітычных момантаў, пра якія мы можам сказаць, што яны зьяўляюцца праблемнымі. Мы над імі цяпер працуем.

Што да Беларусі, то Беларусь кроўна зацікаўлена ў тым, каб зрабіць візавы рэжым у нашай краіне максымальна прывабным для замежных грамадзян.

У лютым сёлета прэзыдэнт Беларусі выдаў адпаведны дэкрэт, які дазваляе грамадзянам 80 краін, у тым ліку грамадзянам з усіх краін ЭЗ, наведваць Беларусь бязь візы на тэрмін 5 дзён. Зараз мы працуем над магчымасьцю пашырэння бязьвізавага знаходжаньня ў Беларусі да 10 дзён, а ў пэрспэктыве, магчыма, і больш. Гэта ў нашых інтарэсах.

Беларусь кроўна зацікаўлена ў тым, каб зрабіць візавы рэжым у нашай краіне максымальна прывабным для замежных грамадзян

Мы транзытная краіна, наша эканоміка экспартаарыентаваная. Мы зацікаўлены, каб да нас прыяжджалі турысты, бізнесоўцы, каб яны маглі знаёміцца з нашым бізнэс-кліматам. І каб у іх не балела галава, як ехаць у Бэрлін ці яшчэ кудысьці за атрыманьнем візы. Мы гатовыя да гэтага.

Нашы эўрапейскія партнэры, як мне здаецца, таксама гатовыя да таго, каб прасоўвацца па тых пагадненьнях, пра якія я казаў. Думаю, што ў найбліжэйшай будучыні мы прыйдзем да заключэньня ўзаемавыгадных пагадненьняў.

Пра Захад

У нас шмат агульнага... Мы прывыклі казаць «Усход і Захад», прывыклі думаць катэгорыямі яшчэ савецкага мысленьня. Але мы лічым, што Беларусь знаходзіцца ў Эўропе. Беларусь — гэта Эўропа і геаграфічна, і палітычна.

Беларусь — гэта Эўропа і геаграфічна, і палітычна

З гандлёва-эканамічнага пункту гледжаньня для нас ЭЗ зьяўляецца выключна важным партнэрам — другім па значнасьці пасля Эўразійскага эканамічнага саюзу, пасьля Расеі. У лепшыя гады, калі санкцыі не ўплывалі на гандлёва-эканамічныя адносіны, у нас быў прыблізна аднолькавы таваразварот і з Расеяй, і з Эўразьвязам. Сёньня трошкі назіраецца дыспрапорцыя, але сытуацыя паступова пачынае выраўноўвацца.

Мы лічым, што гандлёва-эканамічная аснова зьяўляецца вельмі важнай. Таму што нармальныя гандлёва-эканамічныя адносіны з ЭЗ, з Расеяй і Эўразійскім эканамічным саюзам, з краінамі «далёкай дугі» (ідэя, сфармуляваная Аляксандрам Лукашэнкам: трэба ісьці туды, дзе нас не ведаюць і чакаюць. А ведаюць нас менш за ўсё на прасторах Азіі, Лацінскай Амэрыкі і Афрыкі — РС), дазволяць нам ўмацоўваць нашу эканоміку. Гэта прывядзе да ўмацаваньня нашай палітычнай незалежнасьці, умацаваньня сувэрэнітэту.

Гэта выгадна краінам Захаду? Адназначна выгадна. Думаю, што ім патрэбна незалежная і сувэрэнная Беларусь, а не васальная і лімітрофная дзяржава на пэрыфэрыі якіх-небудзь імпэрый ці палітычных гульцоў. (Лімітроф — сукупнасьць дзяржаў, што ўтварыліся пасьля 1917 года на тэрыторыі, якая ўваходзіла ў склад Расейскай імперыі, а ў пачатку 1990-х гадоў у склад СССР — РС).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG