Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці спросьцяць для беларусаў наведваньне Эўразьвязу з 1 студзеня 2018 году


Удзельнікі: Валянцін Жданко, Уладзімер Глод і Валер Карбалевіч.

Уладзімер Глод: Эўрапейскія партнэры зацікаўленыя ў заключэньні пагадненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам аб рэадмісіі і аб спрашчэньні візавага рэжыму. Тут няма ніякіх прынцыповых, радыкальных рознагалосьсяў. Пра гэта заявіў 22 чэрвеня журналістам міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. Паводле кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі, на перамовах з эўрапейскімі калегамі, якія ўчора былі ў Менску на мерапрыемствах у рамках Цэнтральнаэўрапейскай Ініцыятывы, ён абмяркоўваў, сярод іншага, пэрспэктывы спрашчэньня візавага рэжыму «ў кантэксьце нашых адносін з Эўразьвязам» і падпісаньня пагадненьня аб рэадмісіі.

«І тут нам неабходна проста працягваць дыялёг. Мы зацікаўленыя ў тым, каб дасягнуць пагадненьняў па названых тэмах. Я бачу зацікаўленасьць і з боку нашых эўрапейскіх партнэраў», — сказаў Макей. Міністар дадаў, што ёсьць некаторыя тэхнічныя моманты, якія бакі павінны ўрэгуляваць.

Спрашчэньне візавага рэжыму — гэта ня толькі зьніжэньне кошту самой візы да 35 эўра замест 60, як цяпер. Гэта і большая доля шматразовых візаў, і павелічэньне тэрміну дзеяньня такіх візаў, і ўніфікаваныя дакумэнты, якія падаюцца ў кожную амбасаду, якая выдае шэнгенскія візы.

Спрашчэньне візавага рэжыму — гэта і ніжэйшы кошт візаў, і большая доля шматразовых візаў, і павелічэньне тэрміну дзеяньня такіх візаў, і ўніфікаваныя дакумэнты

Вядома, што з прынцыповых падыходаў два застаюцца дыскусійнымі. Першы — пагадненьне аб рэадмісіі. Рэадмісія — гэта абавязаньне краіны (у нашым выпадку Беларусі) прымаць сваіх грамадзянаў, дэпартаваных зь іншай дзяржавы, і іншаземцаў, якія праз тэрыторыю краіны нелегальна трапляюць на чужую тэрыторыю. Для Беларусі гэта балючая праблема, бо яна ня мае фактычна памежнага кантролю з Расеяй. І калі, напрыклад, літоўскія ці польскія памежнікі затрымліваюць нелегалаў, якія транзытам празь Беларусь едуць у Эўропу, то яны вяртаюць такіх затрыманых не ў Расею, а ў Беларусь. А ўжо ў Менску вырашаюць: альбо дэпартаваць іх аж на радзіму — напрыклад, аўганцаў у Аўганістан, — альбо ў Расею. Аднак у любым выпадку гэта дадатковыя выдаткі беларускага бюджэту. Што пацьвярджаюць і лічбы. У 2016 годзе затрымана каля сямі тысяч парушальнікаў заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы. Дэпартавана ў Беларусь 2332 іншаземцы.

Патрэбны пэўны час, пакуль ня вырашыцца пытаньне: альбо даць ім статус уцекача, альбо дэпартаваць. І гэты час іх трэба ўтрымліваць за кошт беларускага бюджэту. Эўразьвяз ужо выдзеліў Беларусі 7 мільёнаў эўра на будаўніцтва цэнтраў часовага ўтрыманьня. Адзін цэнтар ужо нават пабудаваны, яшчэ два дабудоўваюцца. Але эўрапейцы патрабуюць, каб такія цэнтры не былі толькі дахам над галавай, а каб там былі створаныя ўсе магчымасьці для жыцьця паводле эўрапейскіх стандартаў. Беларусь таму і патрабуе тры гады, спадзеючыся, што Брусэль дадасьць да сямі мільёнаў яшчэ нейкія сумы.

Перамовы аб рэадмісіі з Брусэлем вядзе Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Аляксей Бягун па выніках апошніх перамоваў заявіў пра папярэднюю згоду Эўразьвязу даць беларускаму боку на вырашэньне праблемы амаль тры гады. Чыноўнік сказаў, што «сёлета ўсё можа быць парафіравана» і зьявіцца магчымасьць на пачатку наступнага году прасьцей рухацца ў шэнгенскую зону.

Другая праблема — гэта дыпляматычныя пашпарты. Па ёй перамовы вядзе Міністэрства замежных спраў. Брусэль бачыць у гэтай праблеме некаторыя нюансы. Дыпляматычныя пашпарты ў Беларусі выдаюць ня толькі супрацоўнікам МЗС і амбасадаў, але і іншым катэгорыям дзяржаўных служачых: дэпутатам, урадоўцам... А гэта значна большая колькасьць людзей, якая выходзіць за рамкі дыпляматычных пагадненьняў. Таму Эўразьвяз хоча атрымаць гарантыі бясьпекі дыпляматычных пашпартоў. І такую гарантыю яны бачаць у біямэтрычных пашпартах. А калі няма біямэтрычнага пашпарта, вы ня можаце скарыстацца бязьвізавым рэжымам. Але беларускія ўлады кажуць: давайце пачакаем, пакуль мы не пачнём пераходзіць на новыя пашпарты.

Таму я ня ўпэўнены, што з будучага году ўезд беларусаў у Эўразьвяз стане лягчэйшым.

Валянцін Жданко: Урады тых постсавецкіх краін, якія сапраўды жадалі спрасьціць сваім грамадзянам паездкі на Захад, даўно вырашылі гэтае пытаньне — хто пяць, хто дзесяць год таму. Гэта зрабілі і Расея, і Ўкраіна, і краіны Закаўказьзя. А беларускія ўлады дзесяцігодзьдзямі ўсё вядуць перамовы, спасылаючыся на бясконцыя праблемы і цяжкасьці. Насамрэч тут, на маю думку, толькі адна прычына: нежаданьне рэжыму спрашчаць людзям паездкі на Захад, імкненьне абмежаваць выезд сваіх грамадзян за мяжу і адначасова атрымліваць прыбытак ад продажу дарагіх беларускіх візаў замежнікам.

Беларускія ўлады дзесяцігодзьдзямі ўсё вядуць перамовы, спасылаючыся на бясконцыя праблемы і цяжкасьці

Прыблізна такая ж сытуацыя і з малым памежным рухам. Урады Літвы і Польшчы ўжо даўно ратыфікавалі ўсе неабходныя дакумэнты. А ў Беларусі ўсё спасылаюцца на нейкія «тэхнічныя цяжкасьці». Хоць для ўсіх відавочна, што «тэхнічныя цяжкасьці» зводзяцца да боязі таго, што жыхары Горадні і Берасьця з дарагога беларускага шырспажыву канчаткова пяройдуць на танны польскі.

Карбалевіч: Так, адна з праблемаў у перамовах была тая, што беларускі бок прасіў адтэрміноўкі ўступленьня дамовы аб рэадмісіі на тры гады. Менавіта такі тэрмін ЭЗ даў у свой час Украіне. Аднак тады ў Эўропе не было міграцыйнага крызісу, а цяпер гэта стала вялікай праблемай для ЭЗ. Таму Брусэль і ўпарціўся. Ня думаю, што цяпер ЭЗ дасьць Беларусі тры гады. Думаю, будзе дасягнуты нейкі кампраміс, нейкая адтэрміноўка будзе, але трохі меншая, чым тры гады.

Галоўная праблема пры атрыманьні беларусамі шэнгенскай візы — гэта грувасткая працэдура іх атрыманьня

А біямэтрычныя пашпарты і ІD-карты зьявяцца ў Беларусі ў канцы 2019 году, а ў 2019 годзе іх пачнуць выдаваць усім грамадзянам, а ня толькі дыпляматам.

На мой погляд, галоўная праблема пры атрыманьні беларусамі шэнгенскай візы — гэта ня столькі кошт візаў, колькі грувасткая працэдура іх атрыманьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG