Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кабякоў вельмі ня хоча быць адпраўленым у адстаўку», — Раманчук


Андрэй Кабякоў, архіўнае фота
Андрэй Кабякоў, архіўнае фота

Прэмʼер-міністар Андрэй Кабякоў заявіў, што Беларусь вяртаецца «на траекторыю эканамічнага росту», а «прамысловасьць рэальна ажыўляецца».

«Паводле апэратыўных зьвестак Белстата, за чатыры месяцы ВУП маем 97%. За красавік мы прырасьлі на 0,6 адсоткавага пункта. У выніку ў нас назіраецца досыць пасьлядоўны шэраг: студзень — 95,7%, студзень-люты — 96%, першы квартал — 96,4%, чатыры месяцы — 97%. У прынцыпе, у наяўнасьці пэўная дынаміка вяртаньня на траекторыю эканамічнага росту».

Такую заяву зрабіў прэмʼер-міністар Андрэй Кабякоў 17 траўня на пасяджэньні Савету міністраў, на якім разглядаліся вынікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця ў першым квартале 2016 году.

Паводле прэмʼер-міністра, удакладнены сцэнар для Беларусі на 2016 год грунтуецца на кошце нафты 35 даляраў за барэль (прагназавалася 50 даляраў за барэль) і сярэднегадавым курсе расейскага рубля 75 за даляр (прагназавалася каля 63 за даляр).

Пры такім сцэнары гадавы разрыў фінансаваньня бюджэту ацэньваецца ў абʼёме 27 трлн беларускіх рублёў, паведаміў Кабякоў.

«Таксама плянавалася, што ў Расеі як асноўнага гандлёвага партнэра Беларусі эканоміка будзе не зьмяншацца, а захаваецца на ўзроўні 100%, але фактычна — 98,8%. Мы меркавалі, што сярэднегадавы курс беларускага рубля да даляра будзе на ўзроўні 18 689 рублёў, але ў першым квартале сярэдняе значэньне (курсу) беларускага рубля склала 20 755 рублёў за даляр», — сказаў Андрэй Кабякоў.

Паводле Кабякова, прамысловасьць Беларусі рэальна ажыўляецца:

«Агульнае зьніжэньне абʼёмаў прамысловай вытворчасьці па ўсіх галінах за чатыры месяцы склала 2,5%. Ёсьць прыкметная тэндэнцыя да аднаўленьня абʼёмаў вытворчасьці. Штомесяц прырастаем на 1,2–1,8 працэнтнага пункта. Гэта зьвязана ня толькі з эфэктам нізкай базы, але і з тым, што гэты сэктар рэальна ажыўляецца».

Прэмʼер-міністар Беларусі даручыў спыніць выпадкі неабгрунтаванага павышэньня заробкаў на дзяржаўных прадпрыемствах:

«Шэраг дзяржаўных прадпрыемстваў, якім аказваецца дзяржпадтрымка, за кошт росту цэнаў спрабуюць паправіць сваю эканоміку, не зьніжаючы выдаткі. На фоне некаторай актывізацыі попыту яны актыўна сталі павялічваць заработную плату, што катэгарычна няправільна.Калі рост заробкаў адбываецца на аснове рэальных рынкавых вынікаў працы, то пытаньняў няма. Але калі асобныя прадпрыемствы раптам вырашылі падняць зарплату, седзячы пры гэтым на ігле дзяржпадтрымкі, у той час як устаноўлены жорсткія нарматывы па зарплаце ў бюджэтнай сфэры, а пэнсіі і дапамогі растуць вельмі ўмерана — гэта недапушчальна. Адпаведныя даручэньні па спыненьні падобнай практыкі мной дадзены».

Паводле Кабякова, ва ўмовах няпростай эканамічнай сытуацыі забясьпечана фінансавая і валютная стабільнасьць, захоўваецца гнуткі валютны курс.

«Хоць інфляцыя і не ідзе сынхронна за дэвальвацыяй, што зьяўляецца станоўчай тэндэнцыяй, яе ўзровень выклікае занепакоенасьць. За чатыры месяцы маем 6,4%», — цытуе БелТА прэмʼер-міністра.

Чым можна патлумачыць аптымізм Кабякова: «эканоміка Беларусі вяртаецца на траекторыю росту», «прамысловасьць Беларусі рэальна ажыўляецца»? Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук пракамэнтаваў Свабодзе гэтыя заявы:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Прамысловасьць упала на 2,5%, дык гэта ў яго ажыўленьне?! Ці што? Гэтыя заявы сьведчаць пра адно, што спадар Кабякоў вельмі ня хоча быць адпраўлены ў адстаўку. Але ўсё гэта супярэчыць пасяджэньню ў Лукашэнкі наконт скарачэньня выдаткаў бюджэту прынамсі на 10%. Гэта значыць, што разьлічваць на мінімальнае ўзрастаньне ВУП няма магчымасьці.

Мы маем мінус 3% ВУП за чатыры месяцы. Гэта азначае, што ў нас няма ніякіх падстаў казаць, што эканоміка пайшла ў рост. Гэта вельмі аптымістычная заява, якая мне нагадвае клясычнае пракаповіцкае — „пры мне дэвальвацыі беларускага рубля ня будзе“. Калі паглядзець на статыстыку, крыху больш там трактароў зрабілі, але зрабілі таму, што далі крэдыты нашым заводам. А хто гэта купляе? На гэтае пытаньне адказу няма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG