Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няўжо ўсе вэтэраны так жывуць? Ці толькі я адзін?»


Відзеўшчына. Маладэчанскі раён.
Відзеўшчына. Маладэчанскі раён.

У вёсцы Відзеўшчына, што ў Маладэчанскім раёне, знаходзіцца самы праўдзівы, самы алегарычны, самы, не пабаюся сказаць, інтэрактыўны знак пашаны з боку сёньняшняй дзяржавы да вэтэранаў вялікай вайны.

Адразу на ўезьдзе ў вёску з боку Краснага падарожнік бачыць кароўнікі, на адным зь якіх мясцовы мастак намаляваў ордэн ордэн Айчыннай вайны з гвардзейскаю стужкаю.

Але ж гэта толькі фасад усяго помніка. Бо за маляваным ордэнам жыве кавалер ордэна Славы, вэтэран Аляксандар Купрыновіч. У госьці да яго мяне паклікаў краязнаўца Аляксандар Раткевіч.

Мы стаім каля вэтэранскай хаты, побач зь якой фэрма вырыла яміну для гною.

Аляксандар Раткевіч
Аляксандар Раткевіч

— Бачыш? Багацьця беларускага колькі? Колькі ў нас гэтага дабра? Проста нейкі гноемагільнік. А смуродзішча якое? Нос аж на патыліцу заварочвае. Вось яна — квітнеючая Беларусь.

Прызнацца, я такое бачу ўпершыню — каб фэрму пабудавалі так блізка да жытла. Дом Купрыновіча за нейкія трыццаць мэтраў ад фэрмы. Прычым хата ўнізе, а кароўнікі на гары. Пабудавалі фэрму ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя. І гной заўжды спраўна вывозілі. Але напрыканцы 90-х вывозіць палічылі эканамічна нявыгадным. І з той пары віншуюць вэтэрана і ў сьвяты, і ў будні.

Гаворыць унучка Аляксандра Купрыновіча — Валянціна:

— А якое можа быць рашэньне гэтай праблемы з фэрмай? Каб, як раней, у 80-я, гной проста вывозілі?

— Ну, вядома. Было раз такое, што ўстала раніцай, а ўвесь гарод зацёкшы. Аж пад ганак. Празь верх. Усё было ў арганіцы.

Ганна Цянюта
Ганна Цянюта

З дому тым часам выйшла жонка вэтэрана, Ганна Цянюта.

— Вэтэран вайны. Няўжо гэтае слова нічога ня значыць? Сядзі і ты ў г...

Аляксандру Фёдаравічу 90 гадоў. Трымаецца малайцом. Не губляючы пачуцьця гумару. Яго мабілізавалі ў 44-м.

Аляксандар Купрыновіч
Аляксандар Купрыновіч

— Усе пайшлі. Каму ад васямнаццаці і да сарака чатырох. Трыццаць два чалавекі нас пайшло. А не вярнулася трынаццаць.

Пагаварыць з сапраўдным вэтэранам — гэта з кожным годам становіцца ўсё большай удачай. Іх усё радзей сустрэнеш на афіцыйных парадах, дзе ў асноўным дэфілююць адстаўнікі Савецкай Арміі.

— Былі ў нас палітзаняткі. І адзін баец кажа. «Калі мы вызвалілі Бэрлін». Адзін палітработнік кажа: «Шубін, гэта няправільна. Мы Бэрлін не вызвалялі. Мы яго бралі. Гэта варожая сталіца». А той яму: «Таварыш капітан. А скажыце, каго болей было ў Бэрліне? Немцаў ці людзей з усёй Эўропы?» Той падумаў-падумаў. «А ўсё ж такі ты, Шубін, маеш рацыю. Баўгары, югаславы, французы, бэльгійцы. Каго там не было толькі. Нашы беларусы, украінцы».

Наколькі прыязна Купрыновіч распавядае пра Бэрлін, настолькі ж неахвотна ўспамінае Варшаву. Дзе ў прадмесьці Прага савецкія войскі стаялі паўгода, пакуль гітлераўцы авіяцыяй і танкамі ператваралі польскую сталіцу ў Картаген.

— Паўгода стаяў фронт?

— Са жніўня па студзень.

— Вы чулі што ў Варшаве ідуць баі?

— Мы рыхтаваліся. У нас усё было напагатове. І 14-га студзеня пайшлі ў наступ.

— А там былі баі?

— А як жа.

— А вам казалі што-небудзь палітрукі? Чаму армія стаіць?

— Што польская армія падзялілася. На Армію Краёву і на Армію Людову. І нашы ня вельмі хацелі дапамагаць Арміі Краёвай. А што мы, салдаты, ведалі?

— І вы паўгода стаялі.

— Вучэньні, вучэньні і вучэньні. Ад зьмярканьня да зьмярканьня. Але ж гэта някепска. Мы ж былі неабучаныя. Нам пасьля было лягчэй у баях.

— Перад наступленьнем на Бэрлін батальён быў цалкам укамплектаваны. А напрыканцы вайны ад батальёна засталося трынаццаць чалавек.

У Бэрліне cтраты маглі быць і большыя, каб Аляксандар ня зьдзейсьніў подзьвіг. Самы сапраўдны подзьвіг. Уратаваў таварыша, і пры гэтым сам нікога не забіў.

— Неяк нас паслалі ў Бэрліне заняць пяціпавярховы дом. Ну, мы пахадзілі, пахадзілі. Немцаў няма. І раптам галавы не пакажаш. Страляюць аднекуль. Старшы сяржант кажа: «Я пабягу, за будку схаваюся». Ён пабег за тую будку. А за ім прыбягаю. Бачу — сядзіць мой таварыш з аўтаматам. А на яго немец вінтоўку навёў. Я прыкладам таго немца па касцы. Каска паляцела ў адзін бок, немец у другі. Я вінтоўку ягоную на руку і пайшоў. Пасьля пытаюся ў таварыша: «Зубенка, чаму ж ты не страляў?» — «Ведаеш, аўтамат заклініла». Але чаму немец не страляў у яго? Мне ўжо не было куды раздумваць.

— А чаму вы не стралялі ў немца?

— Так разгубіўся, што няма чаго і сказаць. «Я столько раз видала рукопашный. Раз наяву. И тысячу — во сне. Кто говорит, что на войне не страшно, тот ничего не знает о войне». Хто ваяваў, а хто ў кустах сядзеў. І пакуль мы вярнуліся, нехта ўжо сабе пасады пазнаходзіў. Гэта крыўдна.

Відзеўшчына
Відзеўшчына

На маё традыцыйнае пытаньне, чаго папрасіць у Лукашэнкі, вэтэран пажадаў немагчымага.

— А калі б у вас была магчымасьць штосьці папрасіць у нашага самага галоўнага начальніка, што б вы папрасілі?

— Папрасіў, каб начальнікі ня крыўдзілі рабочых.

Жывых удзельнікаў Другой сусьветнай засталося менш за 10000 чалавек. Здавалася б, да іхных праблемаў павінна быць асаблівая ўвага.

— Адзіны ваш козыр — вы жывяце. Жыве вэтэран. Вас засталося некалькі тысяч чалавек.

— Паперу напісалі. Што ўсё цудоўна, усё зроблена. Прыяжджаў эколяг.

— Вунь шыльдачку новую далі. Тут жыве вэтэран вайны. Ці ўсе так вэтэраны жывуць? Ці толькі я адзін?

— Вы пад надзейнай аховай. Да вас бандыты не залезуць.

— Вы яшчэ не губляеце пачуцьця гумару? Гэта добра.

Гэта «пісьмо шчасьця» ад Маладэчанскага райвыканкаму.

— Чакаюць, усе чакаюць, калі дзед памрэ. Жывіце доўга!

— Да ста гадоў. Перажывіце ўсіх начальнікаў.

— Я хачу да ста дзесяці. Але ж гэта цяжка ў наш час.

Я ня веру, што кіраўніцтва «Забудова-Агра» пойдзе насустрач вэтэрану і гной ізноў, як пры савецкай уладзе, пачнуць вывозіць. Я веру ў тое, што Аляксандар Купрыновіч перажыве і гэтую фэрму, і ня толькі яе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG