Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы IT-мэнэджэр за грошы запісвае ўспаміны бабуляў


Яўген Бойка
Яўген Бойка

Яўген Бойка з Магілёва знайшоў незвычайны спосаб зарабіць. Хлопец мяркуе, што ўнукі і дзеці могуць плаціць за інтэрвію са сваімі старэйшымі роднымі.

Дзед усяму навучыў

Яўгену Бойку 29 год. Ён скончыў гістфак у Познані, працаваў мэнэджэрам у ІТ-кампаніі, займаўся пастаўкамі малочнай прадукцыі. А з пачатку 2017 году ў яго зьявіўся новы занятак — на замову кліентаў ён запісвае інтэрвію зь іхнымі вясковымі бабулямі і дзядулямі ды мантуе дакумэнтальныя стужкі.

«Відэаінтэрвію — найлепшае адлюстраваньне душы чалавека і цудоўны спосаб захаваць памяць. Зьвяртайцеся!» — гаворыцца ў прамацыйным тэксьце Яўгена Бойкі ў сацсетках.

Яўген нарадзіўся ў Магілёве. Як і большасьць беларускіх гарадзкіх дзяцей, лета праводзіў на вёсцы ў бабулі зь дзядулем. У ягоным выпадку — непадалёк Маларыты на Берасьцейшчыне. Футбол, рыба, паездкі на ровары па палях, цяжкая гаспадарчая праца пад дзедавым наглядам — поўны набор.

«Сена касілі, аралі, усё рабілі. Пад прымусам, але дзед усяму навучыў», — кажа Яўген Свабодзе.

Дзед расказваў унуку пра ваўкоў, фантастычныя вобразы і мноства іншага. Яўген настолькі ўразіўся гэтымі гісторыямі, што паехаў у этнаграфічную экспэдыцыю ад унівэрсытэту ў Бялыніцкі раён. А праз год — ізноў туды. Але ўжо самастойна, зь сябрамі.

«На жаль, мы тады бабуляў вельмі дрэнна запісалі. Падвяла тэхніка. І батарэйкі разрадзіліся. А яны нам песьні рэдкія сьпявалі, пра абрады расказвалі. У выніку запісалі на тэлефон. Атрымалі досьвед», — кажа Бойка пра сваю першую самастойную экспэдыцыю. Пасьля былі паездкі па ўсёй краіне, яшчэ большае захапленьне беларускай культурай.

«Мы ж толькі прыадкрываем цяпер сваю спадчыну. У нас вельмі аптымістычная культура, вельмі жартаўлівая», — кажа Яўген.

Пасьля гістфаку пайшоў у ІТ і бізнэс

Пасьля выбараў 2006 году і некалькіх гадоў палітычнай актыўнасьці Яўгена Бойку адлічылі з гістарычнага факультэту Магілёўскага ўнівэрсытэту. Хлопец едзе ў Познань і давучваецца там на гістарычным факультэце ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча.

У 2013 годзе Яўген вярнуўся ў Беларусь, адразу ажаніўся, а пасьля пайшоў на працу. Прычым калі раней у асноўным займаўся грамадзкай ды навуковай дзейнасьцю (у Студэнцкім этнаграфічным таварыстве і ў Архіве вуснай гісторыі), то цяпер падаўся ў бізнэс.

«Спатрэбілася працаваць, і я пайшоў. Спачатку падпрацоўкі былі, потым стаў мэнэджэрам у IT-кампаніі. Потым у Imaguru, затым у яшчэ адной кампаніі. Займаўся пастаўкамі малочнай прадукцыі, — кажа пра свае прыгоды Яўген Бойка. — І дзякуй богу, што я туды трапіў. Бо пабачыў, што такога ёсьць у бізнэс-структурах, чаго бракуе грамадзкім арганізацыям».

Сярод такіх рэчаў Бойка называе маркетынг, мэтадалёгію працы зь людзьмі, гашэньне канфліктаў паміж супрацоўнікамі, адмову ад вэртыкалі кіраваньня.

А вось як Яўгену прыйшло ў галаву спалучыць даўняе захапленьне зь бізнэс-праектам:

«Я свайго захапленьня этнаграфічнымі паездкамі ня кідаў. Паралельна займаўся. То туды паедзем, то сюды, то яшчэ што. Я на такіх умовах працаваў, што меў 3-4 вольныя дні, — кажа Яўген. — І я пабачыў, як шмат агульнага ў грамадзкай дзейнасьці і бізнэсу. У выніку любая грамадзкая дзейнасьць пераходзіць у бізнэс у той ці іншай ступені».

«Тое, што прапаноўваем мы, робіць жыцьцё людзей поўным»

У 2016 годзе знаёмыя папрасілі, каб Яўген запісаў сямейныя гісторыі іхніх сваякоў на вёсцы. Адзін, другі раз. І вось у студзені Бойка ўпершыню зрабіў камэрцыйную этнаграфічную экспэдыцыю. На замову ён зьезьдзіў, пагаварыў са сваякамі кліента. Усю размову запісаў на відэа і потым зрабіў з гэтага дакумэнтальную стужку.

Па словах Яўгена, запісваць старых нескладана. Яны больш ахвочыя да размоваў, чым маладыя. Людзі разумеюць, што неўзабаве мусяць адысьці, і стараюцца падзяліцца тым, што ведаюць і памятаюць.

Звычайна дзеці і ўнукі ўпэўненыя, што ведаюць пра сваіх бацькоў і дзядоў усё. Але Яўген часам запісвае абсалютна невядомыя сваякам гісторыі.

«Часам такія рэчы выплываюць, людзі расказваюць тое, чаго нікому ніколі не гаварылі. У іх ніхто не пытаўся, альбо не лічылі патрэбным проста», — кажа Яўген Бойка.

Інтэрвію на тэмы этнаграфіі ды гісторыі Бойка разам зь сябрамі запісаў больш за сотню. На камэрцыйнай аснове — пакуль толькі тры. Робіць ён гэта на замову маладзейшага пакаленьня. Цана залежыць ад фармату і працягласьці, запіс можа каштаваць да 250 эўра.

«Мы запісваем на відэа ўспаміны людзей сталага веку — нашых матуль й бабуль, дзядоў і татаў. Робім гэта дзякуючы біяграфічнаму й сьветапогляднаму інтэрвію, — так Бойка прадстаўляе свой праект у сацсетках. — Вынік — дакумэнтальная стужка, дзе блізкі чалавек поўнасьцю апісвае свой жыцьцёвы шлях і досьвед».

Цяпер асноўны занятак Яўгена — праца бізнэс-кансультантам. Адначасова ён разьвівае свой бізнэс-праект па запісе сямейных гісторый. Працуе збольшага самастойна, але ў складаных выпадках часам запрашае дадатковых спэцыялістаў па мантажы.

«Двойчы я працаваў па адным дні. Апошні раз я працаваў два дні, два разы прыяжджаў да чалавека. Падчас працы мы прыйшлі да таго, што запіс трэба разьбіваць на гадзінныя адрэзкі, дадаваць тытры. Агулам адзін чалавек зь перапынкамі можа гаварыць 4–6 гадзін», — расказвае Яўген Бойка.

Па словах Бойкі, найлепш разумеюць неабходнасьць зафіксаваць на відэа ўспаміны сваіх родных тыя, хто гэтага зрабіць ужо ня зможа, чые родныя ўжо сышлі. Гэтым людзям нічога ня трэба абгрунтоўваць.

«Людзі будуць плаціць за тое, што хтосьці вырашае іхнія праблемы. Альбо робіць іхняе жыцьцё больш прыгожым, больш паўнавартасным. Тое, што прапаноўваем мы, робіць жыцьцё людзей поўным», — кажа Яўген.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG