Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Мікус: У Беларусі няма каму гаварыць ад імя архаікі


Алесь Мікус

Выйшаў у сьвет першы выпуск альманаху «Svajksta», вакол якога згуртаваліся прыхільнікі этнічнай рэлігійнасьці (паганства). Чым прыцягальны для сучаснага чалавека дахрысьціянскі сьветапогляд? Госьцем перадачы — рэдактар выданьня Алесь Мікус.

— Алесь, «Svajksta» — таямнічае слова, якое патрабуе тлумачэньняў. Ці не адпіхваеце вы гэтым чужаслоўем на вокладцы сваіх патэнцыйных прыхільнікаў?

— Сапраўды, слова «svajksta» не зь беларускай мовы, яму ў нас найбольш адпавядае «зьвязда». «Svajksta» — слова-знак, яно ў старажытнапрускай мове азначала «сьвятло». Назваўшы так свой альманах, мы паказваем сваю роднаснасьць з прусамі, літоўцамі, латышамі. Даўней гэта ўсё ўяўляла зь сябе адзін вялікі абсяг.

— Растлумачце, навошта ўвогуле сучаснаму чалавеку паганства?

— А навошта сучасныя людзі ў храмы ходзяць? Усё ж у сеціве ёсьць, з прыгожымі карцінкамі. Гэта няпроста растлумачыць. Калі, напрыклад, адведваеш нейкі сьвяты валун ці прыходзіш да сьвятой крыніцы, у гэты момант унутры цябе адбываюцца нейкія зьмены. У кагосьці гэта адбываецца ў храме. На першы погляд, розьніца не асабліва вялікая, яна хіба толькі ў сродках. Але калі пачынаеш заглыбляцца, то адкрываюцца больш пракаветныя і цікавыя нюансы. На нашых землях, у нашым народзе да гэтай пары захоўваецца архаіка, якой няма ў нашых суседзяў. Тая ж Радаўніца. Людзі ідуць на могілкі, людзі ядуць на могілках, засьцілаюць на магілах абрусы, вешаюць на крыжы фартучкі, ручнічкі, нітачкі — так яны сваім дзядам абнаўляюць вопратку. Есьці зь дзядамі, вопратку ім абнаўляць — гэта неверагодная архаіка.

— Хрысьціянства і паганства ў Беларусі моцна пераплялося, адна традыцыя наклалася на другую. Мне ўспамінаецца, як Рыгор Барадулін называў сябе «кшчоным паганцам». Дык можа, у гэтым перапляценьні і ёсьць наша ўстойлівая будучыня?

— Пераплялося сапраўды моцна, гэтага ніяк не адмовіш. Прычым, пераплялося, як нешта жывое, як жывая расьліна, якая расла, сутыкаючыся зь перашкодамі, і сфармавалася так, як сфармавалася. Мінуўшчыны назад ня вернеш. Іншая рэч — сёньня ў нас падчас хрысьціянскіх службаў гаворыцца: сьвятая зямля Ізраіль, сьвяты горад Ерусалім. А нашая зямля — хіба не сьвятая? І такіх прыкладаў можна было б прывесьці шмат. Ну так, усё пераплялося, так, у нас за сьпіной не адна сотня гадоў хрысьціянскага разьвіцьця — Скарына, Цяпінскі, Ляшчынскі, Радзівілы... Але, з другога боку, ёсьць людзі, якія сёньня схільныя ўключацца ў абсяг этнічнай рэлігійнасьці (я гэта так называю). Можна гэта называць паганствам ці язычніцтвам, сутнасьць не мяняецца. Галоўнае ў тым, як чалавек сябе адчувае ля агню ці падчас навальніцы, калі сьвігавіцы бліскаюць.

Падчас хрысьціянскіх службаў гаворыцца: сьвятая зямля Ізраіль, сьвяты горад Ерусалім. А нашая зямля — хіба не сьвятая?

— У сваім альманаху вы прыводзіце цікавыя лічбы. Аказваецца, на Радаўніцу ў Беларусі могілкі адведвае больш за мільён чалавек. А пік быў у 2014 годзе — 1 600 000. З чым зьвязаны такі скачок? Ці тут уся справа ў прыблізным падліку?

— Са стоадсоткавай упэўненасьцю пацьвердзіць гэтыя лічбы нельга. Але яны з году ў год агучваюцца Міністэрствам унутраных справаў, у якога для такіх падлікаў ёсьць пэўныя інструмэнты. Так, факт застаецца фактам, у 2014 годзе, калі разгарэўся расейска-ўкраінскі ваенны канфлікт, колькасьць беларусаў, якія прыйшлі на магілы сваіх продкаў, істотна павялічылася. З майго гледзішча, людзі шукаюць абароны на могілках. Вайна непадалёку ад Беларусі, а нашыя людзі ня зброю захоўваюць, а — едуць на могілкі. Можа, яны гэта і несьвядома робяць, прыслухоўваюцца да нейкага імпульсу ўнутры.

— На старонках «Svajkstу» вы супрацьпастаўляеце хрысьціянскае Раство і паганскую Радаўніцу. Але ці такая яна суцэльна паганская? У гэты ж дзень на могілкі прыходзяць сьвятары, асьвячаюць магілы. Тут таксама адно да аднаго прыклалася.

— Прыклалася, але Радаўніца больш старажытная за само хрысьціянства. Сёньня гэтае слова людзі схільныя выводзіць ад «радасьці», ад «радавацца». Але ёсьць досыць пераканальнае меркаваньне, што Радаўніца зьвязаная зь літоўскім «raudoti», латыскім «raudât», што значыць — аплакваць, рыдаць. Людзі ж ідуць на могілкі ня дзеля таго, каб выпіць ці паесьці. Яны запрашаюць душы дзядоў есьці разам. Так, хрысьціянскія сьвятары ўключылі Радаўніцу ў свой абсяг, праўда, яны забараняюць ядзеньне на могілках. Але гэта ня што іншае, як яднаньне жывых з памерлымі, зь дзядамі. Тут можна яшчэ восеньскія Дзяды прыгадаць. На Дзяды сьвет сьціскаецца да памераў хаты, і людзі запрашаюць дзядоў у хату, да сябе ў госьці. А ўвесну людзі ідуць на могілкі, у госьці да дзядоў.

Валун-ахвярнік
Валун-ахвярнік

— Апошнім часам ідэі паганства заўважна пашырыліся ў нашых паўночных суседзяў — у краінах Прыбалтыкі. А ці можна казаць пра нейкія арганізаваны паганскі рух у Беларусі?

— Арганізаванага руху ў нас няма. Хоць дваццаць з гакам гадоў існуе вядомы Цэнтар этнакасмалёгіі «Крыўя», які ў свой час стварылі Сяргей Санько і Хведар Кашкурэвіч. І вакол цэнтра гуртавалася даволі шмат людзей. Што тычыцца нашых суседзяў — Літвы і Латвіі, то ў іх гэтыя рухі зьявіліся ўжо даўно. Шыдлаўскас у Літве сто гадоў таму стварыў свой рух, у Латвіі — Брастыньш. А ў нас нейкія зярняткі можна знайсьці хіба ў працах Вацлава Ластоўскага. Вось, бадай, і ўсё. Але тут ёсьць адзін цікавы момант. У тых жа Літве і Латвіі такога жывога фальклёру, як у нас, ужо амаль няма. А ў Беларусі шмат архаікі, але ад яе імя ніхто, за рэдкім выняткам, не гаворыць. Такім чынам, у Літве і Латвіі ёсьць сьпікеры, якія гэта фармулююць, але ў іх праблема — ад чыйго імя фармуляваць. А ў нас ёсьць, ад чыйго імя гаварыць, але няма сьпікераў.

— Леташняй пастановай Савету Міністраў № 607 былі выведзеныя з-пад дзяржаўнай аховы дзясяткі старадаўніх курганоў і гарадзішчаў. Яны раскопваюцца, разбураюцца. А ці вядомыя вам факты, каб людзі паўставалі на абарону нейкіх паганскіх помнікаў?

— Літаральна ўчора я вярнуўся з Пружаншчыны, са сваёй малой радзімы. Там у вёсцы Каштанаўка ёсьць сядзіба шляхцюкоў Дзяконскіх. Ля гэтай сядзібы ляжаў старадаўні валун — з выгляду падобны на каменную лаву. Мясцовы старшыня калгаса вырашыў забраць яго сабе на лецішча, у суседнюю вёску Клятное. Прыгнаў тэхніку і сьцягнуў той валун. І ў той жа дзень мясцовыя людзі паднялі галас, пачалі званіць у аддзел культуры, у міліцыю. І праз два дні старшыня мусіў вярнуць камень на месца. Можна таксама прыгадаць, як летась у вёсцы пад Лагойскам царкоўнікі зьбіраліся сьцягнуць вялікі валун, каб выкарыстаць яго ў якасьці пастамэнту для нейкай сваёй статуі, але мясцовыя людзі ўпёрліся і не далі. Валун — сымбаль дужа цікавы. У нашых легендах ён сымбалізуе першаяйка ў вялікім першаморы.

Паганскі абрад каля стода Перуна
Паганскі абрад каля стода Перуна

— Прыканцы нашай гутаркі давайце зьвернемся да сучаснасьці. Нядаўна вы ўзялі ўдзел у марафоне салідарнасьці з тымі, хто апынуўся за кратамі пасьля 25 Сакавіка. Там гучала і вашая дуда. Чаму вы не прайшлі міма гэтай акцыі?

— Таму што людзі, якія апынулія за кратамі, яны — зь іскрай у душы, яны маглі б узьняць народ. Гэтыя людзі вартыя ўзначальваць нашае войска, выканкамы, займаць іншыя кіроўныя пасады. Старыя легенды нездарма гавораць, што сьвет стварыўся зь Перуновай іскры. Дык вось, гэтая іскра ў некаторых людзях ледзь тлее, а ў людзей, што трапілі за краты, яна жывая. Такіх людзей у любым грамадзтве няшмат. І калі нехта хоча заглушыць сілу народу, ён спрабуе найперш заглушыць людзей зь іскрай у душы. Вось таму я і паўдзельнічаў у марафоне салідарнасьці.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG