Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярашук: «Пасьля таго, што адбылося зь Бяляцкім, трэба было рабіць высновы»


Аляксандар Ярашук, архіўнае фота

2 жніўня Лідэра Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука дапыталі ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю. Ён сказаў, што правёў у дэпартамэнце гадзіны паўтары.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Ярашук паведаміў, што ён даў паказаньні, падпісаў іх, і на гэтым «пакуль пастаўлена кропка».

— Яны паклалі лісты, якія тычацца сумнавядомага праекту з дацкім прафсаюзам «3F», супраць якога я ў свой час вельмі жорстка выступаў. Гэта праект, які нясе пагрозу расколу, сэпаратызму і канфліктаў, што і адбывалася. Раскалоўся прафсаюз «РЭПАМ», сышоў Бухвостаў зь людзьмі, паколькі праект ажыцьцяўляўся ў небясьпечнай манэры.

Мне ў дэпартамэнце адразу сказалі, што да мяне ніякіх прэтэнзій няма. А тыя лісты яны, відаць, узялі з кампутараў, якія канфіскавалі — я ж ня мог адмовіцца, што я іх пісаў.

З-за гэтага і была ў нас унутраная напружанасьць у арганізацыі. І я баяўся, што рана ці позна мы прыйдзем да таго выніку, які сёньня маем. Бо асабліва пасьля таго, што адбылося зь Бяляцкім, трэба было рабіць нейкія высновы.

«Офісы прафсаюзаў зьяўляюцца недатыкальнымі»

— Наогул, тут дзьве праблемы. Першая — што тычыцца дзейнасьці ўладаў. Офісы прафсаюзаў зьяўляюцца недатыкальнымі, яны пад аховай Канстытуцыі і канвэнцыі МАП, якую падпісала Беларусь. І тут улады парушылі і Канстытуцыю, і законы, і канвэнцыю.

Другая — наша ўнутраная праблема, наша ўнутраная кухня, пра якую мы будзем весьці размовы, і якая зьяўляецца прадметам аналізу і высноў праваахоўных органаў. З улікам гэтых двух праблем мы будзем рэагаваць на тое, што адбываецца. Бо для мяне было відавочна, што пагроза існуе ня толькі з гледзішча ўнутранай сытуацыі для арганізацыі, але і з гледзішча таго, што трэба было больш адказна ставіцца да таго, што тычыцца рэалізацыі такіх праектаў.

— У адным з інтэрвію вы сказалі пра сваіх калегаў, што яны «наламалі дроў». Што гэта азначае?

— Канечне, наламалі. Гэта мякка кажучы.

«Праект ад пачатку быў рызыкоўны і небясьпечны»

— А ў чым сутнасьць таго праекту?

— Я не магу пра гэта казаць, бо гэта ўнутраная кухня. Але яны там не адзін мой ліст паклалі. Праект ад пачатку быў такі рызыкоўны, небясьпечны, што кіраўніцтва МАП звольніла чалавека, які прынёс яго ў Беларусь. Зь ім скасавалі кантракт, выплацілі велізарныя грошы за два гады працы, якую ён ужо ня вёў. Гэта агульнавядома ў міжнародным прафсаюзным руху, што адбывалася такая безадказнасьць і правакацыйнасьць. Я прапаноўваў зрабіць гэты праект нармалёвым, каб ён ня нёс такіх пагроз. Але калі я ўбачыў, што раблюся закладнікам, я таксама для сябе выснову зрабіў. Арганізацыя наша моцная, яна перажыве нават такія пагрозы. Але ж я таксама нясу адказнасьць, бо я кіраўнік арганізацыі, частка якой сёньня, на вялікі жаль, апынулася ў такім стане.

— Камітэт дзяржкантролю сёньня патлумачыў сутнасьць прэтэнзій да прафсаюзных кіраўнікоў. Як вы іх пракамэнтуеце?

— Яны мне казалі пра гэта ў дэпартамэнце, пра нейкія яшчэ крыніцы. Я адразу адрэзаў, што я нічога ня ведаю, дзе, якія рахункі (яны казалі пра Вільню). Я сказаў, што абсалютна ня ўмешваўся ў гэта. Бо нашы арганізацыі самастойныя ў сваёй дзейнасьці ў адпаведнасьці са статутам. І калі мне было заяўлена, маўляў, вы ўсё добра ведаеце, я таксама рэзка адрэагаваў. Адзінае, я падпісаў (лісты ж ляжалі перада мной) там адзін сказ, што я лічыў праект небясьпечным, бо ён нёс рызыку канфліктаў, расколу і сэпаратызму ў незалежным прафруху. Гэта праявілася, і не адзін раз. А куды яны езьдзілі, дзе яны што мелі, я ня ведаю. Адбылося тое, што адбылося. Канечне, гэта вельмі прыкра, і мы будзем на гэта рэагаваць. Бо трэба даваць ацэнку і самому ўварваньню ў офісы, канфіскацыі і арышту маёмасьці і людзей.

— Вы кажаце, што праект працаваў на сэпаратызм і раскол. Як?

— Калі бліжэйшы калега Бухвостаў ня ведае пра гэты праект, і яны сядзяць у адной арганізацыі, ну што гэта, не пагроза? Ня рызыкі? Гэта нармалёва? І ў знак пратэсту ён мусіў са сваімі людзьмі сысьці з арганізацыі! Я цяпер не хачу, каб пад гэты лямант пра «крывавы рэжым» заплюшчваліся вочы... Трэба высновы рабіць. Калі здарылася з Алесем Бяляцкім — што, ня трэба было зрабіць высноў? Трэба было. Але не рабіліся.

— А ці можна параўноўваць гэтыя «справы Фядыніча ці Зіміна» са справай Бяляцкага?

— Я думаю, што там абвінавачваньні такога ж кшталту, калі зыходзіць з інфармацыі КДК. Яны ў гэтым сэнсе, напэўна, падобныя. А пра ўсё астатняе я не магу казаць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG