Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: Менгарвыканкам прыняў правільны і дзяржаўніцкі бок, дазволіўшы акцыю


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Заяўнікі акцыі пракамэнтавалі карэспандэнту Свабоды рашэньне менскіх уладаў адносна Дня Волі.

Адзін з заяўнікаў шэсьця і мітынгу ў Менску на 25 сакавіка, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што зьмена ўладамі часу правядзеньня акцыі створыць нязручнасьці для многіх патэнцыйных удзельнікаў. Аднак рашэньне менскіх уладаў пра дазвол акцыі ён назваў дзяржаўніцкім. Паводле Янукевіча, акцыя пройдзе пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Асноўны лёзунг акцыі — «Разам за мір і незалежнасьць!»

«Менгарвыканкам дазволіў правядзеньне дэманстрацыі і мітынгу, аднак пасунуў час на больш раньні, фактычна пасярод дня. Цяпер дазволены збор удзельнікаў з 15 да 16 гадзіны ля кінатэатру „Кастрычнік“, шэсьце па вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў з 16-й да 17-й гадзіны, і з 17-й да 18-й — мітынг у парку Дружбы народаў. Натуральна, калі — на пачатку яшчэ ня ў форме прынятага рашэньня, а ў форме прапановы — да нас зьвярнуліся прадстаўнікі гарвыканкаму, то мы сказалі, што гэта нязручна. Таму што гэта працоўны дзень, і для тых людзей, якія працуюць, гэта зробіць удзел у мерапрыемстве немагчымым. Аднак нас доўга спрабавалі пераканаць, што так будзе зручней і для саміх удзельнікаў мерапрыемства, бо, маўляў, у мінулым годзе мітынг амаль што ў прыцемках адбываўся, а так будзе дзённае сьвятло, і для прэсы гэта будзе зручней для правядзеньня фота- і відэаздымак. Таксама і для грамадзянаў, якія ня ўдзельнічаюць, гэта будзе зручней,бо бліжэй да вечара пачынаецца гадзіна пік і было шмат скаргаў у мінулым годзе, таму, маўляў, пераносіцца на больш раньні час.

Таксама нам паведамілі, што больш за 200 скаргаў Менгарвыканкам атрымаў з заклікам забараніць правядзеньне мерапрыемства. Я думаю, тут не абышлося бяз заклікаў і правакацыяў з боку расейскіх імпэрскіх рэсурсаў, якія заклікалі сваіх прыхільнікаў пісаць такія звароты ў гарвыканкам. Але добра, што Менгарвыканкам усё ж такі прыняў правільны і сапраўдны дзяржаўніцкі бок у гэтым пытаньні і ўсё ж такі мерапрыемства дазволіў. Хоць, вядома, тое, што яно ссунута на такі раньні час, створыць для шмат якіх патэнцыйных удзельнікаў складанасьці, каб удзельнічаць у акцыі. Але мы зьвяртаемся да тых, хто можа ўдзельнічаць, асабліва да моладзі, бо вучоба да гэтага часу павінна скончыцца ў пераважнай большасьці менскіх студэнтаў, — прыйсьці і за сябе, і за тых, хто з-за працы ня здолее прысутнічаць».

Традыцыйна ўлады пазначылі, што нельга выкарыстоўваць незарэгістраваную сымболіку, а таксама транспаранты, якія супярэчаць заканадаўству. Таксама ўлады заклікалі трымацца асноўнай заяўленай тэмы, а менавіта — угодкаў прыняцьця Трэцяй устаўной граматы БНР.

«То бок спасылка на Трэцюю ўстаўную грамату БНР утрымліваецца нават у рашэньні Менгарвыканкаму пра дазвол», — адзначыў Аляксей Янукевіч.

На наступным тыдні перад акцыяй міліцыя запросіць арганізатараў на асобную размову, каб абмеркаваць дэталі аховы парадку і забесьпячэньня бясьпекі ўдзельнікаў.

Марына Хоміч
Марына Хоміч

Адзін з заяўнікаў акцыі, лідэр «Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў» Марына Хоміч сказала карэспандэнту Свабоды, што 20 сакавіка будзе пасяджэньне аргкамітэту сьвяткаваньня і будзе выказана супольнае стаўленьне да рашэньня Менгарвыканкаму.

«Улады паказалі, што яны баяцца, што ў гэтым годзе на гэты Дзень Волі прыйдзе даволі шмат народу, і менавіта таму было прынятае такое рашэньне. Бо гэта працоўны дзень, у тры гадзіны ніхто прыйсьці ня зможа. І гэта вельмі ўплывае на колькасьць удзельнікаў. Яны гэта тлумачылі тым, што ў мінулым годзе мы вельмі позна скончылі мітынг, перашкаджалі людзям, якія ехалі з працы. Таму гэта трэба зрабіць, пакуль яшчэ людзі на працы. Я ім так і сказала: што вы зьдзекуецеся? Бо інакш гэта патлумачыць нельга».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG