Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пётра Ялфімаў выступіў на адкрыцьці «крымскага моста»


Пётра Ялфімаў, архіўнае фота

Беларускі сьпявак і прадусар Пятро Ялфімаў выступіў 15 траўня на канцэрце ў крымскай Керчы, прысьвечаным адкрыцьцю моста праз Керчанскі праліў.

Выступ Пятра Ялфімава быў анансаваны ў ліку ўдзельнікаў расейскага шоў «Голас» ад «каманды Леаніда Агуціна». Ганаровым госьцем сьвята быў Заслужаны артыст Расеі Дзяніс Майданаў.

На іншым, «асноўным» канцэрце ў гонар адкрыцьця моста ў той жа дзень выступалі Грыгорый Лепс, Аляксандар Маршал, Аляксандар Буйноў, сьпявачка Пелагея ды іншыя расейскія артысты.

Прадстаўніца Ялфімава, ягоная жонка Тацяна Касмачова, пацьвердзіла Свабодзе выступ беларускага сьпевака на тым канцэрце, але адмовілася ад інтэрвію. Сам Ялфімаў быў недасяжны для камэнтара — паводле Касмачовай, ён «заняты ў інстытуце, у студэнтаў».

Error rendering VK.

Касмачова сказала, што Пётра Ялфімаў «ня лезе ў палітыку» і, як кожны артыст, «за мір і шчасьце на плянэце, а любая збудаваная дарога — гэта шчасьце». Ці падрымлівае ён акупацыю Расеяй украінскай тэрыторыі, яна не адказала.

Керчанскі мост быў адкрыты 15 траўня з удзелам Уладзіміра Пуціна. Мост злучае анэксаваны Крым з тэрыторыяй Расеі. Яго будаўніцтва пачалося ў 2015 годзе. Генэральным падрадчыкам стала кампанія «Стройгазмонтаж» расейскага мільярдэра Аркадзія Ратэнберга, якога называюць блізкім сябрам Пуціна. Афіцыйны кошт дзяржаўнага кантракту — амаль 230 мільярдаў расейскіх рублёў (3,6 млрд $).

Керчанскі мост, 18 траўня
Керчанскі мост, 18 траўня

Пётра Ялфімаў кароткі час удзельнічаў у ансамблі «Песьняры», затым сьпяваў сольна, выдаў чатыры студыйныя альбомы. У 2004 годзе атрымаў Гран-пры на «Славянскім базары». У 2009 годзе прадстаўляў Беларусь на конкурсе «Эўравізія», не прайшоў у фінал, заняўшы 13-е месца ў паўфінале, але быў перакананы, што прасьпяваў вельмі добра (ахарактарызаваў гэта матам).

Міністэрства замежных спраў Беларусі раней тлумачыла, што «пазыцыя Беларусі ў дачыненьні Ўкраіны не памянялася ні на ёту», дагэтуль так і не сказаўшы, чый Крым. Украіна ня раз крытыкавала Беларусь за падтрымку Расеі ў «крымскім пытаньні» на міжнароднай арэне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG