Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Любы званок у дамафон — і Арына бяжыць з крыкам «Тата!» — як жыве сям’я зьняволенага ў СІЗА маладафронтаўца Яроменка


«Я ня ведаю, што ёй гаварыць. Калі сказаць, што адбылося насамрэч, яна не зразумее. Таму Арына ня ведае, дзе тата. Але шукае яго і заве. Яна прыносіць мне тэлефон і просіць яму пазваніць. Цяжка ёй даецца гэта. Яна не разумее, але адчувае, што нешта кепска», — жонка Ўладзя Яроменка Валянціна не змагла сказаць трохгадовай дачцэ Арыне, дзе яе тата.

Маладафронтаўца Ўладзя Яроменка затрымалі 23 сакавіка, калі ён быў у кватэры, якую наймае разам з жонкай Валянцінай і іхнай трохгадовай дачкой Арынай. Тое, што муж быў у кватэры падчас затрыманьня і ператрусу, Валянціна зразумела па заручальным пярсьцёнку, пакінутым на палічцы.

«Прапалі бел-чырвона-белыя і ўкраінскія сьцягі, майкі з надпісам „Тактычная група „Беларусь““, тэлефон і паўэрбэнк. Таксама я думаю, што забралі нейкія грошы, бо Ўладзь працаваў і нейкія грошы ў яго былі», — кажа Валянціна.

У час затрыманьня яна была ў Гомелі і зразумела, што мужа забралі, калі ў дамоўлены час ён ня выйшаў на сувязь. А ўвечары таго ж дня ёй пазванілі з КДБ і сказалі, што Ўладзь Яроменак затрыманы па падазрэньні ў крымінальным злачынстве, прадугледжаным ч. 3 арт. 293 (падрыхтоўка масавых беспарадкаў).

Распатрашылі цацкі

Падчас ператрусу ў кватэры паламалі дзьверы і шафу, распатрашылі Арыніны цацкі, залілі чорнай фарбай дыван.

«Усё перавернута было. Тое, як была скамечана і кінута на паліцы пяцірублёвая купюра, выглядае вельмі цынічна. Ва Ўладзя на момант затрыманьня грошы былі, і яны зьніклі. Цяжка ад таго, што я не прысутнічала падчас ператрусу і цяпер магу толькі здагадвацца, што тут адбывалася», — кажа Валянціна.

Зь ліста Ўладзя незразумела, што будзе далей

28 сакавіка сям’я атрымала першы і пакуль адзіны ліст з турмы на вуліцы Валадарскага, але па сутнасьці справы ў ім няма ніякай інфармацыі: «Ні ад адваката, ні зь ліста Ўладзя нічога не зразумела, што будзе далей».

Уладзь Яроменак раней казаў жонцы, што ў лістах нельга пісаць пра бытавыя ўмовы і якасьць ежы ў СІЗА — такую інфармацыю «замазваюць» цэнзары. Цяпер Валянціна старанна рыхтуе перадачы свайму мужу і іншым зьняволеным «маладафронтаўцам». Трэба ехаць на кірмаш ці ў краму, прывозіць прадукты, перапакоўваць усё ў плястыкавыя пакеты, затым везьці ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

Сям’ю забясьпечваў Уладзь, цяпер дапамагаюць неабыякавыя людзі

Уладзь Яроменак ня меў сталай працы. Валянціна — у дэкрэтным адпачынку. Сям’я жыла за кошт выпадковых заробкаў Уладзя: той браўся за ўсё, што траплялася — будаўнічыя і пагрузачныя працы, дастаўка.

«Уладзь утрымліваў сям’ю, цяпер мы засталіся фактычна без даходу. Існуём за кошт дапамогі, якую аказваюць часам нават і зусім незнаёмыя людзі — гэта і матэрыяльная, і маральная дапамога, нехта прапануе з дачкой пасядзець. Карацей, дапамагаюць па ўсіх франтах».

«Ваяр» — гэта хлопцы, гатовыя кінуцца на абарону Беларусі ў любы момант

Валянціна кажа, што ў межах спартова-патрыятычнага клюбу «Ваяр» маладафронтаўцы займаліся фізычнай падрыхтоўкай і вывучалі асновы мэдыцыны. Яна ня верыць, што хлопцы маглі задумваць нешта супрацьзаконнае:

«Я дакладна ведаю, што мой муж не зьбіраўся рабіць нічога супрацьзаконнага. Затрымалі хлопцаў з „Маладога Фронту“, якія абаранялі Курапаты. Ня ведаю, ці гэта зьвязана з Курапатамі. Увогуле склалася ўражаньне, што проста паднялі старыя сьпісы і затрымалі самых актыўных. Наконт „Ваяра“ я ведаю, што гэта спартова-патрыятычны клюб. Яны выяжджалі, займаліся фізычнай падрыхтоўкай, бегалі кросы, вывучалі асновы мэдыцыны. Я не лічу гэта радыкальна настроенай групоўкай, як гэта паказваюць у дзяржаўных СМІ. „Ваяр“ — гэта хлопцы, гатовыя ў любы момант абараняць нашу краіну».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG