Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як збудавалі Трактарагорад?


«Рассунуўшы сосны
Плячамі, што волат,
Пад Мінскам ўздымаецца
Трактарагорад.

Высока кавальскія цэхі
Пасталі
На месцы, дзе немцаў
Ў кацёл заціскалі.

На новай будове
Працуюць заўзята
Са ўсёй Беларусі
Хлапцы і дзяўчаты.

Хоць многія зь іх
Маладыя гадамі,
Але ўжо выдатнымі
Сталі майстрамі.

Слухмяна ім кельма,
І цесьля, І молат...
Тут будзе збудованы
Трактарагорад.

Узьнімецца горад
У працы няспыннай,
І трактары пойдуць
Шляхамі краіны.

І будуць на полі
Калгасным гадамі
Ад Мінска-сталіцы
Яны пасланцамі».

Так у 1947 годзе вітаў будаўніцтва пасёлку трактарабудаўнікоў у прымесьці Менску народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка. Трактарагорад быў збудаваны. Ён стаў адным зь мікрараёнаў беларускай сталіцы. І, як лічаць гісторыкі, архітэктары, мастацтвазнаўцы, зноў жа паэты і пісьменьнікі, — адным з помнікаў яшчэ ня вельмі аддаленай ад нас эпохі. І вось праз 70 гадоў славуты Трактарагорад улады хочуць зьнесьці. Ці насамрэч пасёлак ля Менскага трактарнага заводу варта лічыць помнікам? Як будаваўся ён, якую гістарычную памяць захоўвае і якога лёсу варты?

Гутарка з культуролягам Раманам Абрамчуком.

Вячаслаў Ракіцкі (зьлева) і Раман Абрамчук
Вячаслаў Ракіцкі (зьлева) і Раман Абрамчук

Ракіцкі: Раман, для абазначэньня раёну Менску ў ваколіцах Менскага трактарнага заводу вы ўжываеце словаўтварэньне «трактарагорад». Гэты тэрмін прыдуманы паэтам, гэта вобразнае азначэньне менскага мікрараёну, ці так яго афіцыйна або ў народзе называлі? Ці прыжылася гэтая назва? І чаму менавіта «трактарагорад»? Ці будаваўся ён адмыслова як месца жыхарства трактарабудаўнікоў?

Абрамчук: Так, менавіта. Пасёлак задумваўся, праектаваўся і будаваўся менавіта для працоўных трактарнага заводу — простых рабочых і начальніцкага складу. І ў гэтым — адзін са складнікаў яго канцэптуальнасьці. Часткова ён нават будаваўся самімі завадчанамі. Пасьля працоўных зьменаў на заводзе рабочыя будавалі самі сабе свае будучыя дамы. Будавалі сваё жыцьцё. Мажліва, і ў гэтым — прычына «душэўнасьці», «атмасфэрнасьці» гэтага месца.

А што да назвы, дык яна, наколькі мне вядома, нарадзілася і існавала збольшага ў вершах, мастацкіх творах. А сёньня яна замацавалася ў асяродзьдзі прыхільнікаў гэтага раёну. Аднак я ня чуў, каб пасёлак так масава называлі яго жыхары ці каб яго так называлі ў афіцыйных дакумэнтах.

Прамысловая вуліца (цяпер Чабатарова) ў Трактарагорадзе. Фота з сайту Нацыянальнай бібліятэкі
Прамысловая вуліца (цяпер Чабатарова) ў Трактарагорадзе. Фота з сайту Нацыянальнай бібліятэкі

Ракіцкі: Калі пачалася будоўля гэтага раёну? З чаго яна пачыналася? Што там было раней?

Абрамчук: Пачалі будаваць яго яшчэ ў канцы 1930-х гадоў. Але тады побач плянаваўся авіязавод цяжкіх бамбавікоў, адпаведна, і першыя дамы ў пасёлку (два зь іх захаваліся да сёньня, з элемэнтамі канструктывізму, характэрнага для таго часу) павінны былі стаць жыльлём для афіцэраў, лётчыкаў і супрацоўнікаў таго заводу.

Тая будоўля ішла вельмі цяжка, прыпала на халодную зіму, тысячы будаўнікоў, у тым ліку савецкіх зэкаў, не давалі рады сталінскім плянам, колькасьць працоўных была значна павялічана, было шмат хворых з прычыны кепскіх умоваў працы.

Але тую будоўлю спыніла вайна. Будынкі незавершанага авіязаводу выкарыстоўваліся немцамі для рамонту сваіх самалётаў.

Пасьля вайны вырашылі зьмяніць прызначэньне будучага заводу, пачалі дабудоўваць ужо як МТЗ. І жыльлё, адпаведна, будавалася для яго супрацоўнікаў.

Скрыжаваньне Чабатарова і Стаханаўскай
Скрыжаваньне Чабатарова і Стаханаўскай

Ракіцкі: Быў нейкі адмысловы праект з адмысловай ідэалёгіяй будучага жыльлёвага мікрараёну Менску?

Абрамчук: Мэтай будаўніцтва такога цэльнага, утульнага, канцэптуальна распрацаванага раёну было паказаць, што просты савецкі чалавек, рабочы мае права на годныя жыльлёвыя ўмовы. З урадавых трыбунаў дэкляравалася, што савецкі народ павінен жыць пасьля пераможнай вайны ня толькі ня горш, як да вайны, а адназначна лепш.

Таксама ў афіцыйных крыніцах заўсёды спасылаліся на кепскі прыклад «трушчобаў» якога-небудзь Лёндану, дзе жыве тамтэйшы пралетарыят — і, вядома ж, дэкляравалася, што савецкі рабочы будзе жыць у кардынальна іншых умовах.

Вось на гэтым патасе і будаваўся Трактарагорад.

Дзеля іроніі варта дадаць, што ідэя аддаленых ад гораду, але набліжаных да прадпрыемства рабочых пасёлкаў, цалкам забясьпечаных усёй неабходнай інфраструктурай, узьнікла менавіта ў Англіі ў XVIII стагодзьдзі.

Ракіцкі: Як я разумею, гэта была неардынарная будоўля. Ставіліся грандыёзныя задачы, натуральна ж, як звычайна было ў камуністаў, вызначаліся і дакладныя тэрміны здачы аб’ектаў. Хто будаваў гэтак званы Трактарагорад? Дзе ўзялі столькі будаўнікоў? Як спраўляліся яны з плянамі партыі?

Абрамчук: Самі будынкі ў пасёлку будаваліся ў тым ліку і працоўнымі трактарнага заводу, які будаваўся паралельна і які вельмі хутка стаў вырабляць прадукцыю. Збольшага гэта былі вяскоўцы, пакліканыя сюды на працу. Спачатку яны жылі ў зямлянках, часовым жытле, бараках на гэтай жа тэрыторыі. І таму пераезд у новыя дамы быў чымсьці вельмі значным для іх: з шалашоў яны перасяляліся ў сапраўдны рай, якім ім падаваліся дамы, пабудаваныя часта сваімі рукамі.

Так, сапраўды, у параўнаньні з тымі месцамі, дзе рабочыя жылі да засяленьня, гэтыя дамы былі раем. Тое ж самае, дарэчы, будуць казаць і пра хрушчоўкі пазьней. Усё спазнаецца ў параўнаньні. Дамы і кварталы Трактарагораду — сапраўды ўтульныя, гэта аб’ектыўна.

Ракіцкі: Хто распрацоўваў праект гэтага гарадку?

Абрамчук: Пачнём з таго, што гэты мікрараён распрацоўвалі два прафэсійныя архітэктары з Украіны — Сямён Маркавіч Разэнфельд (дарэчы, да нядаўняга часу аўтарам праекту лічылі Зіновія Разэнфэльда, але дзякуючы дасьледаваньню архівіста і літаратара Віктара Жыбуля зьвесткі былі ўдакладненыя) і вядомы архітэктар Веніямін Паўлавіч Кастэнка з Харкава.

Дарэчы, праект забудовы авіязаводу таксама замаўлялі харкаўскаму праектнаму бюро, натуральна, з удзелам іншых архітэктараў, аўтараў праектаў некаторых асобных дамоў. Напрыклад, дом па вуліцы Стаханаўскай, які нагадвае старадаўнюю шляхецкую сядзібу, праектаваў маскоўска-ленінградзкі архітэктар Аляксандар Пятровіч Веліканаў, а праект цяперашняга Дому культуры дапрацоўваў знакаміты Георгі Бенядыктаў.

Ракіцкі: Давайце абазначым межы таго Трактарагораду, пра які мы вядзём размову.

Абрамчук: Тут варта сказаць, што ёсьць межы таго пасёлку, які паўстаў у 1940–50-я гады, і ён быў канцэптуальна расплянаваны. Мяжа гэтага «ядра» праходзіць па вуліцах Даўгабродзкай, Будзённага, Шчарбакова, Клумава. Натуральна, што сам завод — неад’емная частка ансамбля.

А ёсьць і кварталы, якія прымыкаюць да гэтага «ядра», збудаваныя пазьней, складаюцца з мноства хрушчовак і ўжо ня маюць той чароўнай атмасфэры, хоць і задумваліся, і часткова служаць жытлом для рабочых МТЗ, і месцамі там таксама можна сустрэць сякія-такія цікавосткі.

Пасёлак трактарнага заводу на здымку 1964 году
Пасёлак трактарнага заводу на здымку 1964 году

Ракіцкі: Вы кажаце, што людзі былі шчасьлівыя атрымаць там жытло. Чым яно ім падабалася? Гэтыя дамы, пляніроўка вуліц насамрэч былі новым словам у горадабудаўніцтве? Гэта ня быў пасёлак, складзены з інтэрнатаў?

Абрамчук: Мікрараён сапраўды славіўся сваёй прасторнасьцю, прадуманасьцю. Двары ў ім — закрытыя ад вулічнага шуму, але разам з тым утульныя. Часьцяком выхады з пад’ездаў накіраваныя ўсярэдзіну двароў, каб утваралася штосьці накшталт лякальных грамадзкіх форумаў. І гэта спрыяла таму, што жыхары двароў жылі супольна.

Скульптура ў двары
Скульптура ў двары

Ракіцкі: Паводле ідэі жыць камунай?

Абрамчук: У тую эпоху, наколькі я ведаю, такія радыкальныя формы сужыхарства ў СССР ужо не прапагандаваліся. Але ад прапаганды калектывізму ніхто не адмаўляўся. Сьвяты, паводле ўспамінаў старажылаў, адзначаліся разам, застольлі ладзіліся ўнутры двароў. Зразумела, гэтаму спрыяла і вясковая псыхалёгія, якую прынесьлі з сабой будаўнікі заводу.

Разам з тым вуліцы і двары прадумваліся так, каб іх максымальна асьвятляла сонца. Часта прымяняўся мэтад адступленьня супрацьлеглых адзін аднаму будынкаў (якія стаяць па розныя бакі вуліцы) ад чырвонай лініі забудовы. І, такім чынам, паміж гэтымі дамамі коштам шырыні вуліц утвараліся вялікія прасторы, што значна дадавала «дыханьня» ўсёй забудове.

Асабліва тут варта адзначыць «прастрэл» ад вуліцы Шчарбакова да знакамітага фантана зь медзьведзяняткамі за кошт утварэньня праезду паміж дамамі, далучэньня да яго вялікага прадаўгаватага сквэру, які праз вуліцу пераходзіць у вялікі двор з фантанам, пастаўленым на ўзвышэньні. Такім чынам, утвараецца глыбокая пэрспэктыва агляду ўжо ад самага краю гэтай прасторавай кампазыцыі.

Натуральна, што пры такіх «вэрсальскіх» архітэктурна-паркавых пэрспэктывах жыхары адчувалі сябе вельмі ўтульна ў сваім пасёлку.

Дадамо, што і згаданы сквэр, і фантан, і асноўная вуліца пасёлку — імя Алега Кашавога, і бульвар Трактарабудаўнікоў, якім адкрываецца пасёлак, былі аздобленыя скульптурнымі кампазыцыямі на тэмы дзяцінства, спорту, вялікімі вазамі-клюмбамі. Зразумела, тут быў і элемэнт прапаганды здаровага ладу жыцьця, шчасьлівага дзяцінства ў СССР, піянэрыі. Але да нашых дзён дайшлі толькі медзьведзяняткі, якія ўжо больш за паўстагодзьдзя дзеляць бочачку зь мёдам, дзяўчынка на самакаце і сякія-такія парэшткі вазаў.

На вялікі жаль, вельмі многае з гэтай спадчыны ўжо страчанае. У згаданым сквэры, які называўся Піянерскім, пабудаваная царква, якая цалкам разбурыла задуманую архітэктарамі пэрспэктыву.

Ракіцкі: Як вызначыць стыль архітэктуры гэтага Трактарагораду? Як аздабляліся дамы?

Абрамчук: Асноўны іх архітэктурны стыль — расейскі нэаклясыцызм. Пасьля 1930-х гадоў зь іхнім канструктывізмам, які ня быў прыняты сталінскім урадам, у савецкай архітэктуры запанаваў стыль нэаклясыцызму. Архітэктура вярнулася на пачатак стагодзьдзя, адмовіўшыся ад прагрэсіўнага шляху, які прапанавалі маладыя крэатыўныя архітэктары-канструктывісты.

І аздоба трактаразаводзкага пасёлку цалкам адпавядае духу нэаклясыцызму: акрамя згаданых скульптураў, фасады дамоў, нават унутраныя, дваровыя, нябачныя з цэнтральных вуліц, шчодра аздабляліся рэльефнай ляпнінай, дэкаратыўнымі гзымсамі, пілястрамі, лоджыямі-эркерамі, вежачкамі са шпілямі, што выступаюць з рогу на асноўных скрыжаваньнях, і г.д.

Цікава, што адзін з самых яркіх дэкораў на гэтак званым «Доме з русалкамі» па вуліцы Стаханаўскай (у 1990-я яго ўпрыгожылі рэльефнай выявай Пасэйдона і сырэнаў) цалкам упісаўся ў архітэктурны стыль пасёлку, збудаванага пры канцы 1940-х гадоў. У тым ліку і таму, што карані нэаклясыцызму так ці іначай, але ж сягаюць у антычнасьць.

Ракіцкі: Я ня часта бываю ў тым мікрараёне, але калі бываў, няшмат бачыў з таго, пра што вы расказваеце. Вынік вандалізму? Зьнішчана часам, людзьмі, уладамі?

Абрамчук: Шмат што з гэтай аздобы насамрэч страчана, але нямала і захавалася. Больш за тое, апошнімі гадамі мясцовыя жыхары актыўна змагаюцца за тое, каб пры рамонце дамоў гэтая ляпніна не зьбівалася, як раней, а захоўвалася, аднаўлялася. І ёсьць добрыя прыклады, калі дамы пасьля сучаснага муніцыпальнага рамонту захавалі сваю аздобу.

Дарэчы, і скульптура медзьведзянятак таксама захаваная дзякуючы настойліваму змаганьню за яе мясцовых жыхароў. Бо, на жаль, гарадзкім уладам значна прасьцей зьнесьці ўсё гэта і зрабіць рамонт больш танна.

Ракіцкі: А інфраструктура? Ці дбалі пра яе, калі будавалі? А мо не зьвярталі на яе ўвагі, абы даць людзям дах над галавою?

Абрамчук: Адзначу, што і ў пляне інфраструктуры пасёлак забясьпечваў жыхароў усім неабходным. Там было мноства спартовых пляцовак, прычым, зноў жа, разьмешчаных у грамадзкай прасторы, каб спартовыя спаборніцтвы станавіліся грамадзкай зьявай.

Цікава, што менавіта тут захавалася адна з апошніх пляцовак для гульні ў гарадкі — папулярнай у СССР гульні, якая нават стала відам спорту.

Былі пабудаваныя садкі і школы, мноства разнастайных крамаў, харчовых і прамтаварных, аздараўленчы цэнтар, міліцэйскі пастарунак, мясцовы невялікі кірмаш. Усё разьмясьцілася на адносна невялікай, кампактнай прасторы, уздоўж асноўных вуліц, якія выдатна зьвязваліся транспартам.

Працяг будзе.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG