Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я прагны ў пазнаньні сьвету», — падарожнік Яцэк Палкевіч далучае Беларусь да «Вялікага шаўковага шляху»


Belarus - Polish traveler Jacek Palkiewicz. Minsk, 5May2017
Belarus - Polish traveler Jacek Palkiewicz. Minsk, 5May2017

Усясьветна вядомы дасьледчык, першаадкрывальнік, рэпартэр, экспэрт па выжываньні ў экстрэмальных умовах Яцэк Палкевіч пры падтрымцы амбасады Польшчы ў Беларусі прэзэнтаваў у Менску свой чарговы амбітны праект — аўтамабільную экспэдыцыю «Вялікі шаўковы шлях-2017». Маршрут пройдзе празь сем краінаў, уключна зь Беларусьсю.

Мірная місія ўнівэрсальнага салдата

Палкевіч — адзін з самых пазнавальных палякаў сучаснасьці. Больш за чатыры дзясяткі гадоў ён скарае аддаленыя і нявывучаныя куткі плянэты. У ягоным багажы — адкрыцьці ўсясьветнага значэньня. У сярэдзіне 1990-х навуковая група пад ягоным кіраўніцтвам вызначыла выток Амазонкі, паклаўшы канец спрэчкам наконт пачатку самай вялікай ракі сьвету. Пазьней улады Пэру ўзьвялі манумэнт, каб ушанаваць высілкі інтэрнацыянальнай каманды.

Яшчэ раней у якасьці «добраахвотнай ахвяры караблекрушэньня» Палкевіч скарыў Атлянтычны акіян. Ягоны паўтарамесячны досьвед скарысталі дасьледчыкі НАСА, якія займаюцца праблематыкай ізаляцыі і межаў чалавечай выносьлівасьці.

Ад 1970-х вывучае народы і этнасы, якія апынуліся перад пагрозай зьнікненьня. Праклаў шляхі праз Барнэо і Новую Гвінею, Сыбір і Сахару, Патагонію і Атакаму. Ягоным транспартам былі вярблюды, сабакі, які, сланы, алені і ўласныя ногі.

Назапашаны досьвед дазволіў Палкевічу заснаваць першую ў Эўропе школу выжываньня. Яна месьціцца ў Італіі і карыстаецца вялікай папулярнасьцю. Ён навучаў касманаўтаў, як паводзіць сябе ў экстрэмальных умовах, ладзіў заняткі для антытэрарыстычных падразьдзяленьняў, дэманстраваў межы магчымасьцяў ва ўмовах максымальных нагрузак.

У 1994 годзе па рэкамэндацыі знакамітага нарвэскага дасьледчыка Тура Хэердала Каралеўскае геаграфічнае таварыства ў Лёндане прыняло Яцэка Палкевіча ў свае шэрагі. Мае шэраг дзяржаўных узнагародаў з розных краін.

Пры ўсіх сваіх рэгаліях 75-гадовы падарожнік не зьбіраецца на заслужаны адпачынак і анансуе новыя маштабныя праекты. Адзін з апошніх — «Вялікі шаўковы шлях-2017» з апорай на кітайскую ініцыятыву «One Belt One Road» («Адзін пояс, адзін шлях»). Асноўнай мэтай ініцыятывы — умацаваньне ўзаемасувязяў паміж дзяржавамі, разьмешчанымі на шляху экспэдыцыі. Гэта Кітай, Кіргізстан, Узбэкістан, Казахстан, Расея, Беларусь, Польшча.

Кітайскім аўтапрамам па шаўковым шляху

Старт акцыі будзе дадзены 18 жніўня ў Пэкіне. 24–27 верасьня ўдзельнікі аўтамаратону праедуць празь Беларусь. Пункты прыпынкаў, як мяркуецца, — Гомель, Менск, Берасьце. Фініш будзе ў Варшаве.

«Гэта буйны праект, больш за год вядзецца яго арганізацыя, падрыхтоўка, — кажа Палкевіч. — Не памылюся, калі скажу, што гэта самы сурʼёзны і маштабны праект майго жыцьця. Справа ў тым, што ад самага маленства сымбалем прыгодаў для мяне быў Марка Пола. Якраз зь яго імем зьвязаныя першыя асацыяцыі з „Шаўковым шляхам“. Але ніколі не ўдавалася прайсьці па ўсім маршруце ад Вэнэцыі да Кітая. Быў асобнымі кавалкамі ў Сярэдняй Азіі, на Блізкім Усходзе. А гадоў пяць таму падумаў: ведаю гэтую частку, іншую, паеду як Марка Пола. Зірнуў на мапу — і ахнуў: тут вайна, там наркабізнэс, дзесьці зброяй гандлююць. Межы зачыненыя, ніхто не гарантуе бясьпеку».

Рашэньне праблемы прыйшло разам з абвяшчэньнем кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». Як кажа Палкевіч, зьявілася магчымасьць ня толькі «падвярстаць» сюды легендарны маршрут Марка Пола, але і адаптаваць «Шаўковы шлях» пад сучасныя ўмовы. У гэтым зьвязку яго не засмучае, што Польшча, Беларусь ды Расея да старажытнага шляху ня маюць ніякага дачыненьня. Па яго словах, на гэтых тэрыторыях былі свае маршруты, якія сэнсава выконвалі аналягічную місію.

Як удакладняе суразмоўца, афіцыйнымі чальцамі прабегу стануць людзі, правераныя ў ранейшых экспэдыцыях. Падарожнікаў будзе суправаджаць група тэхнічнай падтрымкі, а таксама каманда кітайскіх журналістаў. Для кітайскага боку гэта яшчэ і значная піяр-кампанія — увесь маршрут павінен прайсьці на машынах тамтэйшай вытворчасьці:

«На якіх канкрэтна — не скажу, мой партнэр у Кітаі чамусьці вырашыў патрымаць у сакрэце. Але машыны — так, кітайскія. Непасрэдна ўдзельнікаў — 12 чалавек. Плюс здымачная група, іншыя журналісты, бо інтарэс мэдыяў надзвычай высокі. У кожнай краіне заплянаваная прэс-канфэрэнцыя, ва ўсіх сталіцах па шляху сьледаваньня ўжо маю пацьверджаньне, што зацікаўленыя ведамствы паспрыяюць з памяшканьнем, з прамоўшнам. Каб было не 30 чалавек, а 130. Падумалі, што пад гэтую марку можна запрасіць вядомых людзей. Бо калі анансаваць зорку сэрыялу, то будзе ўжо 330 карэспандэнтаў. У мяне сваё стаўленьне да „мыльных опэр“, але мы жывём ва ўмовах, калі без інфармацыйнай падтрымкі сёньня нікуды. Да таго ж я сам журналіст...»

Значная частка маршруту экспэдыцыі пройдзе праз Расею. На заўвагу карэспандэнта Свабоды — ці не баіцца ён выпрабоўваць кітайскія аўтамабілі расейскім бездарожжам — Яцэк Палкевіч выказаў спадзяваньне, што да Масквы ўдасца дацягнуць, а да Беларусі трасы ўжо прымальныя:

«Шчыра кажучы, у мяне няма вялікага досьведу язды па расейскіх дарогах. Але запэўніваюць, што пасьля Казахстану таксама будзе асфальт, прынамсі не грунтоўка. Хоць, вядома, гарантыі ніякай, бо адтуль рушым на Чалябінск, потым Уфа, Казань, Ніжні Ноўгарад, Масква. Мяне папярэджваюць, што ёсьць участкі проста жахлівыя, але спадзяюся, не настолькі. Калі кілямэтраў 200 — цярпіма, прарвемся. Бо, калі казаць праўду, кітайскія аўтамабілі абʼектыўна ня самыя лепшыя ў сьвеце, я сам гэта разумею. Аднак у нас будзе тэхнічная падтрымка, ня будзем самі рамантаваць, пакутаваць, калі нешта здарыцца. Спадзяюся, што і даішнікі ня будуць на кожным рагу затрымліваць, правяраць. Прынамсі, нам абяцаюць бесьперашкодны рух».

Падтрымкай на сваім шляху Яцэк Палкевіч заручыўся і ў беларускіх ведамствах: у Міністэрстве замежных спраў і ў Міністэрстве спорту і турызму ўдзельнікам «Вялікага шаўковага шляху-2017» паабяцалі рэжым максымальнага спрыяньня.

Зацяты вораг камуністычнага рэжыму

Сярод іншага маршрут пройдзе праз так званы калідор Чанʼань-Тʼяньшань, які лічыцца ня толькі адной з асноўных магістраляў «шляху», але і ўваходзіць у сьпіс Усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Ён цягнецца на 5 тысяч кілямэтраў па тэрыторыі Кітая, Кіргізстану і Казахстану. Пры ім сама менш тры дзясяткі ўнікальных абʼектаў — палацавыя комплексы, будыйскія храмы, жылыя пячоры і г.д. Калідор выкарыстоўваўся да XVI стагодзьдзя, зьвязваў гарады і народы, спрыяў культурніцкаму абмену. Аналягічную місію закладае ў свой праект і польскі дасьледчык, рэпартэр, падарожнік.

«Шаўковы шлях» нашага часу — гэта маштабны геастратэгічны праект, які ўяўляе вялізны шанец для разьвіцьця ўсіх краін, якія ён ахоплівае, — кажа Палкевіч. — Наша экспэдыцыя дазволіць ня толькі ўмацаваць разьвіцьцё гандлёвага абмену і навесьці масты паміж народамі, але будзе спрыяць стымуляваньню міжкультурнага дыялёгу паміж народамі, якія валодаюць выключнай спадчынай «Вялікага шаўковага шляху». Значэньне гістарычнай зьявы адпачатку палягала ў збліжэньні людзей падчас актывізацыі камэрцыйных зносін, што ўрэшце паўплывала на фармаваньне таго сьвету, у якім мы жывём сёньня: мовы, мастацтва, навукі, тэхналёгіі, сьветаўсьведамленьня».

Яцэк Палкевіч напісаў блізу 30 кніг, у якіх апавядае пра свае неверагодныя прыгоды. На працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў ён застаецца адным з самых запатрабаваных польскіх аўтараў, творы якіх найчасьцей перакладаюць на замежныя мовы. Зрэшты, ягоная біяграфія сама па сабе вартая не адной кнігі.

Нарадзіўся Яцэк Палкевіч у 1942 годзе ў працоўным лягеры на тэрыторыі Нямеччыны. Падарожнічаць пачаў у якасьці афіцэра на гандлёвым судне пад панамскім сьцягам. Потым працаваў інспэктарам па здабычы алмазаў і золата ў Афрыцы.

У 1975-м скончыў школу журналістыкі ў Міляне, пачынаў у ілюстраваным дадатку «Sette» да «Corriere della Sera». Ад таго часу ягонае жыцьцё пачало дзяліцца паміж Італіяй і Польшчай. Унікальныя рэпартажы Палкевіча зьяўляліся практычна ва ўсіх вядомых газэтах і часопісах Эўропы.

На пачатку 1980-х Палкевіч далучыўся да апазыцыйнага руху супраць прамаскоўскай улады Польшчы. Пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча арганізаваў у Італіі цэнтар гуманітарнай дапамогі — у Дабрачынную біскупскую камісію, апроч прадуктаў і тавараў першай неабходнасьці, перапраўляліся друкарская фарба і папера для падпольля «Салідарнасьці».

За «варожую дзейнасьць» Палкевічу забаранілі ўезд у камуністычную Польшчу, яго прозьвішча трапіла ў рэестар абʼяднанага ўліку дадзеных краін Варшаўскай дамовы. Так рэпартэр і дасьледчык стаў у адзін шэраг з самымі небясьпечнымі ворагамі камуністычнага рэжыму.

Яцэк Палкевіч амаль 40 гадоў у шлюбе, жонка Лінда Вэрнола — мастачка. Частку часу яны жывуць у Басана дэль Грапа недалёка ад Вэнэцыі, частку ў Варшаве.

У іх двое сыноў, ніводзін зь іх не падтрымаў бацьку ў ягоным экстрэмальным захапленьні. Яцэк самакрытычна кажа, што большую частку жыцьця дзеці расьлі бяз бацькі, які зрэдку наведваўся дадому паміж чарговымі камандзіроўкамі на край сьвету. Але і ў свае паважныя гады кажа, што не адчувае «прафэсійнага выгараньня» і па-ранейшаму мае «неўтаймаваны голад да пазнаньня сьвету».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG