Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна, дамова ці тупік? Што азначаюць прамежкавыя выбары ў ЗША для іранскай вайны Трампа

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп (зьлева) размаўляе зь віцэ-прэзыдэнтам Дж. Д. Вэнсам, архіўнае фота
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп (зьлева) размаўляе зь віцэ-прэзыдэнтам Дж. Д. Вэнсам, архіўнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, якому засталося два месяцы да таго, як Кангрэс пяройдзе пад кантроль дэмакратаў, сутыкаецца з далёка не ідэальнымі варыянтамі дзеяньняў у вайне з Іранам: весьці перамовы, пайсьці на эскаляцыю ці чакаць.

Прэзыдэнт Дональд Трамп ў апошнія тыдні выбарчай кампаніі ў ЗША прадказваў, што вайна з Іранам скончыцца «адразу пасьля выбараў», піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

«Прычына нашай паразы — вайна», — напісаў віцэ-прэзыдэнт Дж. Д. Вэнс 4 лістапада ў сацыяльнай сетцы X. Трамп назваў гэтую ацэнку «у значнай ступені праўдзівай», але сказаў, што прыняў бы такое ж рашэньне зноў, бо «нельга дазволіць Ірану мець ядзерную зброю».

Такім чынам, Трампу засталося прыкладна два месяцы да часу, пакуль дэмакратычны Кангрэс возьме пад кантроль бюджэт і парадак дня камітэтаў, а ён сутыкнецца з шэрагам не зусім ідэальных варыянтаў: перамовы, эскаляцыя або чаканьне.

«Трамп мае два месяцы, каб дзейнічаць — не зважаючы на электаральныя меркаваньні — калі ён захоча аднавіць ваенную кампанію», — заявіў у інтэрвію Радыё Фарда (праект Радыё Свабода) Шаян Саміі, экспэрт у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, які працуе ў ЗША.

Паводле Саміі, прэзыдэнт можа абгрунтаваць ваенныя дзеяньні патрэбамі нацыянальнай бясьпекі. Пры гэтым усякі законапраект, накіраваны на абмежаваньне вайны, запатрабуе або подпісу Трампа, або галасоў дзьвюх трацінаў дэпутатаў як у Палаце прадстаўнікоў, так і ў Сэнаце — для пераадоленьня прэзыдэнцкага вета.

«Некаторыя экспэрты ўважаюць, што дэмакраты здольныя зьмяніць хаду ваеннага супрацьстаяньня з Ісламскай Рэспублікай. Я ж так ня думаю», — адзначыў экспэрт.

Сцэнар 1. Поўнамаштабнае аднаўленьне вайны

Трамп ня раз намякаў, што пасьля выбараў можа аднавіць маштабныя ўдары, і, як паведамляюць, прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заклікаў яго да гэтага.

Востраў Харг — галоўны іранскі тэрмінал экспарту нафты. Дагэтуль амэрыканцы наносілі ўдары толькі па ваенных абʼектах, разьмешчаных на ім. Удар па энэргетычнай інфраструктуры гэтага вострава — крок, на які Вашынгтон пакуль не пайшоў; у гэтым і не было патрэбы, бо блякада іранскіх партоў зьвяла экспарт іранскай нафты амаль да нуля.

Шагін Мадарэс, іранскі экспэрт у пытаньнях бясьпекі, які жыве ў Рыме, мяркуе, што гэтая лінія будзе пяройдзена.

«На жаль, усё сьведчыць, што наперадзе нас чакае жорсткая вайна», — заявіў ён у інтэрвію Радыё Фарда.

Экспэрт растлумачыў, што Вашынгтон дзейнічаў паэтапна: спачатку — стрымліваньне, затым — пасьля таго, як у чэрвені сарваўся мэмарандум аб паразуменьні (які ён назваў шчодрым у адносінах да Тэгерану), — кампанія эканамічнага ціску, якая ўключала жорсткія санкцыі, скарачэньне авіярэйсаў і частковае закрыцьцё сухаземных межаў Ірану.

Паколькі гэты ціск не прынёс вынікаў, наступным этапам, паводле яго, стане прымушэньне Тэгерану капітуляваць. На гэтым этапе, як адзначыў Мадарэс, мішэнямі стануць «інфраструктура краіны, энэргетычны сэктар, галіны эканомікі», а таксама тое, што засталося ад іранскіх ядзернай і ракетнай праграмаў — «асабліва «Гара-Матыка» (гара Кулян-Гузла): умацаваны падземны комплекс паблізу Натанзу, якому Трамп пагражаў пачынаючы зь ліпеня.

Аднак апошнімі тыднямі Тэгеран папярэджвае пра наступствы аднаўленьня канфлікту.

31 кастрычніка найвышэйшы кіраўнік Ірану Муджтаба Хамэнэі загадаў камандзірам падрыхтаваць «неадкладны, дзейсны і геаграфічна неабмежаваны адказ» на кожную новую атаку, а таксама пашырыць сьпісы цэляў.

Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) таксама прыгразіў нанесьці ўдары па падводных кабэлях сувязі ў Пэрсыдзкай затоцы, заявіўшы, што мішэнямі стануць і амэрыканскія базы па-за межамі Блізкага Ўсходу, а таксама рэгіянальная энэргетычная інфраструктура.

Сцэнар 2. Адзін «вялікі ўдар», а потым сыход

Хоць гэта малаімаверна, сярэдні шлях можа спадабацца прэзыдэнту, які хоча перамогі без працяглай вайны. У канцы кастрычніка паведамлялі, што адміністрацыя Трампа папярэдзіла сваіх саюзьнікаў у рэгіёне аб магчымасьці кароткай, але інтэнсіўнай кампаніі супраць Ірану пасьля выбараў.

Адной з ключавых мішэняў можа стаць аб’ект гара Кулян-Гузла («Гара-Матыка»). Тады Трамп зможа абвясьціць ядзерную праграму Ірану дастаткова разбуранай, адкласьці перамовы аб гэтай праграме і дамагацца пагадненьня аб адкрыцьці Армускай пратокі ў абмен на пэўнае зьняцьце санкцыяў.

Мяркуецца, што часткі гэтага абʼекту знаходзяцца на глыбіні ад 80 да 100 мэтраў пад зямлёй, праз што праверыць усякія заявы аб яго зьнішчэньні вельмі складана. Пры гэтым вайсковае камандаваньне Ірану — Цэнтральны штаб «Хатам аль-Анбія» — папярэдзіла, што бамбаваньне гары будзе азначаць аднаўленьне вайны ўва ўсім рэгіёне.

Такім чынам, хоць Злучаныя Штаты, магчыма, і спадзяюцца на кароткатэрміновую кампанію, Іран можа імкнуцца зацягнуць яе, каб павялічыць палітычныя і фінансавыя выдаткі для Трампа.

Сцэнар 3. Ні вайны, ні міру

Трамп таксама можа проста захаваць цяперашні падыход: наносіць «абарончыя» удары, падтрымліваць морскую блякаду і надалей суправаджаць караблі сіламі Вайскова-морскіх сілаў ЗША ў раёне Армускай пратокі.

Аднак статус-кво нестабільны, і прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян у канцы кастрычніка заявіў, што краіне трэба выйсьці з сытуацыі «ні вайны, ні міру».

Саміі таксама сумняваецца, што палавіністыя меры — накшталт эпізадычных удараў па вайсковых абʼектах на іранскіх выспах — могуць працягвацца доўга.

Паводле яго, зь сярэдзіны 2027 году ўвага Вашынгтону пераключыцца на прэзыдэнцкую гонку 2028 году, і кандыдаты ад абедзьвюх партыяў запатрабуюць канчатковага рашэньня «іранскага пытаньня», каб не атрымаць гэтую праблему ў спадчыну.

Сцэнар 4. Часовая ўгода

Найбольш актыўны дыпляматычны шлях — абмежаванае пагадненьне пры пасярэдніцтве Катару, падобнае да падпісанага ў чэрвені мэмарандуму аб узаемаразуменьні, які ненадоўга прыпыніў баявыя дзеяньні і зьняў блякаду, а потым абрынуўся.

Рынкі, як выглядае, робяць стаўку на нешта падобнае. 4 лістапада цана нафты маркі Brent упала ніжэй за 100 даляраў за барэль. Іран прапанаваў зноў адкрыць Армускую пратоку цягам двух дзён, калі Вашынгтон выканае сем яго ўмоваў, у тым ліку здыме морскую блякаду, паслабіць санкцыі, гарантуе спыненьне ўдараў і рэгіянальнае спыненьне агню, у тым ліку ў Лібане.

Шырэйшае пагадненьне, якое ахоплівае ядзерную праграму Ірану, выглядае больш пэрспэктыўным. Вашынгтон патрабуе пацьверджанага праверкамі абавязаньня, што Іран ня будзе аднаўляць праграму; Тэгеран жа заяўляе, што ядзерныя перамовы могуць пачацца толькі пасьля выкананьня яго ўмоваў.

Мадарэс сьцьвярджае, што дыпляматыя і эскаляцыя не ўзаемавыключальныя падыходы.

Фактары, здольныя сарваць працэс

Кожны з гэтых сцэнароў можа быць парушаны пад узьдзеяньнем шэрагу фактараў. Ізраіль можа пачаць дзейнічаць самастойна, калі ўбачыць, што Вашынгтон схіляецца да пагадненьня, супраць якога выступае ізраільскі бок.

Што да Ірану, то адной з прычын зрыву чэрвеньскага мэмарандуму аб узаемаразуменьні сталі дзеяньні радыкальных груповак, якія арганізоўвалі напады на морскія караблі. Гэта падказвае, што пагадненьне можа быць сарвана Тэгеранам гэтаксама лёгка, як і Вашынгтонам.

Тым часам у Тэгеране вынікі амэрыканскіх прамежкавых выбараў ужо ўспрымаюць як пацьверджаньне сваёй рацыі. Упэўненая перамога дэмакратаў можа падштурхнуць Тэгеран павысіць узровень свае патрабаваньні і заняць пазыцыю чаканьня, спадзеючыся, што прэзыдэнт Трамп аслабне і яго магчымасьці дзейнічаць будуць абмежаваныя.

Акрамя таго, ёсьць яшчэ сам Трамп. Калі 4 лістапада ў яго спыталі, калі скончыцца вайна з Іранам, ён адказаў гэтак жа, як і 27 кастрычніка: «Тады, калі я гэтага захачу».

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

8 красавіка ўступіла ў сілу замірэньне, але ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі працягваюцца спарадычныя выпадкі гвалту, у тым ліку напады на караблі з боку тэгеранскіх сілаў, як і ўдары ЗША па Іране. Пазьней замірэньне некалькі разоў працягвалі, але штораз парушалі. Адносны спакой наступіў у чэрвені 2026 году, але 25 чэрвеня іранскія сілы атакавалі некалькі караблёў у Армускай пратоцы, якія эвакуавалі зь небясьпечнай зоны.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG