Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША нанесьлі ўдары па іранскім востраве, пры гэтым Трамп назваў новую вайну менш імавернай

Востраў Кешм (найбольшы) на спадарожнікавым здымку ад 10 жніўня 2026 году
Востраў Кешм (найбольшы) на спадарожнікавым здымку ад 10 жніўня 2026 году

Злучаныя Штаты нанесьлі ўдары па стратэгічна важным для Ірану востраве Кешм. Удар нанесьлі напярэдадні прамежкавых выбараў у ЗША, у той самы час, калі прэзыдэнт Дональд Трамп публічна гаварыў пра малую імавернасьць аднаўленьня вайны і надзею на дыпляматычнае пагадненьне.

ЗША пацьвердзілі, што 2 лістапада нанесьлі ўдар па стратэгічна важным іранскім востраве Кешм. Гэта чарговая з сэрыі ваенных апэрацыяў супраць Ірану, якія працягваюцца, нягледзячы на тое, што прэзыдэнт Дональд Трамп гаворыць пра зьмяншэньне імавернасьці аднаўленьня маштабных баёў. Удары адбыліся за некалькі гадзін да пачатку дня прамежкавых выбараў у ЗША, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Пасьля сэрыі папярэджаньняў аб тым, што Вашынгтон можа аднавіць буйную ваенную кампанію супраць Тэгерану ў пасьлявыбарчы пэрыяд, прэзыдэнт у панядзелак адкінуў варыянт нападу ў бліжэйшы час і падкрэсьліў, што магчымы дыпляматычны прарыў. На пытаньне, ці разглядае ён магчымасьць удару па Іране пасьля прамежкавых выбараў, Трамп адказаў журналістам: «Не».

Аднак прадстаўнікі адміністрацыі заявілі The Wall Street Journal (WSJ), што прэзыдэнт усё яшчэ ўзважвае варыянты, падкрэсьліўшы кантраст паміж яго публічнымі запэўненьнямі і ваеннымі апэрацыямі, якія працягваюцца за кулісамі. Апошняя атака была часткай сэрыі абмежаваных удараў ЗША, таемна праведзеных у апошнія тыдні, паведамляе WSJ з спасылкай на амэрыканскіх службоўцаў.

Адзін амэрыканскі службовец заявіў WSJ, што адміністрацыя наўмысна замоўчвала кампанію, каб не сыгналізаваць аб намеры аднавіць буйныя баявыя апэрацыі.

Высокапастаўленыя амэрыканскія службоўцы пацьвердзілі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што амэрыканскія войскі нанесьлі абмежаваныя ўдары па іранскім востраве Кешм, і назвалі апэрацыю скіраванай на абарону амэрыканскіх актываў у рэгіёне. Службоўцы заявілі, што ўдары былі нанесеныя ў адказ на іранскі агонь па амэрыканскім самалёце.

Стратэгічны востраў Кешм разьмешчаны ў вусьці Армускай пратокі, аднаго з найважнейшых у сьвеце морскіх маршрутаў пастаўкі энэргарэсурсаў. Паводле Wall Street Journal, на востраве разьмешчаны буйны падземны ракетны аб’ект, вайскова-морская база і буйны апрасьняльны завод. Ён быў мішэньню папярэдніх сэрыяў удараў амэрыканскіх войскаў, амэрыканскія службоўцы таксама абмяркоўвалі магчымасьць яго захопу.

Джэйсан Бродзкі, палітычны дырэктар некамэрцыйнай арганізацыі United Against Nuclear Iran, заявіў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што апошнія ўдары мелі мэтай аслабіць здольнасьць Тэгерану парушаць навігацыю, але неканечне служылі фактарам ціску для зьмены ягоных палітычных разьлікаў.

«ЗША імкнуцца зьменшыць магчымасьці Ірану пагражаць Армускай пратоцы», — сказаў Бродзкі.

«Гэта неканечне павінна зьмяніць разьлікі Ірану ў прыняцьці рашэньняў, але пазбаўляе іранскі рэжым магчымасьці перасьледаваць гандлёвыя караблі. І гэта ў аснове сваёй адпавядае інтарэсам нацыянальнай бясьпекі ЗША».

Удары адбываюцца падчас аднаўленьня дыпляматычных сыгналаў з Вашынгтону і Тэгерану. Трамп і віцэ-прэзыдэнт Вэнс нядаўна выказалі думку, што перамовы, накіраваныя на ліквідацыю ядзернай праграмы Ірану, могуць прывесьці да пагадненьня. Трамп таксама заявіў у сацыяльных сетках, што спад цэн на нафту адлюстроўвае рост адчуваньня, што вайны з Іранам ня будзе. Вэнс заявіў, што Вашынгтон дасягнуў прагрэсу ў перамовах, а прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Ірану Эсмаіл Багаі заявіў журналістам у Тэгеране 2 лістапада, што «мяч на баку ЗША», калі ідзецца пра магчымую ўгоду.

«Нашы патрабаваньні выкладзеныя вельмі выразна і празрыста, патрабаваньні Ірану разумныя і лягічныя», — сказаў Багаі.

Некалькі тыдняў Трамп казаў, што пасьля прамежкавых выбараў у ЗША магчымае вяртаньне да поўнамаштабных ваенных апэрацыяў. Высокапастаўленыя службоўцы адміністрацыі абмеркавалі магчымасьць далейшых авіяўдараў і падалі прэзыдэнту шэраг варыянтаў, у тым ліку больш жорсткія эканамічныя санкцыі і пашыраную блякаду іранскага гандлю. Начальнік Цэнтральнага камандаваньня ЗША адмірал Брэд Купэр наведаў Белы дом на мінулым тыдні, каб паінфармаваць Трампа аб канфлікце, паведамляе WSJ. Апошнімі тыднямі вайскоўцы таксама перакінулі ў рэгіён дадатковыя сродкі супрацьракетнай абароны і боепрыпасы.

Паводле зьвестак WSJ, амэрыканскія службоўцы заклікалі краіны Пэрсыдзкай затокі падрыхтавацца да кароткай, інтэнсіўнай ваеннай кампаніі неўзабаве пасьля выбараў.

Нягледзячы на рызыку эскаляцыі, некаторыя аналітыкі лічаць, што Тэгеран наўрад ці адкажа кардынальна на апошні напад. Грэгары Бру, экспэрт у нафце і старшы аналітык нью-ёрскай Eurasia Group, заявіў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што апошняя атака й іншыя навіны сьведчаць аб тым, што Вашынгтон актыўна дамагаецца кантролю над Армускай пратокай, наносячы ўдары па іранскіх цэлях уздоўж узьбярэжжа.

Тымчасам цэны на нафту падчас ціску на Іран папаўзьлі ўніз. 30 кастрычніка нафта гатунку Brent прадавалася па 117,47 даляра за барэль. А сёньня яна каштуе 106,45 даляра.

Нафта гатунку WTI таргавалася 30 кастрычніка па 104,12 даляра за барэль, а сёньня — па 98 даляраў.

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

8 красавіка ўступіла ў сілу замірэньне, але ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі працягваюцца спарадычныя выпадкі гвалту, у тым ліку напады на караблі з боку тэгеранскіх сілаў, як і ўдары ЗША па Іране. Пазьней замірэньне некалькі разоў працягвалі, але штораз парушалі. Адносны спакой наступіў у чэрвені 2026 году, але 25 чэрвеня іранскія сілы атакавалі некалькі караблёў у Армускай пратоцы, якія эвакуавалі зь небясьпечнай зоны.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG