Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падтрымаў дэкрыміналізацыю «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці»


Ілюстрацыйнае фота

Старшыня Рады разьвіцьця прадпрымальніцтва, кіраўнік апарату Савету міністраў Аляксандар Турчынаў расказаў 28 сакавіка, што Аляксандар Лукашэнка падтрымаў прапановы бізнэс-супольнасьці ў дэкрыміналізацыі бізнэсу, піша БЕЛТА.

Паводле Аляксандра Турчынава, на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ён абмяркоўваў крымінальныя артыкулы наконт незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і «лжэпрадпрымальніцтва», прапановы ў дэкрыміналізацыі Лукашэнка падтрымаў.

Турчынаў паабяцаў, што сёньня на сайце рады зьявіцца праект новай рэдакцыі ўказу «Аб некаторых захадах у прадухіленьні незаконнай мінімізацыі сумаў падатковых абавязаньняў», каб бізнэс-супольнасьць магла выказаць свае прапановы.

Віктар Маргелаў, архіўнае фота
Віктар Маргелаў, архіўнае фота

Старшыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў кажа Свабодзе, што зьмены ва ўказ варта ўнесьці, але пакуль невядома, што менавіта падтрымаў Лукашэнка. Маргелаў мяркуе, што адказнасьць за «лжэпрадпрымальніцтва» не скасуюць зусім, але мінімізуюць.

«Цяпер праблема ў тым, што вы можаце працаваць шмат гадоў, а потым да вас прыйдуць і скажуць, што дзесяць гадоў таму вы працавалі з ілжэпрадпрымальнікам, таму аддайце ў бюджэт тое, што вы зь ім зарабілі, поўную выручку з адсоткамі, — тлумачыць Маргелаў. — Вы пытаеце: як так, у мяне ж дакумэнты, усё пацьвярджаецца? А яны скажуць, ну калі зможаш даказаць, што гэта ня так, — даказвай, ня зможаш — плаці, іначай прыйдзем і знойдзем яшчэ болей».

***

Крымінальны кодэкс Беларусі цяпер дазваляе караць за лжэпрадпрымальніцтва — рэгістрацыю юрыдычнай асобы ці ІП на падстаўнога чалавека або без намеру займацца прадпрымальніцтвам — штрафам, арыштам, абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў ці турмой на тэрмін да 6 гадоў. Калі зловяць на тым самым зноў ці калі была ўчыненая шкода ў асабліва буйным памеры, пасадзіць могуць на тэрмін ад 3 да 7 гадоў.

За незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць могуць аштрафаваць, пазбавіць права займаць пэўныя пасады, арыштаваць, абмежаваць свабоду на тэрмін да 2 гадоў, пасадзіць на тэрмін да 3 гадоў. Калі зловяць зноў на тым самым ці калі дзейнасьць была з прыцягненьнем грошай і маёмасьці грамадзянаў, або з даходам у асабліва буйным памеры, пасадзіць могуць на тэрмін да 5 гадоў. Калі дзейнасьць вялася арганізаванай групай — на тэрмін ад 2 да 7 гадоў.

Па абвінавачваньні ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці праваахоўнікі ў розны час затрымлівалі многіх бізнэсоўцаў. Апошні гучны выпадак — затрыманьне ў 2015 годзе ІТ-прадпрымальніка Віктара Пракапені, які летась выступіў адным з ініцыятараў прыняцьця ІТ-дэкрэту.

Ці адменяць артыкул аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG