Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пэрспэктыва» ігнаруе сустрэчу ў Радзе разьвіцьця прадпрымальніцтва


Архіўнае фота. Форум прадпрымальнікаў у Менску. Анатоль Шумчанка. Менск, 13 чэрвеня 2016 году
Архіўнае фота. Форум прадпрымальнікаў у Менску. Анатоль Шумчанка. Менск, 13 чэрвеня 2016 году

15 студзеня кіраўніцтва Рады разьвіцьця прадпрымальніцтва пры прэзыдэнце сустракаецца з індывідуальнымі прадпрымальнікамі (ІП). Ад удзелу ў нарадзе адмовіліся прадстаўнікі аб’яднаньня «Пэрспэктыва», аднаго з найбольш масавых у Беларусі.

Лідар грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка патлумачыў у афіцыйным звароце ў Раду разьвіцьця прадпрымальніцтва пры прэзыдэнту Рэспублікі Беларусі, чаму праігнараваў запрашэньне на паседжаньне. Зварот апублікаваны на сайце «Пэрспэктывы».

«Такая сустрэча ўжо мела месца 1 сьнежня 2017 году, мы гутарылі з кіраўніком Рады Аляксандрам Турчыным, — адзначае ён. — Усе ключавыя пытаньні ІП былі агучаныя, дэталёва прааналізаваныя мэханізмы іх вырашэньня — таму Рада ў курсе прапаноў „Пэрспектывы“. Арганізацыя чакае выкананьня дамоўленасьцяў, дасягнутых 1 сьнежня, і гатова працягваць дыялёг».

Паводле Шумчанкі, удзел у шырокім складзе асобаў, якія прадстаўляюць свой бізнэс, ён лічыць «няплённым». Пры гэтым заклапочаны адборам дэлегатаў: паводле інфармацыі ад ІП з рэгіёнаў, большасьць запрошаных на сёньняшнюю сустрэчу дэлегаваныя не самімі прадпрымальнікамі, а запрашаліся па выбарным прынцыпе. Як кажа лідэр «Пэрспэктывы», многія прадпрымальнікі на рынках і ў гандлёвых цэнтрах паняцьця ня маюць, зь якімі прапановамі паехалі ўдзельнікі сустрэчы, бо гэта не выносіцца на ўсеагульнае абмеркаваньне.

Пара адыходзіць ад дылетанцтва і працаваць, як ва ўсіх цывілізаваных краінах, дзе бізнэс прадстаўлены на перамовах праз прафэсійныя арганізацыі.

«Трэба падзяляць такія сустрэчы, — працягвае ён. — Лічым правільным, калі праходзяць асобна сустрэчы ўладаў з тымі, хто прадстаўляе асабіста сябе, і асобна з прадстаўнікамі арганізацый, якія прадстаўляюць інтарэсы тысяч ІП. Пара адыходзіць ад дылетанцтва і працаваць, як ва ўсіх цывілізаваных краінах, дзе бізнэс прадстаўлены на перамовах праз прафэсійныя арганізацыі. „Пэрспэктыва“ заклікае адкінуць ленінскі прынцып, калі „кожная кухарка можа кіраваць дзяржавай“, і пераходзіць на стандарты дыялёгу са структурамі, якія прадстаўляюць інтарэсы той ці іншай групы».

Як падкрэсьлівае Анатоль Шумчанка, па сёньня ніводзін прадпрымальнік ня вырашыў пытаньняў нацыянальнага маштабу. Толькі тады, калі людзі аб’яднаныя ў прафэсійную арганізацыю, можна дамагацца вынікаў:

«Патэнцыял і досьвед арганізацыі несувымерна вышэйшы за разьяднаную частку прадпрымальнікаў, і гэта адбіваецца на эфэктыўнасьці вырашэньня пытаньняў ІП. Доказам ёсьць тое, што ў выпадку надзённых праблемаў па абарону сваіх правоў і інтарэсаў прадпрымальнікі зьвяртаюцца менавіта ў нашу арганізацыю. „Пэрспэктыва“ працягне працу ў інтарэсах прадпрымальнікаў у кірунку выкананьня патрабаваньняў рэзалюцыі Форуму прадпрымальнікаў».

Анатоль Шумчанка заяўляе, што аб’яднаньне не нясе адказнасьці за дзеяньні асобных ІП, якія ўдзельнічаюць у пасяджэньні і робяць прапановы ад свайго імя.

«Ня раз назіралі, што банальна людзі вырашалі асабістыя пытаньні, улічваючы свае інтарэсы ў бізнэсе. Але ёсьць і такія прадпрымальнікі, якія сапраўды адстойваюць пазыцыю калектыву рынкаў і гандлёвых цэнтраў. Іх нямала, але ўсё роўна ва ўсім патрэбна сыстэмнасьць і прафэсіяналізм, а галоўнае, аб’ектыўнасьць і ўлік думак не аднаго або двух, а большасьці. У гэтым сутнасьць падыходу „Пэрспэктывы“ да вырашэньня пытаньняў».

«Пэрспэктыва» мае 15-гадовую гісторыю і абапіраецца на меркаваньне дзясяткаў тысяч прадпрымальнікаў, усе крокі ўзгодненыя з актывістамі ў сталіцы і рэгіёнах, падсумоўвае Анатоль Шумчанка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG