Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктара Інстытуту бізнэсу і мэнэджмэнту БДУ звольнілі пасьля 20 год кіраваньня


28 лютага Ўладзімера Апанасовіча звольнілі з пасады дырэктара Інстытуту бізнэсу і мэнэджмэнту БДУ.

Хто будзе новым дырэктарам, магчыма, стане вядома сёньня пасьля нарады ў рэктара БДУ Андрэя Караля, прызначанага на пасаду ў верасьні 2017 году.

Уладзімер Апанасовіч, які кіраваў гэтай установай ад моманту яе стварэньня, плянуе застацца прафэсарам у інстытуце, дзе ён кіруе міжнароднымі праектамі. Пра гэта ён сказаў у размове з карэспандэнтам Свабоды.

Уладзімер Апанасовіч не выключае, што ягонае звальненьне часткова зьвязанае з прыходам новага рэктара і аптымізацыяй унівэрсытэту.

— Я не хачу казаць пра розныя чуткі. Адно з пытаньняў, якое задаюць ва ўнівэрсытэце, гэта канцэнтрацыя асобных кірункаў у канкрэтным месцы. Іншы раз атрымлівалася, што бачылі дубляваньне спэцыяльнасьцяў. Магчыма, зьвязана, сярод іншага, і з гэтым.

— Якім вы бачыце далейшы лёс Інстытуту?

— Мы хацелі б, каб Інстытут захаваўся і быў такім жа лідэрам бізнэс-адукацыі, каб брэнд і праграмы захаваліся і разьвіваліся далей.

— Якія цяпер выклікі перад бізнэс-адукацыяй у Беларусі наогул?

— Асноўны выклік — гэта павышэньне ўзроўню выпускнікоў, якіх рыхтуе бізнэс-адукацыя. Бо краіна наша невялікая, яна аўтаматычна ўваходзіць у міжнародныя рынкавыя адносіны. Хацелася б, каб нашы спэцыялісты камфортна сябе адчувалі і былі на ўзроўні з выпускнікамі іншых бізнэс-школ.

— А вашы выпускнікі запатрабаваныя ў Беларусі?

— Безумоўна. У нас шырокі спэктар спэцыяльнасьцяў. Больш за палову тых, хто вучыцца ў нас, ужо працуюць. Таму яны прыходзяць да нас, каб, фактычна, вырашаць праблемы ў рэальным бізнэсе. І, канечне, павышаць свае прафэсійныя навыкі.

А другая палова — выпускнікі школ, якія прыходзяць да нас для адукацыі. Мы рабілі розныя замеры прадпрымальніцкіх імкненьняў нашых студэнтаў. І яны вельмі высокія. То бок прадпрымальніцкая адукацыя, прадпрымальніцтва запатрабаваныя ў грамадзтве.

Але хацелася б, каб гэтае прадпрымальніцтва было прафэсійным. Мы адкрылі стартап-школу, адкрываем інкубатар. І стараемся, каб нашы студэнты праходзілі практыку ў добрых бізнэс-арганізацыях, каб потым яны маглі ствараць уласныя кампаніі, рэалізоўваць уласныя праекты. То бок гэтыя прадпрымальніцкія імкненьні мы стараемся падтрымліваць, і гэта дае вынікі.

— А што цяпер будзе з інстытутам?

— Мы спадзяёмся, што інстытут захаваецца, будзе яго разьвіцьцё. Бо за 22 гады існаваньня сфармаваўся творчы прафэсійны калектыў. Канечне, мы дзяржаўная ўстанова, частка ўнівэрсытэту. І многае залежыць ад таго, наколькі ўнівэрсытэт будзе падтрымліваць нашы прапановы.

Мы ўступілі ў амэрыканскую асацыяцыю AACSB, якая аб’ядноўвае вядучыя бізнэс-школы. У нас распрацавана стратэгія, якая вельмі добра карэлюе з патрабаваньнямі акрэдытацыі ў гэтай асацыяцыі. Таму з пункту гледжаньня стратэгічных плянаў і імкненьняў у нас ёсьць разуменьне, як гэта рабіць.

— У вас існуюць абмены з навучальнымі ўстановамі краін Эўразьвязу?

— У нас вельмі многа партнэраў. Мы каардынуем беларуска-нямецкую праграму па падрыхтоўцы кіроўных кадраў. 40–50 чалавек штогод мы накіроўваем на месячныя стажыроўкі ў Нямеччыну. За гэтыя гады каля 500 чалавек прайшлі такога роду стажыроўкі. Таксама па абмене нашы студэнты выяжджаюць на стажыроўкі. Цяпер праяўляюць цікавасьць кітайскія ўнівэрсытэты да такога кшталту мабільнасьці студэнтаў.

* * *

Інстытут бізнэсу і мэнэджмэнту БДУ пачаў сваю гісторыю ў 1996 годзе, калі пры БДУ быў створаны адмысловы факультэт перападрыхтоўкі кадраў па мэнэджмэнце тэхналёгій. Затым ён быў перайменаваны ў Міжнародную вышэйшую школу бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгій. У 2012 годзе Інстытут першым зь беларускіх ВНУ стаў сябрам Эўрапейскага фонду разьвіцьця мэнэджмэнту (EFMD). У кастрычніку 2017 году Інстытут стаў сябрам Асацыяцыі па прасоўваньні ўнівэрсытэцкіх бізнэс-школ AACSВ — найбуйнейшай у сьвеце сеткі бізнэс-адукацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG