Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі трэнэр ЦСКА расказаў, як правільна называць яго і ягоную краіну


Віктар Ганчарэнка. Фота: Дзьмітры Садоўнікаў, CC BY-SA 3.0
Віктар Ганчарэнка. Фота: Дзьмітры Садоўнікаў, CC BY-SA 3.0

Галоўны трэнэр расейскага футбольнага клюбу ЦСКА, беларус Віктар Ганчарэнка ў інтэрвію сайту Championat.com расказаў пра свой пераход у клюб, патрэбу «быць злым» на пасадзе, «адмазку» ад вывучэньня ангельскай мовы і ўзаемаадносіны з гульцамі.

Пасьля інтэрвію Віктара Ганчарэнку запыталі, як правільна пісаць ягонае прозьвішча па-расейску. Ён растлумачыў, што ў ягоным пашпарце памылка, а заадно згадаў пра назву роднай краіны.

«У мяне быў савецкі пашпарт і два варыянты напісаньня прозьвішча: па-расейску — „Гончаренко“, па-беларуску — „Ганчарэнка“, — тлумачыў трэнэр. — Па няведаньні жанчына, якая рабіла пашпарт, напісала праз „а“. А ў сястры, мамы і ейных бацькоў у пашпарце — праз „о“. „Беларусь“ або „Белоруссия“? Ніводная краіна ня мае права дыктаваць іншым, як яе называць. Так што вы маеце права казаць як заўгодна...»

Іншае меркаваньне: Асілак Піліп Беспамылковы ў песьні злосна патлумачыў, чаму «Беларусь, а не Белоруссия»

Пераход аргентынца Дыега Марадоны на працу ў берасьцейскае «Дынама» Ганчарэнка назваў «забаўным»: маўляў, магчыма, ён прыцягне інвэстыцыі і футбалістаў, выкліча трэнэрскую зацікаўленасьць. На пытаньне, хто лепшы ў футболе, Марадона ці бразылец Пэле (абодва — «найлепшыя гульцы ХХ стагодзьдзя» паводле FIFA), Ганчарэнка адказаў, што Марадона.

Ганчарэнку таксама спыталі, што ён больш любіць: дранікі ці бургеры. Ён адказаў, што «ўсе свае дранікі зьеў у дзяцінстве», бо маці актыўна карміла яго імі — цяпер ён перастаў іх есьці.

* * *

Віктар Ганчарэнка на пасадзе трэнэра БАТЭ, 2008 год
Віктар Ганчарэнка на пасадзе трэнэра БАТЭ, 2008 год

40-гадовы Віктар Ганчарэнка родам з Хойнікаў Гомельскай вобласьці, гуляў на пазыцыі абаронцы ў шэрагу беларускіх клюбаў, найбольш у складзе барысаўскага БАТЭ (1998–2002), гуляў за моладзевыя зборныя Беларусі, але завяршыў кар’еру гульца ў 25 гадоў. У 2004–2006 гадах трэнаваў каманду дублёраў БАТЭ. У 2007-м стаў галоўным трэнэрам клюбу — ва ўсіх сэзонах пры ім (6 разоў) БАТЭ станавіўся чэмпіёнам Беларусі, аднойчы ўзяў Кубак, тройчы выходзіў у групавыя этапы Лігі чэмпіёнаў. Сышоў з БАТЭ ў 2013 годзе, на кароткі час станавіўся трэнэрам расейскіх клюбаў «Кубань», «Урал», «Уфа», у 2016 годзе «асеў» у ЦСКА, зь якой двойчы ўзяў срэбра расейскага чэмпіянату, дайшоў да чвэрцьфіналу Лігі Эўропы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG