Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што старшыня «Камітэту салдацкіх маці» ўбачыла ў падвале, дзе знайшлі цела Сашы Коржыча


Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Камітэт салдацкіх маці» Галіна Чыгрынава з калегамі наведала 72 аб’яднаны вучэбны цэнтар у Печах, дзе 3 кастрычніка загінуў салдат Аляксандар Коржыч. Галіна Чыгрынава расказала пра тое, што ўбачыла ў падвале мэдчасткі, дзе знайшлі цела салдата, а таксама падзялілася ўражаньнямі ад сустрэч з вайскоўцамі.

— Галіна Мікалаеўна, мясцовыя жыхары расказвалі мне, што тыя сутарэньні пад будынкам мэдычнай часткі, дзе знайшлі ў пятлі салдата Коржыча, — гэта цэлы лябірынт, дзе лёгка заблукаць. Што ўдалося ўбачыць вам?

— Мы адразу, як прыехалі ў тую частку ў аўторак, папрасілі, каб паказалі менавіта той падвал. Што там і як? Ці магло быць, што там павесіўся, ці што забілі? Тое, што мы ўбачылі, — гэта звычайны падвал пад домам, і далёка ня трэба было ісьці. Адчынілі замок з вуліцы, спусьціліся ў вузкі калідор, павярнулі налева і адкрылі дзьверы ў такі вузкі адсек, дзе хаваюць мётлы ды іншы інвэнтар для прыбіраньня тэрыторыі. Ёсьць вэрсія, што салдат туды пранік, калі не было зачынена падчас прыбіраньня, але яшчэ ідзе сьледзтва, гэта высьвятляюць. Як на маю думку, дык магло быць і гэтак, і гэтак. І самагубства, і забойства. Паказалі нейкія драты пад стольлю, каля дзьвярэй, што на іх ён і вісеў. Гэта невысока, дастаць магчыма, але дакладна я не вымярала, не магу сказаць, якая вышыня.

Як на маю думку, дык магло быць і гэтак, і гэтак. І самагубства, і забойства

— А як тады патлумачыць, што ў салдата былі зьвязаныя ногі і майка нацягнутая на галаву? Хіба гэтак можна павесіцца?

— Папраўдзе, ня ведаю. Прашу вас, ня мучце мяне такімі падрабязнасьцямі. Магло быць, што і забілі, бо там нікога няма, ніхто там ня ходзіць, сьведак няма, рабі што хочаш. Але паўтаруся, ідзе сьледзтва, і як было, спадзяюся, даведаемся.

— Вы калі размаўлялі з салдатамі, яны казалі пра дзедаўшчыну?

— Мы размаўлялі і з афіцэрамі, з камандзірамі частак (але там усе новыя), і з шарагоўцамі. Канечне, настрой ва ўсіх прыгнечаны. Наўпрост пыталася ў салдат пра дзедаўшчыну, але чулі ў адказ, што не было такога. Сказалі, што была магчымасьць зьвярнуцца да камандзіра часткі, што маглі і да нас у «Камітэт салдацкіх маці», калі што, пазваніць, у іх вывешаны наш тэлефон. Але не было неабходнасьці, сказалі. Спытала, чаму ж гэтак атрымалася, што не ўбераглі сябра? Адказалі, не было такіх прыкмет, што нешта ідзе дрэнна. Але зразумела цяпер, што калі б было насамрэч гэтак добра, дык не было б такога выпадку. Цяпер салдаты і афіцэры могуць і ня ўсё казаць, вы ж разумееце. Мяркую, і яшчэ будуць затрыманьні. Але, думаю, разблытаюць гэты вузел і пакараюць вінаватых. Толькі хлопца ўжо не вярнуць, шкада.

— Што вам расказала псыхоляг часткі пра стан здароўя Аляксандра Коржыча? Ці былі ў яго прыкметы схільнасьці да самагубства?

— Нас асабліва цікавіла гутарка з псыхолягам, і нам далі такую магчымасьць. Яна была апошняя, хто размаўляў з Сашам. Але кажа, што не заўважыла ў ягоным стане нечага падазронага і небясьпечнага. Нейкіх скаргаў ён не выказваў, толькі сказаў, што часам у яго баліць галава. І ў мэдчастцы таксама казалі, што ён не зусім быў здаровы. Але тады трэба было яшчэ падчас прызыву пісаць заяву, што хворы, патрэбна дадатковае лячэньне. Каб паклалі ў шпіталь, камісія каб дадаткова разьбіралася.

— Але ж Коржыча прызывалі яшчэ ўвесну і тады прызналі прыдатным паводле здароўя да службы. Гэта падчас службы ён на нешта захварэў, як думаеце?

— Малаверагодна, хоць я ня лекар, ня буду казаць. Зараз ідзе сьледзтва, яно ва ўсім мусіць разабрацца.

— Адносна сьледзтва. А як вы ставіцеся да таго, што гэты выпадак камандаваньне часткі спачатку залічыла ў шэраг самагубстваў і пра гэта абвясьцілі маці, калі яна забірала цела сына на пахаваньне — і толькі потым, калі сваякі і сябры паднялі шум, калі дайшло да мэдый, да кіраўніцтва краіны, была заведзеная крымінальная справа ды пачалі каго затрымліваць, а каго звальняць. Хіба не адразу трэба было разьбірацца па-сапраўднаму?

— Канечне, трэба было. Не маглі ж яны за пару дзён дасканала разабрацца і калі аддавалі цела ўжо, сказаць — забірайце, гэта вось гэтак. Магчыма, пра самагубства сказаў камандзір часткі, каб зьняць зь сябе адказнасьць. Такога не выключаю. Але каб прадстаўнік Міністэрства абароны прыехаў і такое сказаў — ну, ня ведаю. Без расьсьледаваньня нельга. Перакананая, там на сябе такую адказнасьць ніхто ўзяць ня мог, а сам жа міністар туды не паедзе разьбірацца. А можа, гэта той казаў, хто сам удзельнічаў ва ўсіх гэтых зьдзеках? Трэба разьбірацца. Грамадзтва мае права зрабіць высновы, але пасьля таго, як будуць вызначаныя вінаватыя. Уявіце, што будзе, калі ўскласьці адказнасьць на невінаватых! А такія выпадкі ў нас былі, памятаеце, ў 70-х у Віцебску. Чалавека расстралялі ні за што. Таму я як чалавек ва ўзросьце, які шмат перажыў і разумее, хачу спыніць гэтую хвалю ў тым ліку дзеля аб’ектыўнага расьсьледаваньня. Каб цяпер ніхто не спалохаўся і не пачаў падыгрываць у другі бок, бо гэта таксама небясьпечна.

Усё пра гвалт у беларускім войску

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG