Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гадавіна Чарнобылю ў Магілёве. Улада не згадала будаўніцтва АЭС. Апазыцыя: Пра трагедыю забываюць


Каля крыжа памяці ў Магілёве

Гадавіну Чарнобылю ў Магілёве адзначылі двума памінальнымі захадамі на гарадзкіх ускрайках. Улада правяла свой мітынг, апазыцыя — свой, нешматлюдны.

На афіцыйным мітынгу школьніку стала кепска. Яго забрала хуткая

Афіцыйны мітынг-рэквіем улада арганізавала каля мэмарыяльнага знаку «Ахвярам Чарнобыля», што на тэрыторыі былога навукова-дасьледчага інстытуту экалягічнай і прафэсійнай паталёгіі. У 2014 годзе гэтую мэдычную ўстанову рэарганізавалі. Цяпер яе карпусы займае псыхіятрычны шпіталь.

Большасьць на афіцыйным Чарнобыльскім мітынгу складала моладзь
Большасьць на афіцыйным Чарнобыльскім мітынгу складала моладзь

Большасьць удзельнікаў афіцыйнага мітынгу, як і ў мінулыя гады, складала моладзь. Дэлегацыі школьнікаў і студэнтаў дабіраліся грамадзкім транспартам. Кожная мела дзяржаўную атрыбутыку і тэматычныя транспаранты.

Падчас мітынгу аднаму школьніку стала кепска. Ён паваліўся, і яго забрала хуткая дапамога. Пра здароўе хлопца даведацца не ўдалося.

Школьніку стала кепска на мітынгу
Школьніку стала кепска на мітынгу

Разам з моладзьдзю ў шыхтах стаялі супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, якіх прывезьлі на аўтобусе, міліцыя, а таксама ліквідатары наступстваў аварыі на ЧАЭС.

Да мэмарыяльнага знаку ўсклалі кветкі і ўшанавалі памяць ахвяраў Чарнобылю хвілінай маўчаньня.

Чыноўнік: немагчыма ацаніць маштаб сацыяльных і экалягічных наступстваў трагедыі

Першы намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Алег Чыкіда абмінуў увагаю будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі, але адзначыў, што «Чарнобыль заўжды будзе нагадваць пра сваё злавеснае і трагічнае мінулае».

Выступае Алег Чыкіда
Выступае Алег Чыкіда

Паводле яго, Беларусь «набыла вымушаны досьвед жыцьця і працы ва ўмовах доўгатэрміновага радыяактыўнага забруджаньня», а дзяржава «пастаянна прыкладае немалыя высілкі для вяртаньня пацярпелых тэрыторыяў да жыцьця і росту сацыяльна-эканамічнага дабрабыту».

«Абраная дзяржавай стратэгія дазваляе захаваць дынаміку разьвіцьця пацярпелых раёнаў», — падсумаваў Алег Чыкіда.

На афіцыйным мітынгу
На афіцыйным мітынгу

На афіцыйным мітынгу прысутнічалі больш за тысячу чалавек.

Прадстаўнік апазыцыі: Боль Чарнобылю жыве ў тых, каго ён закрануў непасрэдна

Дзясятак актывістаў з Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды Партыі БНФ сабраліся каля Крыжа памяці па ахвярах чарнобыльскай трагедыі, усталяванага непадалёк ад найбуйнейшых Паўднёва-Ўсходніх могілак гораду. За памінальнай акцыяй апазыцыянэраў не назіралі супрацоўнікі міліцыі, як гэта было раней. Апазыцыя ня ходзіць на афіцыйны чарнобыльскі мітынг, бо яе прадстаўніку не даюць на ім выступіць.

Уладзімер Шанцаў
Уладзімер Шанцаў

На думку старшыні абласной арганізацыі АГП Уладзімера Шанцава, цяперашняя палітыка дзяржавы скіраваная на тое, каб «грамадзтва забыла пра Чарнобыль», бо «ўзяліся ўзводзіць іншы».

«Боль Чарнобылю жыве ў тых, каго ён закрануў непасрэдна. Хто вымушаны быў выехаць са сваіх мясьцін альбо захварэў і лічыць, што віною стала радыяцыя. Для моладзі ж Чарнобыльская трагедыя — гэта толькі эпізод у гісторыі, таму яны не ўспрымаюць падзею востра і не ўяўляюць яе маштабу», — кажа актывіст.

Апазыцыянэры таксама ўшанавалі памяць ахвяраў Чарнобылю ўскладаньнем кветак ды хвілінай маўчаньня.

Крыж памяці ахвяраў Чарнобылю ўсталявалі прадстаўнікі грамадзкасьці пры канцы 1990-х гадоў. Апазыцыянэры лічаць, што з усіх магілёўскіх могілак Паўднёва-Ўсходнія, непадалёк ад якіх стаіць крыж, — тыя, дзе пацярпелых ад радыяцыі пахавана найбольш.

На апазыцыйным мітынгу
На апазыцыйным мітынгу

Сумарная шкода, нанесеная Беларусі Чарнобыльскай катастрофай, ацэньваецца ў разьліку на трыццацігадовы пэрыяд яе пераадольваньня ў 235 мільярдаў даляраў ЗША. На пераадоленьне наступстваў катастрофы накіраваныя сродкі, — казаў Алег Чыкіда на трыццацігодзьдзе аварыі на ЧАЭС, — эквівалентныя 22 мільярдам даляраў. На забруджаных тэрыторыях Магілёўшчыны пражывае больш за дзесяць працэнтаў насельніцтва (108,8 тысячы чалавек).

У Менску праходзіць Чарнобыльскі шлях — 2018. УЖЫВУЮ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG