Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніколі ня позна спыніць будаўніцтва АЭС, — Варонежцаў


Госьць «Інтэрвію тыдня» — фізык, кандыдат тэхнічных навук, былы сябра Чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савету СССР Юры Варонежцаў. Ён нагадвае, што яшчэ ў 2010 годзе былі зробленыя дакладныя высновы, што будаўніцтва АЭС у Беларусі эканамічна цалкам не апраўданае, сьцьвярджае, што Беларусь толькі ашчадзіць, калі спыніць будаўніцтва АЭС, і заяўляе, што недабудаваны аб’ект павінен стаць помнікам недальнабачнасьці ўлады і абыякавасьці грамадзтва.

На Чарнобыльскай АЭС і да аварыі было мноства інцыдэнтаў, якія маглі скончыцца гэтак жа трагічна

— Наша размова адбываецца на фоне чарговага інцыдэнту, які здарыўся на будоўлі Астравецкай АЭС. Адзін зь мясцовых актывістаў паведаміў пра пажар у шчытавой, але прадстаўнікі БелАЭС заявілі, што пажару не было, толькі кароткае замыканьне. Ужо ня першы раз адбываецца так, калі грамадзтва даведваецца пра нейкія інцыдэнты толькі дзякуючы актывістам, а не афіцыйным прадстаўнікам, якія потым неахвотна прызнаюць наяўнасьць праблемаў. Хіба можна так сябе паводзіць з такім аб’ектам, як АЭС?

— На вялікі жаль, у адносінах да будаўніцтва АЭС падыходы не мяняюцца цягам апошніх гадоў. Што б ні здарылася, мы даведваемся нашмат пазьней і ня ў поўным аб’ёме.

Усё тое самае, як і ў савецкі час. Калі мне даводзілася ўдзельнічаць у расьсьледаваньні прычын катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, то аказалася, што там і да аварыі было мноства інцыдэнтаў, якія маглі скончыцца гэтак жа трагічна. АЭС — гэта не кароўнік і нават не цеплавая станцыя, і да яе будаўніцтва трэба падыходзіць з пэўнымі стандартамі, якія ў нас у краіне папросту не прынятыя.

Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

Яшчэ ў 2010 годзе былі зробленыя дакладныя высновы, што эканамічна будаўніцтва АЭС абсалютна не апраўданае

— Новыя падставы для дыскусіяў наконт АЭС даў сам Аляксандар Лукашэнка, які падчас свайго нядаўняга штогадовага пасланьня заявіў: «Мне дасюль ніхто ўцямна не далажыў, як АЭС будзе ўбудаваная ў эканоміку». Мільярды даляраў ужо патрацілі, а кіраўніцтва краіны ня ведае, што рабіць з гэтай энэргіяй?

— Калі ўзгадаць, як прымалася рашэньне пра будоўлю АЭС, дык той жа Лукашэнка адпачатку казаў, што без рэфэрэндуму ў краіне, якая гэтак моцна пацярпела ад Чарнобылю — мы не абыдземся. Потым праз год настрой раптам зьмяніўся — я ня ведаю, хто там што ўвёў яму ў вушы. І канчатковае рашэньне было прынята недзе ў студзені 2008 году на паседжаньні Рады бясьпекі. І было падкрэсьлена, што прынята менавіта палітычнае рашэньне аб будаўніцтве АЭС.

— Калі ўжо Лукашэнка паставіў такое пытаньне, то што яму можна адказаць? Куды можна падзець энэргію, якая будзе вырабляцца на АЭС, калі суседнія краіны яе яўна не зьбіраюцца купляць, а самой Беларусі столькі не патрэбна?

— Дзіўна, што кіраўнік дзяржавы кажа, што яму ніхто не далажыў пра тое, як АЭС будзе ўбудавана ў эканоміку краіны. У 2010 годзе была створаная грамадзкая камісія дзеля экалягічнай экспэртызы праекту будаўніцтва АЭС. Туды ўваходзілі такія паважаныя людзі, як Нікітчанка, Яблакаў, іншыя. Там былі пераважна экалягічныя матывы, але былі зробленыя дакладныя высновы, што эканамічна будаўніцтва АЭС абсалютна не апраўданае. Быў праведзены аналіз экспартнага патэнцыялу — тады ўжо было зразумела, што наўрад ці нам удасца нешта прадаць.

Ужо тады таксама была зроблена выснова, што ня ўлічаныя тэндэнцыі энэргаспажываньня ў Беларусі. У параўнаньні з савецкім часам нам удалося зьнізіць энэргаспажываньне на адзінку прадукцыі амаль у два разы. Нібыта забылася, што ў Беларусі існуюць сур’ёзныя дзяржпраграмы, у якіх запісана, што да 2015 году ўсё больш электраэнэргіі павінна вырабляцца за кошт альтэрнатыўных, мясцовых крыніц энэргіі.

То бок яшчэ ў 2010 годзе Лукашэнку ўсё было сказана, трэба было проста прачытаць і пагадзіцца з паважанымі навукоўцамі, што АЭС будаваць у Беларусі цалкам немэтазгодна.

— Лукашэнка, напэўна, ведаў пра гэтыя ацэнкі і аналіз. Але ў яго, відаць, ёсьць катэгарычнае неўспрыняцьцё тых парадаў і высноваў, якія даюць не дзяржаўныя структуры, а незалежнае грамадзтва, якое ён успрымае як апазыцыю. І гэта адметнасьць аўтарытарнай улады — пры гэтым многія людзі не разумеюць непасрэднай сувязі дэмакратыі з эканамічнымі рашэньнямі. У дэмакратычных краінах немагчымы такі мэханізм прыняцьця рашэньняў па АЭС, як гэта адбылося ў Беларусі.

— Так, у Польшчы гадамі ідзе дыскусія наконт гэтага, сур’ёзнае сутыкненьне думак. У некаторых краінах Эўропы праведзены рэфэрэндумы па гэтым пытаньні, адбываюцца сур’ёзныя дыскусіі ў парлямэнтах, у Нямеччыне менавіта пасьля гэтага было прынята рашэньне ўвогуле адмовіцца ад атамнай энэргетыкі, як і ў іншых краінах Эўропы.

Чарнобыльскі шлях-2017
Чарнобыльскі шлях-2017

АЭС стане помнікам недальнабачнасьці ўлады і абыякавасьці грамадзтва

— Дык а што зараз можна зрабіць з АЭС, маючы на ўвазе, што значная частка будаўніцтва ўжо праведзеная і патрачаныя вялізныя грошы?

— Я катэгарычны праціўнік атамнай энэргетыкі. Я б спыніў будаўніцтва, гэта робіцца ў многіх краінах. Тая ж новая АЭС, якую будуюць фіны ад 2005 году, ня будзе запушчаная, хоць там затрачана шмат грошай. У канчатковым выніку мы з вамі ашчадзім — ня мы, дык нашы дзеці. Бо спыненьне і вывад двух рэактараў нашым наступнікам праз 40–50 гадоў абыдзецца прыблізна ў такую ж суму, якая затрачаная на будаўніцтва. Гэта нямецкі досьвед, калі АЭС «Норд», зачыненая ў 90-я гады, будзе выводзіцца да стану «зялёнага лугу» цэлых 5 гадоў, і на гэта затрацяць больш за 3 мільярды эўра.

— Вы лічыце, што спыніць будаўніцтва АЭС ніколі ня позна?

— Так. Такое рашэньне можна прымаць за 5 хвілін да запуску рэактара. І нашы дзеці і ўнукі будуць толькі ўдзячныя нам за гэта.

— А недабудаваны аб’ект у такім варыянце стане помнікам. Помнікам чаму?

— Ня толькі, скажам мякка, недальнабачнасьці і невысокаму ўзроўню пісьменнасьці дзейных уладаў. Але і нашай з вамі агульнай абыякавасьці і баязьлівасьці. Бо калі ў 2010–11 гадах было нейкае варушэньне, пратэсты — то зараз мы ўсё праглынаем. Нягледзячы на тое, што ў нас уся краіна атрымала вялікую дозу пасьля Чарнобылю — тым ня менш мы ў большасьці цалкам абыякавыя да таго, што будуецца такі аб’ект.

Як сказаў акадэмік Пётар Капіца: «Я б выбіў на корпусе рэактара словы, што атамная электрастанцыя — гэта атамная бомба, якая вырабляе электрычнасьць».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG