Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі праабяцалі правесьці хуткі інтэрнэт у кожны шматкватэрны дом да канца 2018 году


Міністар сувязі Беларусі Сяргей Папкоў заявіў БелТА, што да канца 2018 году ўсе шматкватэрныя дамы Беларусі будуць падключаныя да сеціва ў тэхналёгіі GPON.

Такое падключэньне праз аптычнае валакно дае доступ да інтэрнэту з хуткасьцю да 1 Гбіт/с. «Оптавалаконныя» тарыфы дзяржаўнага правайдэра byfly сёньня прадугледжваюць максымальную хуткасьць прыёму зьвестак з інтэрнэту на хуткасьці да 100 Мбіт/с. Таксама праз оптавалакно перадаюцца паслугі тэлефону і тэлевізіі.

Паводле Папкова, на 1 ліпеня 2017 году ў Беларусі ў тэхналёгіі GPON падключаныя 1,39 млн абанэнтаў (плюс 300 тысяч за паўгода). Усяго ж у краіне на пачатак году налічвалася 3,06 млн абанэнтаў «хатняга» шырокапалоснага доступу да інтэрнэту, гэта 68% беларусаў.

4G

Таксама Папкоў паабяцаў, што да канца году мабільная LTE-сувязь (4G) зьявіцца ва ўсіх раённых цэнтрах. На момант публікацыі 4G-сеткі «ловяцца» ў абласных цэнтрах і шэрагу раённых цэнтраў, як то Драгічын, Копысь, Лунінец ці Ўзда — Папкоў кажа, LTE ахоплівае цяпер 60% насельніцтва.

5G

Тэхналёгія 5G зьявіцца ў Беларусі адразу пасьля міжнароднай стандартызацыі, абяцае Папкоў.

4G у форме LTE зьявілася ў Беларусі ў канцы 2015 году, праз 6 гадоў пасьля першага запуску LTE-сеткі ў сьвеце, і не наўпрост праз камэрцыйных апэратараў, а празь дзяржаўнага інфраструктурнага апэратара. LTE-сувязь цяпер прапаноўваюць толькі 2 з 3 мабільных апэратараў: velcom ня раз заяўляў, што тэхнічна гатовы даць абанэнтам LTE, але ня можа дамовіцца зь дзяржавай пра ўмовы.

ID-карты

Сэрвісна-разьліковая сыстэма ўнутраных ID-картак, што будуць дзейнічаць як унутраныя пашпарты ў дадатак да будучых «міжнародных» біямэтрычных пашпартоў, мае запрацаваць у Беларусі ад 1 ліпеня 2018 году, запэўнівае Папкоў. Ён жа раней абяцаў, што «міжнародныя» біямэтрычныя пашпарты беларусам пачнуць выдаваць ад 2019 году.

«Інтэрнэт сёньня нельга перамагчы»

Папкоў таксама выказаўся пра абмежаваньне доступу да інтэрнэт-сайтаў. Ён адмовіўся распавесьці пра дэталі рыхтаваньня праекту ўказу пра парадак абмежаваньня доступу да сайтаў са шкоднай інфармацыяй (ААЦ сьцьвярджае, што будзе «проста юрыдычнае і тэхнічнае прывядзеньне ў адпаведнасьць з новапрынятымі актамі»).

Але заявіў, што «колькі законаў ня будзе, інтэрнэт закрыць немагчыма»:

«Сёньня закрыеш адзін сайт, выйдзе новы з плюсікам і тым жа кантэнтам, — перадае Onliner.by словы Папкова. — Інтэрнэт сёньня нельга перамагчы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG