Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біямэтрычныя ID-пашпарты беларусам пачнуць выдаваць з 2019 году


А ва Ўкраіне ID-пашпарты ўжо выдаюць

Пра гэта сказаў міністар сувязі і інфарматызацыі Беларусі Сяргей Папкоў.

«У 2019 годзе, думаю, пачнём атрымліваць першыя біямэтрычныя ID-пашпарты. Працэдура атрыманьня падкантрольная Міністэрству ўнутраных спраў», — цытуе БелТА Сяргея Папкова.

Паводле міністра, далейшае разьвіцьцё атрымае і дзяржаўная сыстэма засьведчаньня электронных ключоў. Пакуль іх выдадзена каля 100 тысяч, а патэнцыял — да 300 тысяч.

Сяргей Папкоў сказаў, што гэтая праца вядзецца ў рэчышчы дзяржпраграмы разьвіцьця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадзтва на 2016–2020 гады. Праграма каштуе каля 1,35 мільярда рублёў.

Магчымасьць увядзеньня ў Беларусі пашпартоў зь біямэтрычнымі зьвесткамі абмяркоўваецца ня першы год. Напрыклад у 2010 годзе заяўлялася, што першыя біямэтрычныя дакумэнты ў краіне будуць выдавацца ўжо праз два гады, аднак гэтага не адбылося.

Раней начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун казаў, што першыя біямэтрычныя пашпарты для выезду за мяжу і нацыянальная ID-карта з адпаведнымі праграмамі зьявяцца ў Беларусі пры канцы 2018 году.

Бягун зьвярнуў увагу на перавагі плястыкавых карт зь біямэтрычнай інфармацыяй: яны зносаўстойлівыя, іх практычна немагчыма падрабіць.

«Выкарыстаньне біямэтрычных замежных пашпартоў дазваляе перасякаць мяжу іншых дзяржаў больш хутка і камфортна», — сказаў начальнік дэпартамэнту.

XS
SM
MD
LG