Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ажыятаж зь біямэтрычнымі пашпартамі пасьля навіны пра бязьвіз з Эўразьвязам


Украіна стала трэцяю краінаю з постсавецкай Садружнасьці незалежных дзяржаў пасьля Малдовы ды Грузіі, якая атрымала бязьвізавы рэжым з краінамі Эўрапейскага Зьвязу.

Да атрыманьня ўкраінцамі поўнага права на свабодныя падарожжы па Эўропе засталося яшчэ некалькі этапаў — пасьля сёньняшняга ўхваленьня адпаведнага рашэньня Эўрапарлямэнтам, бязьвіз для Ўкраіны маюць падтрымаць на ўзроўні амбасадараў краін ЭЗ, Рады Эўразьвязу, апублікаваць афіцыйную пастанову, якая набудзе юрыдычную моц праз 20 дзён пасьля публікацыі. Паводле прагнозаў, ужо ў чэрвені ўкраінцы змогуць скарыстацца новымі ўмовамі для паездак у эўрапейскія краіны, але толькі на падставе біямэтрычных пашпартоў.

Доўгачаканая перамога

Да актывізацыі перамоў пра бязьвізавы рэжым паміж Украінаю ды Эўразьвязам падштурхнула Рэвалюцыя годнасьці, якая адбылася ў 2013-2014 гадах і пачалася менавіта з пратэстаў супраць адмовы папярэдніх украінскіх уладаў ад падпісаньня пагадненьня пра асацыяцыю з Эўразьвязам. З таго часу новае кіраўніцтва краіны неаднойчы абвяшчала і абяцала, што бязьвізавы рэжым вось-вось запрацуе, але працэс ішоў марудна. Цяпер жа, пасьля ўхваленьня рашэньня Эўрапарлямэнтам, улады адрэагавалі хоць і задаволена, але даволі стрымана.

«Я хачу падкрэсьліць, што гэта яшчэ не адкрыцьцё мяжы. Мы яшчэ чакаем рашэньня Рады Эўразьвязу, мы старанна працуем, каб ніхто не адсунуў і ня адтэрмінаваў гэты працэс», — заявіў сёньня журналістам прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пад час Кіеўскага форуму ў пытаньнях бясьпекі. Паводле яго, «прапуцінскія прадстаўнікі» у Эўразьвязе спрабуюць перашкодзіць Украіне атрымаць бязьвіз, што прадэманстравалі і апошнія дэбаты ў Эўрапарлямэнце.

Міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін у сваю чаргу дадаў, што сапраўдным сьвятам стане першы дзень, калі ўкраінцы змогуць рэальна, а не тэарэтычна скарыстацца перавагамі бязьвізавага рэжыму.

Бязь візаў, але з забесьпячэньнем

Галоўнаю ўмоваю бязьвізавага рэжыму ёсьць біямэтрычны пашпарт. Ва Ўкраіне такі дакумэнт для замежных паездак пачалі выдаваць ад пачатку 2015 году, а ўжо з 2016 — наагул адмовіліся ад выдачы старых пашпартоў. Што праўда, вялікая колькасьць украінцаў і дагэтуль карыстаецца дакумэнтам старога ўзору. Паводле міграцыйнай службы, толькі каля 2 мільёнаў грамадзян зьмянілі звыклыя пашпарты на біямэтрыю.

На мяжы з Эўразьвязам уладальнікам біямэтрычных пашпартоў давядзецца абгрунтоўваць памежнікам мэту і ўмовы сваёй паездкі, а таксама давесьці наяўнасьць дастатковай колькасьці фінансавых сродкаў, як для знаходжаньня ў ЭЗ, гэтак і для вяртаньня ва Ўкраіну. Апроч таго, эўрапейскія памежнікі будуць спраўджваць, ці не знаходзіцца «бязьвізьнік» у пераліку асобаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз і ці не ўяўляе ён пагрозу для грамадзкага парадку, бясьпекі і міжнародных адносін.

Але гэта не выключныя правілы для ўкраінцаў — яны распаўсюджваюцца на грамадзян усіх замежных краін, якія накіроўваюцца ў Эўропу. Такім чынам, бязь візы ўкраінцам давядзецца мець з сабою запрашэньне, мэдычную страхоўку, даведку на бронь з гатэлю і пацьвярджэньне фінансавага забесьпячэньня.

У выпадку з папяровым пашпартам, украінцам давядзецца, як і раней, афармляць візу. Пытаньне пакуль толькі ў тым, ці будзе яна бясплатнай.

Рызыка спыненьня

Летась у сьнежні Эўрапарлямэнт ухваліў мэханізм прыпыненьня бязьвізавага рэжыму, які набыў юрыдычную моц на пачатку 2017 году. Згодна зь ім, Эўракамісія будзе адсочваць адпаведнасьць краін крытэрыям, на падставе якіх візавы рэжым быў скасаваны.

«Бязьвізавы рэжым — гэта і адказнасьць за выкананьне міграцыйных правілаў ЭЗ. Калі мы, украінцы, будзем іх парушаць, то, відавочна, могуць уступіць у сілу штрафныя санкцыі і закрыцьцё гэтай бязьвізавай гісторыі. Важна ўсім, хто будзе ім карыстацца, своечасова вяртацца дадому», — заявіла віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка.

Міністар замежных спраў Украіны ў 2010-2012 гадах Канстанцін Грышчанка мяркуе, што цяпер ужо наўрад ці ўвядзеньне бязьвізавага рэжыму можа быць заблякаванае. «Але адтэрмінаваць могуць на пэўны час, у залежнасьці ад тых жа выбараў у Францыі», — дадаў ён.

Пашпартны ажыятаж

Рашэньне Эўрапарлямэнту пра бязьвізавы рэжым з Украінаю адразу ж адбілася на працы Дзяржаўнай міграцыйнай службы, якая займаецца выдачай пашпартоў.

Інтэрнэт-старонка, на якой можна было запісацца ў электронную чаргу на афармленьне біямэтрычнага пашпарту, перастала працаваць за лічаныя гадзіны. Як паведамляецца, у сувязі зь перавышэньнем ліміту рэсурсу. У большасьці рэгіёнаў чэргі расьпісаныя на два тыдні.

XS
SM
MD
LG