У Францыі 23 красавіка праходзяць выбары прэзыдэнта рэспублікі. На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць 11 кандыдатаў, зь якіх, паводле прагнозаў, шанцы прайсьці ў другі тур маюць адразу 4 кандыдаты.
Гэта былы міністар эканомікі Мануэль Макрон (ягоны рэйтынг паводле апытаньняў перад выбарамі склаў 24%), кіраўніца «Нацыянальнага фронту» Марын Лё Пэн (22%), экс-прэм’ер Франсуа Фіён зь цяперашняй партыі ўлады «Рэспубліканцы» і лідэр ультралевых з «Няскоранай Францыі» Жан-Люк Мэляншон, якія маюць прыблізна па 19% электаральнай падтрымкі. Пры гэтым у сьпіну чацьвёрцы лідэраў дыхае былы міністар адукацыі Бэнуа Амон, які паступова набяраў рэйтынг.
Назіральнікі адзначаюць, што да трэці францускіх выбарцаў яшчэ не вызначыліся са сваім кандыдадатам, таму галасаваньне можа даць і нечаканыя вынікі.
Яўка на выбарах прагназуецца да 73%. Калі 23 красавіка ніхто з кандыдатаў не набярэ больш за 50% галасоў, 7 траўня адбудзецца другі тур. Экспэрты мяркуюць, што шансы для Францыі атрымаць прэзыдэнта ўжо ў першым туры выбараў мінімальныя.
Траціна французаў ня пойдзе на выбары, а другая траціна ня ведае за каго галасаваць
Тры з чатырох лідэраў прэзыдэнцкай гонкі выступаюць за паляпшэньне адносінаў з Расеяй. Гэта Франсуа Фіён, Жан-Люк Мэляншон і Марын Лё Пэн — апошняя заклікае нават прызнаць расейскую анэксію Крыму.
З першай чацьвёркі толькі Мануэль Макрон абяцае сваім выбарцам цьвёрдасьць пазыцыі краіны што да агрэсіі Расеі ва Ўкраіне і падзеяў у Сырыі.Перадвыбарчая гонка суправаджалася гучнымі скандаламі. На кандыдата ў прэзыдэнты Франсуа Фіёна напярэдадні выбараў была заведзеная крымінальная справа паводле падазрэньняў у растраце дзяржаўных сродкаў і злоўжываньнях.
Супраць Марын Л1 Пэн было раскрыта дзьве крымінальныя справы, у тым ліку мэдыі шмат пісалі пра грашовую дапамогу на некалькі мільёнаў даляраў, якую Расея аказвала Нацыянальнаму фронту пад яе кіраўніцтвам.
Пры гэтым ад часу апошняга тэракту ў Парыжы, калі ад рук мусульманіна загінуў паліцыянт, рэйтынг Марын Лё Пэн падняўся на 1%. Марын Лё Пэн заклікае да выхаду Францыі з Эўразьвязу па прыкладзе Вялікай Брытаніі.
Пасьля «брэкзіта» назіральнікі назвалі прэзыдэнцкія выбары ў Францыі «галоўнай бітвай» за лёс Эўразьвязу.