Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра беларускага волата Фёдара Махнова і помнік, які зьявіўся ў Віцебску. Шмат ФОТА


Фёдар Махноў — адзін з сусьветна вядомых ураджэнцаў Віцебшчыны: ён лічыцца самым высокім чалавекам плянэты, хоць дакладных зьвестак пра ягоны рост не захавалася. З нагоды 140-годзьдзя асілка ў абласным цэнтры ставяць скульптуру «Віцебскі волат» — выяву Фёдара Махнова ў натуральную велічыню.

1. Бацькі Фёдара Махнова былі звычайнага росту

У раённым гістарычным музэі
У раённым гістарычным музэі

Фёдар Махноў нарадзіўся ў вёсцы Касьцюкі Віцебскага павету 18 чэрвеня 1878 году. Ягоныя бацька і маці не вызначаліся высокім ростам. А вось хлопчык нарадзіўся вялікі, і пасьля родаў маці захварэла ды неўзабаве памерла. Бацька ажаніўся зноўку, і ў другім шлюбе ў яго нарадзілася яшчэ трое дзяцей, прычым усе яны былі звычайнага росту. Фёдара аддалі на выхаваньне дзеду, і з шасьці гадоў ён пачаў так імкліва расьці ды набіраць моц, што ў 10 гадоў яго ўзялі працаваць на млын да мясцовага пана — выцягваць з вады вялікія камяні, якія заміналі плыні. У халоднай вадзе ён застудзіў ногі, і дасьледчыкі кажуць, што гэта магло стацца прычынай яго раньняй сьмерці.

Калі Фёдару споўнілася 12, бацька вырашыў, што моцны высокі падлетак будзе добрым памочнікам у гаспадарцы, і вярнуў сына дадому. На той час рост Фёдара сягаў ужо за 2 мэтры, і бацьку сьпярша давялося надбудаваць хату на 2-3 вянцы ды замовіць кавалю адмысловы ложак. Мэблю — стол і лаўкі — таксама перарабілі з улікам росту Фёдара. І адзеньне для яго даводзілася шыць на замову: хлопец быў ня толькі высокага росту, але й меў нестандартную фігуру — у яго былі непрапарцыйна доўгія рукі і ногі.

Для музэйнай экспазыцыі ўзнавілі адзеньне Фёдара Махнова
Для музэйнай экспазыцыі ўзнавілі адзеньне Фёдара Махнова

2. У 14 гадоў Фёдар Махноў паехаў у Бэрлін, каб выступаць з цыркавой трупай

Калі Фёдару было 14 гадоў, ён з бацькам паехаў у Віцебск прадаваць гародніну. Там якраз гастраляваў нямецкі цырк, і незвычайна высокага Фёдара заўважыў дырэктар, Ота Біліндэр. Ён прапанаваў бацьку аддаць хлопца ў трупу. Той пагадзіўся, і Фёдар Махноў паехаў у Нямеччыну. Там ён два гады вучыўся грамаце і цыркавому майстэрству, жывучы ў сям’і Біліндэраў.

У раённым гістарычным музэі. Цыліндар і макет для фатаграфаваньня
У раённым гістарычным музэі. Цыліндар і макет для фатаграфаваньня

У 16 гадоў хлопец падпісаў першы кантракт. Ягоны рост, зафіксаваны ў дакумэнце, складаў на той час 2 мэтры 53 сантымэтры. Гледачы дзівіліся ня толькі на гэта: Фёдар Махноў быў надзвычай моцны і з посьпехам выконваў разнастайныя цыркавыя трукі — згінаў і разгінаў падковы, ламаў рукамі цагліны, падымаў цяжкія прадметы. Прыкладам, лежачы на сьпіне, трымаў над сабой драўляную плятформу з трыма музыкамі...

За 9 гадоў працы ў цырку волат вырас да 2 мэтраў 85 сантымэтраў — гэта зафіксавана ў тагачасных афішах. Выступы Фёдара Махнова праходзілі з аншлягам, ён зьбіраў грошы і быў ужо заможным чалавекам, калі вырашыў вярнуцца дахаты. Якраз тым часам памешчык, на якога Махноў працаваў у дзяцінстве, прадаваў свой маёнтак. 25-гадовы Фёдар яго выкупіў, перабудаваў, замовіў новую мэблю. І вырашыў, што надышоў час шукаць сабе жонку.

3. Жонка Фёдара Махнова мела рост 1 мэтар 85 сантымэтраў

Заручальны пярсьцёнак Фёдара Махнова
Заручальны пярсьцёнак Фёдара Махнова

Знайсьці нявесту, якая не забаялася б пабрацца з такім асілкам, было нялёгка. Родныя Фёдара зладзілі цэлы «кансыліюм» з удзелам лекараў і сьвятароў, які пастанавіў: перашкод для жаніцьбы няма. Але жонка мусіць таксама быць высокай. Самай удалай была прызнана кандыдатура настаўніцы Ефрасіньні Лебедзевай: па-першае, яна была высокага росту, хоць і на мэтар ніжэйшая за жаніха, а па-другое, была эканомнай і ўмела ашчадна весьці гаспадарку.

Праўда, каб пабрацца зь Ефрасіньняй, Фёдару Махнову сьпярша давялося выдаць замуж яе старэйшую сястру Паліну, сабраўшы ёй багаты пасаг: паводле традыцыі, малодшая сястра магла ісьці пад вянец толькі пасьля старэйшай.

У 1902 годзе маладыя пабраліся. Заручальны пярсьцёнак Фёдара быў такі вялікі, што ў яго праходзіў срэбны рубель, пісалі газэты. У 1903 годзе ў маладой пары нарадзілася дачка Марыя, у 1904-м — сын Мікалай.

У раённым гістарычным музэі. На фота — Фёдар і Ефрасіньня Махновы
У раённым гістарычным музэі. На фота — Фёдар і Ефрасіньня Махновы

Калі дачцэ споўнілася 5 гадоў, запасы грошай скончыліся. Паколькі Фёдар па-ранейшаму атрымліваў запрашэньні на цыркавыя выступы, было вырашана, што кар’еру цыркавога артыста ён будзе працягваць. Таму ў 1908 годзе ён зноў прыехаў у Бэрлін, ужо зь сям’ёй. Але ў мясцовым цырку працаваць не захацеў, а падпісаў кантракт на гастрольны тур па Эўропе, а пазьней — і па ЗША.

4. Падчас гастроляў Махноў ледзьве ня трапіў у турму, але пашэнціла: не знайшлося камэры адпаведнага памеру

Рэклямуючы ягоныя выступы, замежныя газэты апісвалі рацыён «рускага асілка»: «На сьняданьне ён зьядае 8 боханаў белага хлеба з маслам і 20 яек, выпівае 2 літры гарбаты. На абед у яго бывае 2,5 кіляграма мяса і кіляграм бульбы, а зьверху — 3 літры піва. На вячэру — 15 яек, літар малака або гарбаты, бохан хлеба».

Фрагмэнт экспазыцыі. Рацыён Фёдара Махнова
Фрагмэнт экспазыцыі. Рацыён Фёдара Махнова

Публіка не шкадавала грошай, каб паглядзець на гіганта. Марылі пазнаёміцца зь Фёдарам Махновым і многія вядомыя ды ўплывовыя асобы. Кажуць, што аднойчы яго запрасіў на гарбату нямецкі канцлер і паставіў на стол, апрача сэрвізу, вялізную пасудзіну літраў на 10. Абражаны Фёдар узяў звычайны кубак і папрасіў прыбраць са стала «вядро».

У Англіі падчас прыёму, які зладзілі ў гонар Махнова, ён жартам патушыў сьвечкі ва ўсіх жырандолях, прымацаваных да столі. А ў Францыі дык і ўвогуле ўчыніў скандал у прысутнасьці дзяржаўных чыноўнікаў высокага рангу. Сутнасьць здарэньня да нашых дзён не дайшла, але вынік ледзьве не разбурыў ягоную кар’еру: Махнова зьбіраліся пасадзіць у турму, але не знайшлося камэры, адпаведнай ягонаму росту.

У ЗША ён сустракаўся з прэзыдэнтам Тэадорам Рузвэльтам, Папа Рымскі Пій V падараваў яму свой залаты крыж, назваўшы Фёдара «цудам Божым». Гэты крыж нашчадкі захоўвалі і пасьля сьмерці Фёдара Махнова — да самай Вялікай Айчыннай вайны. Тады рэліквію давялося прадаць, каб уратавацца ад нішчымніцы.

5. Фёдар Махноў баяўся, што яго заб’юць, каб забраць цела на досьледы

Фрагмэнт экспазыцыі
Фрагмэнт экспазыцыі

У 1911 годзе Фёдар стаў кепска хадзіць — праявіла сябе хвароба ног, застуджаных дзяцінстве. Пакутаваў ён і ад таго, што падчас гастрольных паездак даводзілася жыць у звычайных гатэлях, перасоўвацца ў каютах, не прыстасаваных для чалавека такога высокага росту. А паводле ўмоваў кантракту яму забаранялася выходзіць з памяшканьняў — каб людзі плацілі грошы за тое, каб яго ўбачыць, а не глядзелі задарма...

Зрэшты, ён і сам асьцерагаўся выходзіць з дому. Навукоўцы адной зь нямецкіх клінік прапанавалі яму вялікія грошы, каб пасьля сьмерці ягонае цела аддалі на вывучэньне. Бо ён быў і насамрэч унікальным чалавекам: даўжыня ступні складала 51 см, далоні — 32 см, а рост, паводле дадзеных розных кантрактаў, быў і 2 м 85 см, і нават 3 м 20 см — магчыма, гэта з улікам вышыні цыліндра, у якім Фёдар выступаў. Была ў яго і яшчэ адна асаблівасьць: раніцай ягоны рост быў на некалькі сантымэтраў большы, чым увечары, калі ягоны хрыбетнік сьціскаўся пад цяжарам масы цела.

У раённым гістарычным музэі. Макет абутку Фёдара Махнова
У раённым гістарычным музэі. Макет абутку Фёдара Махнова

Фёдар баяўся, што яго могуць забіць «у імя навукі». Потым дадаліся страхі за будучае дзіця: падчас гастроляў жонка Махнова зацяжарала, і ёй прапанавалі нарадзіць пад назіраньнем навукоўцаў — раптам на сьвет зноўку зьявіцца гігант? Гэтая прапанова таксама падалася небясьпечнай, і ў 1911 годзе, перарваўшы гастрольны кантракт, сям’я Махновых вярнулася на Віцебшчыну.

Па вяртаньні на радзіму ў Махновых нарадзілася дачка Маша. Кажуць, што сьвятар быў нецьвярозы, і таму запісаў яе пад такім самым імем, што і старэйшую сястру. У 1912-м нарадзіліся блізьняты Гаўрыла (Галюн) і Радзівон (Радзімір). Калі хлопчыкам споўнілася 6 месяцаў, Фёдар Махноў памёр. Яму было ўсяго 34 гады.

6. Магіла Фёдара Махнова пустая, а на помніку памылкі

Незадоўга да сьмерці асілка, калі Фёдар ужо цяжка хварэў, да яго ў маёнтак прыехаў Ота Біліндэр. Ён прапанаваў замовіць месца на бэрлінскіх могілках і паставіць помнік з мармуру. Але Фёдар, прыўзьняўшыся на ложку, паказаў праз акно на вясковыя могілкі. Выконваючы апошнюю волю, там яго і пахавалі.

Зараз да могілак дабрацца праблематычна: туды няма дарогі, бо вёска Касьцюкі зьнікла і пахаваньні апынуліся практычна ў лесе.

Аднак цела Фёдара Махнова ў магіле няма. У 1930-я гады ягоны малодшы сын Радзівон вучыўся ў менскім мэдінстытуце, і выкладчыкі, даведаўшыся, хто ягоны бацька, угаварылі родных прадаць шкілет гіганта за 5 тысяч рублёў. Сваякі пагадзіліся: былая жонка Фёдара другі раз выйшла замуж, нарадзіла яшчэ траіх дзяцей, былы панскі маёнтак раскулачылі, і грошы былі вельмі патрэбны. Парэшткі асілка эксгумавалі, перавезьлі ў Менск, але ў час Вялікай Айчыннай вайны яны зьніклі.

У раённым гістарычным музэі. Фрагмэнт экспазыцыі
У раённым гістарычным музэі. Фрагмэнт экспазыцыі

Помнік на магіле Фёдара Махнова захаваўся да нашых дзён, але надпісы на ім з памылкамі. Па-першае, напісана, што ён памёр ва ўзросьце 36 гадоў. Па-другое, што ягоны рост быў 2 мэтры 53 сантымэтры. Дасьледчыкі лічаць, што такім ён быў у Фёдара ва ўзросьце 16 гадоў, а потым хлопец працягваў расьці, і лічба 2 мэтры 85 сантымэтраў, пазначаная ў шматлікіх кантрактах, сапраўдная. Калі гэта так, то Фёдар Махноў сапраўды зьяўляецца самым высокім чалавекам у сьвеце, бо ён быў на 13 см вышэйшым за Робэрта Пэршынга Ўодлаў (Robert Pershing Wadlow), чый рост складаў 272 см, і гэта было зафіксавана афіцыйна. Менавіта амэрыканскі гулівэр трапіў у Кнігу рэкордаў Гінэса, бо рост асілка зь Віцебшчыны вядомы толькі з ускосных зьвестак.

7. Сваякі Фёдара Махнова баяліся ссылкі на Калыму

Вярнуўшыся на радзіму, Махноў хацеў адкрыць на сваім хутары невялікую фабрыку, наняць на працу сваякоў ды плаціць ім добрыя заробкі. Але не пасьпеў. Віцебскі губэрнатар дасылаў прашэньне ў Санкт-Пецярбург, каб Фёдару Махнову далі дваранскі тытул, аднак і яго не дачакаўся.

Другая сям’я жонкі Фёдара, атрымаўшы ў спадчыну ягоную даволі багатую маёмасьць, пасьля кастрычніка 1917-га трапіла пад раскулачваньне. У былым маёнтку стварылі калгас. Грошы, якія Ефрасіньня трымала ў банку, забралі, і ёй з васьмю дзецьмі давялося жыць у беднасьці. Яшчэ горш стала, калі ў 1933 годзе рэпрэсавалі яе другога мужа.

Усё адзеньне Фёдара перашылі на сыноў і дачок: зь вялізнага футра атрымалася некалькі дзіцячых футраў, з адных ботаў таксама выйшла некалькі пар абутку. Але некаторыя рэчы пакінулі для забаваў: цыліндар стаў казачным дамком для лялек, а ў вялізных галёшах дзеці каталіся з горкі, як на санках.

У раённым гістарычным музэі. Фрагмэнт экспазыцыі
У раённым гістарычным музэі. Фрагмэнт экспазыцыі

Старэйшая дачка Марыя, калі падрасла і вывучылася, працавала бухгальтаркай на чыгунцы. Жыла ў Гомлі, туды ж пераехалі і многія сваякі. Сын Мікалай вучыўся ў Маскве ў вайсковай акадэміі, але ў 1930-я нехта пазайздросьціў, што ў яго застаўся бацькаў залаты гадзіньнік. Пасьля даносу яго саслалі на Калыму, а гадзіньнік забралі. Ён вярнуўся адтуль толькі праз 13 гадоў, падарваўшы здароўе: яму прыціснула тачкай нагу, і пасьля апэрацыі ў лягерных умовах адна нага стала карацейшай за другую на 15 см.

Пра малодшую дачку Машу засталося небагата зьвестак, вядома толькі, што яна працавала бібліятэкаркай. Сыны Гаўрыла і Радзівон загінулі ў час Другой сусьветнай вайны. Першы памёр пасьля раненьня. Другі вёў падпольную дзейнасьць: працуючы санітарным лекарам, наведваў лягеры ваеннапалонных і пад выглядам хворых на тыф вывозіў адтуль камандзіраў Чырвонай Арміі. Загінуў ад рук гестапаўцаў у 1943 годзе.

Ефрасіньня Махнова памерла ў 64 гады ад інсульту. Нашчадкі Фёдара Махнова воляй лёсу апынуліся ў Менску, Гомлі, Расеі і Латвіі.

8. Як сынам Фёдара Махнова стаў Уладзіслаў Чэкан

Радзівон Махноў
Радзівон Махноў

У траўні гэтага году Віцебскі раённы краязнаўчы музэй запачаткаваў праект «Жывая памяць»: супрацоўнікі прапанавалі мясцовым школьнікам увасобіць абаронцаў гэтых краёў паводле фатаздымкаў часу Другой сусьветнай вайны.

На адным з архіўных фота была зьнята сямейная пара, а на адвароце подпіс: «Радзівон Шахноў са сваёй жонкай, урачы-падпольшчыкі». Супрацоўнікі музэю доўга шукалі якіх-небудзь зьвестак пра Шахновых. А потым здагадаліся, што памылка была ў прачытаньні прозьвішча і насамрэч на здымку — сын славутага Фёдара Махнова, якога закатавалі фашысты. Ягонай жонцы і дачцэ тады ўдалося ўратавацца.

Дарэчы, усе нашчадкі Фёдара Махнова былі звычайнага росту, і шукаць адмысловую «мадэль» не спатрэбілася. Героя фатаздымка ўвасобіў Уладзіслаў Чэкан, школьнік з пасёлка Акцябрскі, аматар гістарычных квэстаў. Менавіта праз гэта ён і трапіўся на вочы супрацоўнікам музэю — яны пераглядалі фатаздымкі з імпрэзаў і вырашылі, што тыпаж гэтага хлопца падыходзіць найболей.

Зьлева арыгінал фота, справа — рэканструкцыя
Зьлева арыгінал фота, справа — рэканструкцыя

Да 140-годзьдзя Фёдара Махнова раённы музэй падрыхтаваў адмысловую экспазыцыю ды правёў навуковую канфэрэнцыю «Волаты Прыдзьвіньня». Але бадай што адзіны арыгінальны экспанат — аснова амаль трохмэтровага ложка, на якім спаў гігант — знаходзіцца ў школьным музэі вёскі Старое Сяло.

9. Помнік Фёдару Махнову адкрываюць ужо з другой спробы

Захавальніца музэю, настаўніца-пэнсіянэрка Маргарыта Юшкевіч, яшчэ ў 2011 годзе паведаміла журналістам, што помнік Фёдару Махнову будзе адкрыты ў Старым Сяле. Маўляў, знайшоўся мэцэнат, гатовы быць спонсарам скульптурнай кампазыцыі зь дзьвюх фігураў — Махнова і ягонай жонкі. Помнік зьбіраліся паставіць на чыгуначнай станцыі — каб быў відаць з вокнаў цягнікоў і прывабліваў патэнцыйных турыстаў. Але ідэя так і засталася неўвасобленай.

Станцыя Старое Сяло. Месца для помніка вольнае
Станцыя Старое Сяло. Месца для помніка вольнае

У 2018-м, да 140-годзьдзя Фёдара Махнова, улады ў Віцебску вырашылі паставіць скульптуру «Віцебскі волат». Грамадзкага абмеркаваньня не было. Гараджанаў паставілі перад фактам. Грошы ўзялі з заробленага на суботніках. Бронзавая фігура вагой 1,2 тоны абышлася гораду амаль у 75 тысяч рублёў, разам з аўтарскім ганарарам.

Аўтар, скульптар Іван Казак, кажа, што «гэта ня помнік Фёдару Махнову, а мастацкі вобраз паводле рэальнага прататыпу» — фігура мае прапорцыі цела Махнова, узноўленыя па фатаздымках. Паводле беларускага заканадаўства, згоду на ўстаноўку помніка мусіць даць асабіста Аляксандар Лукашэнка, а на гарадзкую дэкаратыўную скульптуру такога дазволу не патрабуецца — тут усё вырашаюць мясцовыя ўлады.

Скульптар побач са сваім творам
Скульптар побач са сваім творам

На «Віцебскага волата» ўлады ўскладаюць надзеі павышэньня мясцовага турыстычнага патэнцыялу. Выява галоўнага героя мае вышыню 320 см разам з галаўным уборам героя (285 см — без цыліндра). А для маштабу — каб гледачы маглі ацаніць незвычайны рост асілка — элемэнтам кампазыцыі стала венскае крэсла. Мяркуецца, што на яго можа прысесьці кожны ахвотны, каб сфатаграфавацца са славутым ураджэнцам Віцебшчыны. Побач на валуне — шыльда зь імем Фёдара Махнова.

Яшчэ адным элемэнтам кампазыцыі мусіла быць выява ката, які скруціўся каля ножкі крэсла. Але скульптар быў вымушаны адмовіцца ад гэтай задумы: кот важыў бы каля 20–25 кг каштоўнай бронзы, і гарадзкія ўлады вырашылі на ім зэканоміць.​

10. Турыстычны патэнцыял брэнду «Фёдар Махноў» застаецца нявыкарыстаным

Загадчыца школьнага музэю Маргарыта Юшкевіч ужо амаль 40 гадоў зьбірае матэрыял пра славутага земляка. Яна кажа, што ягонай біяграфіяй цікавіцца шмат замежных турыстаў, і нават распрацавала адмысловы маршрут па родных мясьцінах Фёдара Махнова. Але экскурсія дагэтуль застаецца віртуальнай: у раёне няма грошай, каб прывесьці ў парадак дарогу да так званага Веліканавага хутара, добраўпарадкаваць месца пахаваньня волата і тэрыторыю былога маёнтка, стварыць належную інфраструктуру.

Людміла Нікіціна, яшчэ адна аматарка мясцовых гістарычных цікавінак, распрацавала маршрут «Залатое кола Віцебскага раёну», уключыўшы ў яго родныя мясьціны Махнова. Яна лічыць, што турысты «проста папруць сюды, каб паглядзець ды падзівіцца». Апроч таго, што Фёдар быў незвычайнага росту, на прыкладзе ягонай сям’і можна было б расказваць тыповую гісторыю беларускага роду — як людзі жылі, спрабуючы адолець усе нягоды свайго часу.

Захаваньнем памяці і распрацоўкай праектаў, арыентаваных на турыстаў, у меру сваіх магчымасьцяў займаецца і мясцовы аддзел культуры. Да 140-годзьдзя Махнова быў абвешчаны конкурс інсталяцый для «Парку волатаў», а сёлета ў чэрвені ў Старым Сяле плянавалі правесьці цэлы фэст «Волаты Прыдзьвіньня» — з карнавальным шэсьцем «асілкаў», выступамі цыркавых актораў, вогненным шоў і этнадыскатэкай. Была распрацавана сымболіка фэсту, імпрэзай зацікавіліся замежныя госьці, але празь недахоп сродкаў правядзеньне фэсту адмянілі.

Княгіню Вольгу ў Віцебску ўсё ж паставяць. А заадно «віцебскага велікана» і воіна-дэсантніка

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG