Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе помнік рэпрэсаваным у Воршы? Улады «вывучаюць пытаньне»


Самаробны мэмарыял на месцы масавых расстрэлаў

Ініцыятыўная група сваякоў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій сустрэлася са старшынём Аршанскага райвыканкаму Аляксандрам Пазьняком. Нашчадкі тых, каго расстралялі ў 1930-я, хочуць, каб улады вызначылі месца для помніка загінулым і ўшанаваньня іхнай памяці.

Старшыня райвыканкаму: «Я ніколі ня быў на месцы расстрэлаў, але ведаю кірунак»

Пра візыт да старшыні райвыканкаму апавёў Ігар Станкевіч, стваральнік грамадзкай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы»:

«Мы, сваякі рэпрэсаваных, прынесьлі ў райвыканкам копіі дакумэнтаў, атрыманых намі з архіваў КДБ. У іх пазначана, што ахвяраў расстралялі ў Воршы, але не пазначана канкрэтнага месца. Адно з „расстрэльных месцаў“ — урочышча Кабыляцкая гара, яно афіцыйна прызнанае месцам „сталінскіх“ расстрэлаў. Мы паказалі Аляксандру Пазьняку копію афіцыйнага акту пра гэта, пералік прозьвішчаў рэпрэсаваных з кнігі „Памяць“ Аршанскага раёну і шэраг артыкулаў з газэты „Ленінскі прызыў“ — так называлася мясцовая „раёнка“ напрыканцы 1980-х гадоў, калі на Кабыляцкай гары тагачасныя ўлады гораду дазволілі ўсталяваць помнік».

Часовы помнік на Кабыляцкай гары, пастаўлены ў 1990 г. (фота з архіву Віктара Андрэева)
Часовы помнік на Кабыляцкай гары, пастаўлены ў 1990 г. (фота з архіву Віктара Андрэева)

Спадар Станкевіч падкрэсьлівае, што гаворка была ў вельмі добразычлівым ключы, але пра нейкі канкрэтны вынік гаварыць яшчэ рана. Па-першае, старшыня райвыканкаму прызнаўся, што ні разу ня быў на Кабыляцкай гары, хоць чуў пра гэтае месца і нават «ведае кірунак». Па-другое, прадстаўнікам грамадзкасьці было сказана, што ўлады цягам месяца будуць вывучаць пытаньне наконт пахаваньняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій. А потым вызначацца, ці дастаткова наяўных дакумэнтаў, каб займацца ўшанаваньнем памяці расстраляных.

Парэшткі знайшлі, калі пракладалі гэтую чыгунку (архіўнае фота)
Парэшткі знайшлі, калі пракладалі гэтую чыгунку (архіўнае фота)

Ігар Станкевіч: «Мы папрасілі, каб выканкам зьвярнуўся ў КДБ па зьвесткі пра расстраляных»

Стваральнік ініцыятыўнай групы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» правёў некалькі асабістых досьледаў, каб узнавіць зьвесткі пра сваякоў. Але спадар Станкевіч адзначае, што ёсьць багата тых, хто быў рэпрэсаваны ў Воршы, але даведацца пра іхнія лёсы сёньня ўжо няма каму. Менавіта да Аршанскага райвыканкаму актывісты зьвярнуліся з просьбай паспрыяць адкрыцьцю інфармацыі пра расстраляных землякоў.

Людзі самі ствараюць мэмарыял на Кабыляцкай гары (архіўнае фота)
Людзі самі ствараюць мэмарыял на Кабыляцкай гары (архіўнае фота)

Месца згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у аршанскіх ваколіцах — ня толькі Кабыляцкая гара: як успамінаюць старажылы, расстрэлы адбываліся і ў Харкаўскім лесе на паўднёвай ускраіне Воршы, і ў іншых мясьцінах. Таму размова ў райвыканкаме зайшла й пра тое, колькі трэба помнікаў для годнага ўшанаваньня памяці, апавёў Ігар Станкевіч.

У 1930-я НКВД у Воршы забіваў да 150 чалавек на дзень. Мапа рэпрэсій
У 1930-я НКВД у Воршы забіваў да 150 чалавек на дзень. Мапа рэпрэсій

«Мы прасілі, каб выканкам вызначыў месца для мэмарыялу. Колькі такіх мэмарыялаў „дастаткова“, сказаць цяжка. Зрэшты, мы не дамовіліся напэўна пра ніводзін: спадар Пазьняк сказаў, што празь месяц нам адкажуць, ці дастаткова прадстаўленых намі дакумэнтаў», — кажа дасьледчык.

Помнік рэпрэсаваным пад Воршай зьявіўся амаль 30 год таму, але ўлады на яго забыліся

Парэшткі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій знайшлі пад Воршай у 1982 годзе, калі будавалі чыгунку. Адмысловая камісія пацьвердзіла, што будаўнікі разварушылі пахаваньне 1930-х гадоў.

У 1990-м на распараджэньне гарадзкіх уладаў тут паставілі першы помнік: тыповую савецкую «тумбачку». А побач — 5-мэтровы драўляны крыж, зроблены сябрамі Беларускага народнага фронту. Пазьней гарвыканкам абвясьціў конкурс праектаў помніка, але ў першыя гады беларускай незалежнасьці эканоміка была надта слабая, таму ніводзін з прапанаваных праектаў не змаглі рэалізаваць.

Краязнаўца Юры Копцік прапанаваў усталяваць на Кабыляцкай гары вялізны валун, і яго прывезьлі на месца расстрэлаў. Спачатку на яго прымацавалі шыльду-барэльеф з радкамі Ганны Ахматавай:

«Хотелось бы всех поименно назвать,
Да отняли список, и негде узнать».

Але шыльду скралі вандалы. Такі самы лёс спасьціг і наступную мэмарыяльную дошку.

Самаробныя шыльды ў памяць расстраляных сваякоў (архіўнае фота)
Самаробныя шыльды ў памяць расстраляных сваякоў (архіўнае фота)

Сёньня вялікі камень — цэнтар вялікага самаробнага мэмарыялу на Кабыляцкай гары: панавокал людзі ставяць крыжы і прымацоўваюць шыльды ў памяць расстраляных сваякоў, садзяць кветкі, запальваюць сьвечкі на Радаўніцу і на Дзяды. Мясцовыя ўлады ўжо даўно не апякуюцца месцам згубы ахвяраў сталінізму, і добраўпарадкаваньнем гэтага месца займаюцца толькі грамадзкія актывісты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG