Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тур у Заронава


Пакуль беларусы, напалоханыя крызісам, пачынаюць пакідаць радзіму ў пошуку лепшага заробку, знаходзяцца людзі, якія гатовыя кінуць высокааплатную працу ў Маскве дзеля таго, каб жыць і працаваць у сваёй краіне. Як жыхарка вёскі Заронава Юлія Івашкевіч. Зь якой ваш пакорны слуга пазнаёміўся на прэзэнтацыі дыска «Барды Свабоды» ў Віцебску. Маладая, энэргічная і асьляпляльна-прыгожая спадарыня, доктарка, якая скончыла ардынатуру ў Маскве, ня можа знайсьці працу на радзіме. Юлія запрасіла мяне наведаць Заронава, абяцаючы сюрпрыз.


— Чаму не засталіся ў Расеі? Там, дзе скончылі ардынатуру?


— Я хачу жыць там, дзе я нарадзілася. Але немажліва. Таму што на працу мяне не бяруць. Забарона на прафэсію. І мне прыйдзецца проста зьехаць зноў у Маскву. Пераможцамі тут мы так ніколі і ня станем, такое ўражаньне. Такія людзі непатрэбныя. Магчымасьці тут працаваць у мяне няма.


Яны не прызнаюць дыплём?


— Не. Яны проста не бяруць мяне на працу. Матывуючы гэта тым, што кожны дбае аб сваім кавалку сала. Ён выбірае: ці сала, ці я на працы.


Тут патрэбныя шэрыя мышкі, якія будуць весьці сьціплае жыцьцё, пазбаўленае ўсялякай актыўнай грамадзкай пазыцыі.

Чаму яны вас так баяцца? Якую небясьпеку вы ім несяцё? У чым прычына? У беларускай мове? У палітычнай пазыцыі?


— Мне цяжка адказаць. Тут такія людзі непатрэбныя, якія могуць за сабой павесьці іншых людзей. Тут патрэбныя шэрыя мышкі, якія будуць весьці сьціплае жыцьцё, пазбаўленае ўсялякай актыўнай грамадзкай пазыцыі. Я яшчэ не змагла зьмірыцца з думкай, што павінна адсюль зьехаць.


А там вас бяруць?


— Без праблем. Там з працай ніякіх праблем няма. Там, наадварот, усе прыходзяць у захапленьне ад нашай адукацыі. У маскоўскім мэдунівэрсытэце такой адукацыі не даюць. Вось і ўвесь парадокс. Там я магу жыць зь лёгкасьцю. Але гэта не мая краіна. Я хачу жыць там, дзе я нарадзілася. І чаму я вымушаная зьехаць зь Беларусі, я не разумею.


Але пакуль правінцыйныя ўлады выжываюць з краіны сваіх спэцыялістаў у Расею, беларускія вёскі пакрысе напаўняюцца расейскімі дачнікамі і пэнсіянэрамі. І Заронава тут — не выключэньне. Юлін бацька, былы галоўны інжынэр мясцовай гаспадаркі, які сёньня працуе ў Віцебску, падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад сталых летніх гасьцей нашай краіны.


— У захапленьне яны прыходзяць ад людзей. Што тут менш п’юць і больш працуюць. З суседзямі ўсе добра жывуць, ніхто ня крадзе амаль нічога. Уражвае тое, што ў вёсцы вывозяць сьмецьце. Камунальныя службы.


Гэта цуд.


— Для іх гэта цуд.


Культурны шок.


— Пасяліўся чалавек у доміку, пазнаёміўся з суседзямі — і яго ніхто не чапае. Ім тут падабаецца. Прыяжджаюць на лета. Як адзін кажа — трэба ж некуды дзяцей вывезьці. Прырода добрая. Як летась гарэла Масква, дык іх тут было вельмі многа. Ехалі, куплялі месцы ў гатэлях, у райцэнтрах. Каб недзе перачакаць гэты дым.


Кіслародны тур.


— Так. Яны сюды прыяжджаюць, і я б не сказаў, што яны сябе паводзяць неяк дрэнна. Гляджу, машына ў горадзе стаіць, расейская. Курыць. Паглядзеў навокал і пайшоў за дваццаць мэтраў, выкінуў у сьметніцу недакурак. Яны, паглядзеўшы, што чыста, чысьціню падтрымліваюць.


Заронава — вялікая вёска на беразе вялікага выцягнутага возера. Калісьці тут была прыгожая царква, разбураная бальшавікамі. Была і сярэдняя школа. Але зьезьдзіць сюды варта абавязкова. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Нікіціна, якая чвэрць стагодзьдзя таму ўзялася за ствараць музэй народнай славы, у выніку стварыла найцікавейшы краязнаўчы музэй, дзе ёсьць і багатая этнаграфічная калекцыя, і гістарычныя рарытэты, і нават заля «настальгія». Некаторыя экспанаты абсалютна ўнікальныя. Як заронаўская мухалоўка, падобная да саламянага гнязда.


— У мяне ёсьць рэчы, якія вы ў ніводным музэі ня знойдзеце. Вось гэта мухалоўка. Ці бачылі вы такое?


Ніколі.


— І нідзе ня ўбачыце. Толькі ў мяне. Ззаду яшчэ да гэтай мухалоўкі прывязваўся мяшок. А мухі самі ляцелі. Палівалі нечым салодкім. Яны засыхалі там і потым вывальваліся ў мяшок.


У гістарычнай залі, пакуль гаспадыня заводзіла стары патэфон, маю ўвагу прыцягнуў стэнд, прысьвечаны нейкаму агромністаму волату ў цыліндры. Фатаздымкі, выразкі з газэт. Пад гукі «На сопках Маньчжурыі» гісторыя самага высокага беларуса слухалася асабліва шчымліва.


— Гэта пра самага вялікага чалавека ў сьвеце, які нарадзіўся за нашым возерам. Фёдар Махноў. Яго рост быў два мэтры восемдзесят пяць сантымэтраў. Вось на мапе наша Заронава, а вось веліканаў хутар. На вялікі жаль, цяпер там пустыня, усё травой зарасло. Я распрацавала маршрут «Залатое кальцо Віцебскага раёну». І вельмі хачу, дзе мне даюць мажлівасьць выступаць, я ўсюды пра гэта гавару: трэба адрадзіць гэтае месца. Так, як адрадзілі рэпінскую дачу. Абавязкова трэба. Паставіць ува ўвесь рост гэтага чалавека. Ды людзі папруць туды, па гэтым маршруце, каб паглядзець і падзівіцца. У яго далонька была — трыццаць адзін сантымэтар. А нага — пяцьдзясят два. Уяўляеце — лапішча?


А колькі ён пражыў?


— Ён пражыў мала, на трыццаць шостым годзе застудзіў ногі — чысьціў рэчку Заронаўку, — і памёр.


Ён падарожнічаў па Эўропе, а пасьля вярнуўся сюды?


— Вярнуўся, бо баяўся, што яго атруцяць. Каб завалодаць яго целам. Бо былі прапановы пасьля сьмерці яго забраць. У яго была каняфэрма свая шыкоўная.


Кажу кожнаму, хто сумуе па сваім савецкім юнацтве ці дзяцінстве: лепшага месца, чым Заронава, я ня бачыў. Толькі тут сабраная найбольш поўная калекцыя знакавых савецкіх рарытэтаў.


Мэбля 60-х гадоў — круглыя сталы і трэльяжы, радыёлы, якія працуюць, як новыя, бабінныя магнітафоны, цацкі, калекцыя адзеньня — ад дзявочай школьнай формы да паліто з каракулевым каўняром, электрабрытвы і радыёпрыёмнікі, дэмбельскія альбомы і сувэніры. Заля, якую можна назваць «машынай часу».


— Абалдзець!


— Жанчыны больш эмацыйныя. Яны настолькі ўспрымаюць гэта. У іх сьлёзы на вачах. Яны падыходзяць дакладна, як у «Вішнёвым садзе». «Шафачка мая! Столічак. У мяне крэсла такое было!». Ну, а калі паказваеш ім адзеньне, школьныя формы, крымпленавыя сукенкі...


— Шыкоўная калекцыя.


— Дзядоў Марозаў больш за трыццаць. Календары з 50-га году. Ручкі зьбіраем самаробныя. Тут у мяне калекцыя бутэлек. Вінагарэлачная, парфумэрная і аптэчная.


Маю ўвагу прыцягнуў партрэт Уладзіміра Леніна. Не фабрычны, а вытканы, зь любоўю, для сябе. Няўжо ў некага была такая неказённая любоў да правадыра?


Высьветлілася, што выткала Ільліча мясцовая жыхарка Бянігда Францаўна Курыкша, якая нядаўна пакінула гэты сьвет. Я пагутарыў зь яе дачкой Ганнай.


— Яна любіла Леніна. А яна зь сям’і раскулачаных. Рэпрэсаваныя. Мой бацька памёр у Салаваце. Памёр у 43-м годзе. Выслалі. Далі дзесяць гадоў за агітацыю. Ні за што. Напісалі данос, што гаварыў — давайце ня будзем працаваць, а пакурым. А бацька не курыў ніколі. Напісалі данос. Трыццаць сёмы год. Рэабілітавалі пасьмяротна. Ну, а мама ўсё ж любіла Леніна.


Нягледзячы на тое, што савецкая ўлада вось так паступіла зь сям’ёй?


— Так. Раскулачылі, нас, дзяцей, усіх выгналі, хату адабралі і ўсю маёмасьць. Як можна было так ужывацца? Я б ненавідзела. Каб мне далі разарваць бы іх, я б разарвала. Таму што за нішто пацярпелі.


На каго большая злаба? На правадыроў бальшавіцкіх ці на тых людзей, якія пісалі даносы, звычайныя твае суседзі?


— Улада дазваляла. Навошта такія даносы? Канечне, улада вінаватая болей.


Падарожжы Свабоды
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG