Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі на Прывакзальнай плошчы 9 лістапада ўрачыста адкрылі помнік супрацоўніку органаў унутраных справаў «100 год беларускай міліцыі».

Двухмэтровая бронзавая фігура міліцыянта ў паваенным кіцелі з ордэнам і мэдалямі, з матацыклам і жэзлам мусіць служыць «патрыятычнаму выхаваньню маладых супрацоўнікаў міліцыі ў сувязі з стогадовым юбілеем міліцыі Беларусі».

Ініцыявалі памятны знак «кіраўніцтва ды асабовы склад УУС Гомельскага аблвыканкаму», а ўвасобіў вобраз міліцыянта ў бронзе гомельскі скульптар Валер Кандраценка, вядомы ў горадзе і вобласьці шэрагам манумэнтальных памятных знакаў. Гэта, прыкладам, памятны знак каля самога будынку абласной міліцыі на вуліцы Камунараў, кампазыцыя з Бурацінам, Карабасам-Барабасам ды Мальвінаю каля Лялечнага тэатру, а таксама мэмарыяльны знак да 70-годзьдзя стратэгічнай ваеннай апэрацыі «Багратыён» у Акцябарскім (Рудобельскім) раёне.

У горадзе гэта ня першы знак пашаны міліцыянтам. Мэмарыяльныя дошкі ў памяць супрацоўнікаў міліцыі ўсталяваныя на вуліцах, названымі у гонар загінулых міліцыянтаў — Чачына, Малайчука, Сьвірыдава, Барысенкі.

«100-годзьдзе беларускай міліцыі» адзначалася сёлета 4 сакавіка, адлік ішоў ад да стварэньня міліцыі Часовага ўраду Расеі ў Менску на чале з бальшавіком Фрунзэ. На адкрыцьці знаку ў Гомлі прысутнічалі намесьнік міністра ўнутраных справаў Аляксандар Кобрусеў, старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Дворнік, начальнік абласной міліцыі Ўладзімер Захарчук, памочнік прэзыдэнта ў рэгіёне Юры Шулейка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG