Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі музэй закрыў выставу праз халадзец у выглядзе галавы Леніна


У Віцебску заўчасна спыніла працу выстава «Час жанчын». Падставай да такога рашэньня стаў адзін з экспанатаў у выглядзе Ленінавай галавы.

Мастачка Настасься Ганчарова падрыхтавала для экспазыцыі арт-аб’ект пад назвай «12 нажоў у сьпіну рэвалюцыі» — халадзец у выглядзе галавы «правадыра пралетарыяту» Ульянава-Леніна. Аўтарка патлумачыла, што да 100-годзьдзя перавароту да вобразу Леніна зьвяртаюцца многія мастакі, бо гэта «мэм» рэвалюцыі. А халадзец — гэта такі жаночы спосаб выказацца, бо харчовыя прадукты — тое, з чым працуе любая жанчына.

Мастачка Настасься Ганчарова
Мастачка Настасься Ганчарова

700-грамовы Ленін-халадзец звараны са сьвініны. Дабаўкі традыцыйныя — морква, гарошак, перац. Зь нетрадыцыйных — невядомыя матэрыялы формы, у якую залівалі халадзец. Настасьcя лічыць такое спалучэньне сымбалічным.

Паводле яе, рэвалюцыя таксама задумвалася як нешта «ядомае», сьветлае, а атрымаліся чырвоны тэрор, галадамор, грамадзянская вайна.

Тым ня менш яна не перасьледавала ніякіх палітычных мэтаў, як і не разьлічвала на той розгалас, які атрымаўся з гэтай «скульптуры».

«Гэта такі тонкі сарказм, тонкі жарт пра тое, што фактычна ўжо даўно пра Леніна вядома. Шмат хто яго асуджае, шмат хто ня лічыць, што ягоны ўнёсак ва ўсясьветную гісторыю нейкі надта пазытыўны».

Выява Леніна прастаяла ў выставачнай залі віцебскага Цэнтру сучаснага мастацтва ўсяго два дні. 3-га лістапада куратарамі было прынятае рашэньне дэмантаваць выставу.

«Афіцыйная прычына дэмантажу выставы — тое, што «ў нас ёсьць прыхільнікі Леніна, і гэты арт-аб’ект можа абразіць іхныя пачуцьці, — гаворыць Настасься Ганчарова. — Прынятае рашэньне дэмантаваць усю выставу, таму што гэта «цэласны праект».

Скаргаў ніхто не прад’яўляў. Прынамсі, пра гэта невядома ні арганізатарам выставы, ні Цэнтру сучаснага мастацтва, ні аўтарцы. Настасься Ганчарова лічыць, што даў пра сабе знаць страх, выхаваны ў людзях за савецкім часам. Яна ня ведае, што будзе рабіць з гэтым арт-аб’ектам — хутчэй за ўсё, проста выкіне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG