Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрдаган заклікаў краіны сьвету прызнаць Усходні Ерусалім сталіцай Палестыны


Рэджэп Таіп Эрдаган на саміце Арганізацыі ісламскай супрацы
Рэджэп Таіп Эрдаган на саміце Арганізацыі ісламскай супрацы

Раней Трамп прызнаў Ерусалім сталіцай Ізраілю, што выклікала жорсткую крытыку ў Палестыне і шэрагу іншых ісламскіх краінаў.

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган заклікаў краіны сьвету прызнаць «акупаваны Ерусалім» сталіцай Палестыны ў адказ на прызнаньне гораду Злучанымі Штатамі сталіцай Ізраілю, перадае Reuters.

Да закліку Эрдагана, як перадае BBC, далучыліся лідэры іншых мусульманскіх краінаў — усяго 57 краінаў на саміце Арганізацыі ісламскай супрацы заклікалі прызнаць Усходны Ерусалім «акупаванай сталіцай Палестыны».

Цяпер Ерусалім пад кантролем Ізраілю, але большасьць краінаў сьвету не прызнае горад сталіцай Ізраілю — на горад прэтэндуе таксама Палестына, у горадзе разьмешчаныя ня толькі юдэйскія сьвятыні, але і мусульманскія, і хрысьціянскія. Да 1967 году Ізраіль прызнаваў праўленьне Іярданіі ва Усходнім Ерусаліме (у тым ліку Старым горадзе), але пасьля перамогі ў «Шасьцідзённай вайне» Ізраіль заявіў пра кантроль над цэлым горадам.

Эрдаган на саміце Арганізацыі ісламскай супрацы таксама заявіў, што Ерусалім — «чырвоная лінія» для мусульманаў, якія не пацерпяць «ніякай агрэсіі на ісламскіх сьвятынях». ЗША, казаў ён, цяпер «неаб’ектыўныя», таму ня могуць быць пасярэднікам у араба-ізраільскім канфлікце — Эрдаган прапануе знайсьці «новага пасярэдніка» ў тым ліку праз ААН.

Рашэньне Дональда Трампа пра Ерусалім крытыкавалі ў тым ліку лідэр Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас, прэзыдэнт Ірану Хасан Рухані, кароль Іярданіі Абдула. Кіраўнік ХАМАСу тыдзень таму заклікаў палестынцаў да новага паўстаньня ў Ізраілі, жыхары Палестынскай аўтаноміі адказалі на прызнаньне Злучанымі Штатамі Ерусаліму сталіцай Ізраілю масавымі пратэстамі.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG