Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макрон і Нэтаньягу гаварылі ў Парыжы пра Ерусалім


Эпізод сутычак паміж ізраільцянамі і палестынцамі, 8 сьнежня 2017, у ваколіцах Рамалы

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заклікаў прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу да «сьмелых крокаў насустрач палестынцам». Макрон і Нэтаньягу правялі перамовы 10 сьнежня ў Парыжы. Францускі лідэр адначасова асудзіў любыя атакі на Ізраіль, учыненыя палестынцамі апошнімі днямі.

Гаворка ідзе пра неаднаразовыя абстрэлы ізраільскай тэрыторыі з боку палестынцаў. Некаторыя ракеты ўпалі на самі палестынскія тэрыторыі, іншыя былі перахопленыя ізраільскай сыстэмай супрацьракетнай абароны. Адна ракета ўпала, не разарваўшыся, у Сдэроце. У адказ армія Ізраілю нанесла ўдары па пазыцыях ісламісцкай групоўкі ХАМАС у сэктары Газа. Загінулі два ваяўнікі ХАМАСу.

Перад вылетам у Парыж, прэм’ер-міністар Ізраілю абвінаваціў Эўразьвяз у крывадушнасьці і падвойных стандартах. Крытыка зьвязаная з нязгодай эўрапейскіх палітыкаў з пазыцыяй прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які заявіў гэтымі днямі аб прызнаньні Ерусаліму сталіцай Ізраілю.

Візыт Біньяміна Нэтаньягу быў заплянаваны яшчэ да заявы Дональда Трампа пра рашэньне Белага дому прызнаць Ерусалім сталіцай Ізраілю і намеры ЗША перанесьці з Тэль-Авіву ў гэты горад сваю амбасаду. Пасьля перамоваў з Эманюэлем Макронам прэм’ер Ізраілю выправіцца ў Брусэль на сустрэчу зь міністрамі замежных справаў краін Эўразьвязу.

Тым часам кіраўнікі МЗС Лігі арабскіх дзяржаваў, якія сабраліся ў Каіры, заклікалі Вашынгтон адмяніць рашэньне па Ерусаліме.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG