Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Патрэбныя санкцыі, і яны мусяць быць жорсткімі»


Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей. Ілюстрацыйнае фота
Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей. Ілюстрацыйнае фота

Як апошнія рэпрэсіі супраць удзельнікаў масавых акцыяў і журналістаў могуць паўплываць на адносіны Менску з Захадам? Ці мае шанцы Беларусь атрымаць крэдыт МВФ? Ці павінен Захад аднавіць санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць экспэрт Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман і публіцыст Вадзім Казначэеў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Апошнія рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць удзельнікаў акцыяў пратэстаў і журналістаў ставяць пытаньне, як беларуская ўлада патлумачыць гэтыя дзеяньні Захаду і як Захад можа на іх рэагаваць.

Пакуль выказваецца заклапочанасьць, аднак канкрэтных крокаў пакуль ня робіцца. Зь іншага боку, Аляксандар Лукашэнка сустракаецца з прадстаўнікамі МВФ, — відавочна, каб пераканаць іх, што трэба працягваць перамовы, што нічога не зьмянілася. Ці ўдасца Менску пераканаць Захад і крэдытораў, што Беларусь не пачне новую хвалю рэпрэсіяў — маўляў, нічога не зьмянілася?

Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман

Прэйгерман: Гэта якраз тая сытуацыя, калі некаторыя не самыя прыемныя для ўлады чыньнікі немагчыма выкінуць і забыцца на іх. Ці здольны будзе Менск пераканаць Захад, што працэсы лібэралізацыі не згорнутыя, і працэсы наладжваньня адносінаў з Захадам будуць працягнутыя — гэта адкрытае пытаньне.

Адзін з важных чыньнікаў — гэта адсутнасьць даверу ў беларускіх уладаў як да Захаду. Так і да Ўсходу. А калі адсутнічае давер, то беларускія ўлады схільныя ў кожны патэнцыйна небясьпечны момант вяртацца да тых мэтадаў працы, якія ім вядомыя. Я не кажу пра тое, што ўлады даюць загад усёй сыстэме кіраваньня пачынаць рэпрэсіўную палітыку. Але я думаю, што даецца загад кожнаму канкрэтнаму ведамству рэагаваць. І калі МУС існуе для таго, каб не дапускаць тое, што ўлады называюць беспарадкамі — то ім такі загад і даецца.

Іншая справа, што беларуская сыстэма прызвычаілася працаваць у двух мадальнасьцях, фарматах — спакойны фармат, калі яна можа праяўляць гнуткасьць. І фармат рэакцыі на нейкія выклікі, якія сыстэме падаюцца небясьпечнымі. І ў гэтым фармаце шмат якія ведамствы, асабліва МУС, ня ўмеюць працаваць гнутка і разумна. І гэта ёсьць велізарным выклікам, і я ня ведаю, як яно можна мінімізаваць.

Цыганкоў: Лукашэнка заўсёды мог бы падправіць «нягнуткую» рэакцыю МУС. Нядаўна ўлады вельмі хутка падправілі памылку з украінскім паэтам Жаданом — цягам дня вызвалілі і аднавілі права на ўезд. Але тут Лукашэнка не жадае ніяк «падпраўляць» дзеяньні міліцыі.

Прэйгерман: Паглядзім. Прадстаўнікі Генпракуратуры ўжо заявілі, што ў іх таксама ёсьць пытаньні да дзеяньняў міліцыі. Крытычна выказваўся і міністар замежных справаў. У сытуацыі, калі ёсьць выклікі, і ўся сыстэма дзяржаўнага кіраваньня ня ўмее рэагаваць гнутка — то пытаньне ня ў тым, ці можа Лукашэнка ў ручным рэжыме нешта рэгуляваць.

А пытаньне ў тым, ці ўмее сыстэма нармальна і разумна стратэгічна рэагаваць ці не, ці можа МУС каардынаваць свае мэтады працы зь іншымі інстытуцыямі. Гэта куды больш фундамэнтальная праблема.

Вадзім Казначэеў
Вадзім Казначэеў

Казначееў: Перш за ўсё, хачу адзначыць, што ніякай лібэралізацыі насамрэч не было. Рэжым дзейнічаў у сваім звычайным рэчышчы. МУС тут не пры чым, яно выконвае загады. Гэтая практыка працягваецца шмат гадоў, выправіць яе можна адным загадам — «не чапаць». І чапаць не будуць. Гэта пазыцыя не Шуневіча і не МУС, гэта пазыцыя Лукашэнкі.

Раней не было масавых акцыяў, і не было неабходнасьці прымаць нейкія жорсткія захады. А тут зьявілася пагроза. Бо гэта ўжо не за сьцяг дзясяткі чалавек выйшлі, а выйшлі людзі з эканамічнымі пратэстамі, якія выходзяць далёка за межы Дэкрэту нумар тры, і яны бачаць, што эканамічных паляпшэньняў ня будзе. А да гэтага яшчэ дадаліся і палітычныя патрабаваньні — лёзунг «Лукашэнка, сыходзь». Больш за тое, апазыцыя ўсё ж адыгрывае арганізацыйную ролю, яна кіруе пратэстамі, — і гэта спалучэньне небясьпечнае для ўлады.

Таму Лукашэнка проста расстаўляе прыярытэты. А галоўны прыярытэт — гэта бескантрольная і неабмежаваная ўлады.

Цыганкоў: Гэта зразумела. Але пытаньне ў тым, што лепей рабіць, каб захоўваць гэтую ўладу — альбо рэпрэсіі альбо добрыя адносіны ў Захадам, адпаведна крэдыты і палітычная падтрымка адтуль. Пытаньне ў тым, што прынясе больш карысьці для таго ж захаваньня ўлады.

Казначэеў: Лукашэнка заўсёды дзейнічаў па канкрэтнай мадэлі — «закруціць гайкі». Гэта як у сьнежні 2010 году — як толькі ён адчуў пагрозу ўладзе, то ўсе намаганьні МЗС перакрэсьліў за адзін вечар. Тое ж самае і цяпер — ён ня хоча ісьці на сьвядомую канфрантацыю з Захадам. Але галоўнае — падавіць у заробку публічныя пратэсты.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Як можа і павінен Захад рэагаваць на апошнія дзеяньні ўладаў? Нагадаю, што некаторыя беларускія палітыкі ўжо выказаліся пра тое, што трэба вярнуць санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва.

Прэйгерман: Замежная палітыка, як і любая іншая сфэра, мусіць кіравацца рацыянальнымі аргумэнтамі. Калі нехта ўвесь час доўбіць пра нейкія санкцыі — то трэба было б паглядзець на рэальнасьць і падумаць, ці могуць яны прывесьці да нейкага пазытыўнага выніку ў Беларусі. Гады санкцыяў мусілі ўсіх пераканаць, што гэта ня мае ніякага выніку.

Захаду кожны раз трэба вызначацца з тым, чаго рэальна можна дабіцца тым ці іншым крокам. Хуткіх зьменаў ня можа быць — гэта рэальнасьць, якую трэба прыняць. Калі мы хочам нешта рабіць тое, што можа прывесьці да зьменаў, то мусім і адпаведна будаваць інструмэнтарый. Санкцыі да ніякіх вынікаў не вядуць.

Казначэеў: Я катэгарычна ня згодны з тым, што казаў Яўген. Якія хуткія зьмены? 23 гады хутка будзе. Санкцыя самі па сабе прывесьці да выніку ня могуць, але яны могуць дапамагчы. Тое, што было — гэта проста недастатковыя санкцыі. Санкцыі павінны быць больш жорсткімі.

Бо іначай Лукашэнка зноў адчуе сваю беспакаранасьць. Калі заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца цяпер, то ён проста будзе адчуваць, пра што калісьці выказаўся адкрытым тэкстам — што эўрапейскія палітыка пазбаўленыя мужчынскіх геніталіяў, і можна рабіць што заўгодна. Таму я лічу, што рэакцыя Захаду павінна быць жорсткай.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG