Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беспрацоўныя запоўняць вакансіі памочнікаў пятага паднасілы»


Ці рэальна ў сёньняшняй беларускай эканамічнай сытуацыі да 1 траўня працаўладкаваць усіх беспрацоўных, як гэта загадаў Аляксандар Лукашэнка, і ці патрэбна гэта?

Ці вяртаецца кіраўніцтва дзяржавы да загадных мэтадаў у эканоміцы? Ці зьяўляецца беспрацоўе неабходнай часткай рынкавай эканомікі? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць эканамісты Міхал Залескі і Леанід Злотнікаў.

Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў да першага траўня працаўладкаваць усіх беспрацоўных. Наколькі рэалістычна такая пастаноўка пытаньня? Ці ёсьць такія прыклады ў рынкавай эканоміцы, калі нейкая дзяржава існуе безь беспрацоўных?

Злотнікаў: У падручніках эканомікі гаворыцца, што павінна існаваць «натуральнае беспрацоўе» — 3-5 працэнтаў могуць не працаваць. Калі нейкаму інвэстару тэрмінова спатрэбіцца працоўная сіла — яны будуць пад рукой. Бяз гэтага няма эканамічнага росту. Часам людзі не працуюць пераходны пэрыяд, некалькі месяцаў, — гэта натуральна.

У падручніках па эканоміцы гаворыцца, што павінна існаваць «натуральнае беспрацоўе» — 3-5 працэнтаў могуць не працаваць

Галоўнае ў тым, што і не патрэбна, каб усе без выключэньня працавалі. Калі людзі працуюць і даюць прыбытак — гэта добра. Але калі людзей трымаюць на працы, і ад гэтага толькі страты —- тут губляюць усе, і краіна, і асобныя людзі. І мы гэта назіраем у Беларусі, калі спрабуюць заняць насельніцтва на стратных прадпрыемствах. Такая зьява вядзе да яшчэ большага крызісу.

Цыганкоў: Беларуская эканоміка дагэтуль не цалкам рынкавая, існуюць у значнай ступені элемэнты сацыялістычнай, савецкай, мадэлі. Але нават пры гэтым — ці рэалістычна ўсіх уладкаваць? Ці чыноўнікі проста дакладуць на паперы, што заданьне кіраўніка дзяржавы выкананае?

Злотнікаў: Гэта не рэалістычна. Людзі павінны працаваць паводле сваіх здольнасьцяў і прафэсіі, а не лісьце грэбсьці, ці штосьці падаваць як падсобны рабочы. Вольных добрых працоўных месцаў цяпер няма. Уладкаваць усіх беспрацоўных за адзін-два месяцы — гэта нерэальна. Гэтак сама не рэалістычна, як колішні ўказ, каб зьнізіць сабекошт прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў на 25 працэнтаў, пра які ўсе ўжо забылі. Гэтаксама не рэалістычна, як сярэдні заробак 500 даляраў напрыканцы гэтага году. Гэта ўсё кажа пра ўзровень кіраваньня краінай. Той улады, якая над намі стаіць.

Залескі: Трэба спачатку адказаць на два пытаньні — што такое праца і хто такі беспрацоўны. Калі мы прымаем, што праца — гэта такі занятак чалавека, які дазваляе яму забясьпечваць сям’ю, — то мусім сказаць, што павінны стварацца новыя працоўныя месцы з аплатай ня меншай за 600 рублёў.

Напішуць паперкі, уладкуюць усіх, запоўняць вакансіі якіх-небудзь памочнікаў пятага паднасілы

Другое — а хто такі беспрацоўны. Хто павінен надаваць такі статус чалавеку — ён сам ці нейкі орган? Адказу на гэтае пытаньне няма. Што гаворыць пра тое, што па-савецку ўжо развучыліся, а па-нямецку яшчэ не навучыліся.

Цыганкоў: Але ў Беларусі ёсьць такая «традыцыя» — выконваць загады кіраўніка дзяржавы, як бы далёкія яны не былі б ад рэальнасьці. Як вэртыкаль будзе выконваць гэтае рашэньне — працаўладкаваць усіх беспрацоўных.

Залескі: У нас ж усе гэтыя вэртыкальшчыкі — камсамольцы. «Партыя сказала — надо, камсамол атвеціў ес». Напішуць паперкі, уладкуюць усіх, запоўняць вакансіі якіх-небудзь памочнікаў пятага паднасілы. Гэтыя майстры справаздачаў усё зробяць так, што камар носа не падточыць. І заўтра «Советская Белоруссія» напіша, што ўсё цудоўна стала.

Цыганкоў: Белстат нядаўна прызнаў, што ў Беларусі фактычна 5.8 працэнты беспрацоўных. Куды іх усіх можна працаўладкаваць, і ў што гэта абыдзецца эканоміцы? Бо эфэктыўныя працоўныя месцы на сёньня ўсе занятыя.

Злотнікаў: Думаю, працаваць яны ня будуць. Можа на адзін дзень іх загоняць з міліцыяй — -а потым разьбягуцца. Я задаў бы пытаньне — а на якой падставе дзяржава хоча прымусіць гэтых людзей працаваць? Гвалтоўна можна прымусіць працаваць. Калі ваеннае становішча, калі вораг напаў, тады ў некаторых дзяржавах у кіраўніцтва ёсьць права накіраваць людзей на прымусовыя працы — будаваць абарону і гэтак далей. Але ў Беларусі ў мірны час у прэзыдэнта няма ніякіх правоў прымушаць людзей працаваць.

Цыганкоў: Лукашэнка заявіў, што ў Менску часам на працах задзейнічана дарагая тэхніка. А трэба «вызначыць месцы, куды павінны прыйсьці людзі на працу, стварыць брыгады, групы, якія будуць лес высаджваць, платы будаваць, фарбаваць, прыбіраць тэрыторыю. Капаць, вазіць насіць ды іншае. І мы зоймем усіх людзей». То бок замест аднаго трактара браць 10 беларусаў. Ці не кажа гэта пра вяртаньне ў нейкую сярэдзіну 20-га стагодзьдзя?

Кажуць — людзі ў нас танныя. А тэхніка дарагая

Залескі: Лукашэнка спрабуе падмяніць адну рэч. Ён хоча, каб чыноўнікі выконвалі функцыі прадпрымальнікаў. Ва ўсім сьвеце людзі робяць усе тыя працы, якія ён пералічыў. Але арганізатарам гэтых прац зьяўляецца прадпрымальнік, які вырашае, што яму лепей — купіць робата ці наняць 10 кітайцаў. Калі кітайцы становяцца дарагімі — ставяць робатаў.

Аднак у нас не ідзе размова пра тое, які будзе прыбытак і сабекошт гэтых працаў. Кажуць — людзі ў нас танныя. А тэхніка дарагая. А гэтыя людзі прадаюць сваю працоўную сілу. Ці хочуць яны прадаваць яе за тыя грошы, якія ім прапануюць? — пытаньне.

Цыганкоў: Словы Лукашэнкі — ці гэта проста прамова на публіку альбо гэта паварот да мабілізацыйнай эканомікі з элемэнтамі прымусовай працы?

Залескі: Калі б Лукашэнка ведаў іншыя мэтады, то ён дазволіў бы ўсім зафіксаваць свой статус — прадпрымальніка, самазанятага, беспрацоўнага. Але ў яго іншы мэтад — я буду камандаваць, давай-давай. Трудармія, было ўжо такое, праходзілі.

Злотнікаў: Гэта паказвае, як разумее эканоміку Лукашэнка, і ягоныя мэтады кіраваньня. Яны заўсёды такія былі — даць чыноўніку заданьне, і каб яго выконвалі. І гэта працягваецца 20 гадоў без вялікіх зьменаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG