Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лімонаў, Крылоў пра Камітэт 25 студзеня: «Мы ні слова не сказалі пра Беларусь»


Эдуард Лімонаў
Эдуард Лімонаў

«Мы расейская арганізацыя... Пакуль», — публіцыст і палітык Эдуард Лімонаў і фактычны кіраўнік незарэгістраванай Нацыянал-дэмакратычнай партыі Канстанцін Крылоў пракамэнтавалі Радыё Свабода стварэньне Камітэту 25 студзеня.

А расейскі журналіст і пісьменьнік Алег Кашын называе «камітэтчыкаў» «большымі пуцінцамі, чым сам Пуцін».

«Гэта такая апазыцыя, якая крытыкуе Пуціна за тое, што ён да танках не дайшоў да Кіева», — кажа Алег Кашын.

25 студзеня ў Маскве пад кіраўніцтвам заснавальніка руху «Наваросія», былога «міністра абароны» «ДНР», «ваеннага камэнданта Данецку» Ігара Стралкова прайшоў устаноўчы сход «Камітэту 25 студзеня». У ім узялі ўдзел пісьменьнік-нацбол Эдуард Лімонаў, рэдактар нацыяналістычнага сайта «Спутник и Погром» Ягор Прасьвірнін, заснавальнік незарэгістраванай Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Канстанцін Крылоў, пісьменьнік-футуроляг Максім Калашнікаў і расейскі блогер Эль Мюрыд (Анатоль Несьміян).

Як паведаміў Максім Калашнікаў на сваёй старонцы ў ЖЖ, адна з мэтаў камітэту — «захаваць краіну ў межах РФ, не дапусьціць яе распаду (як у 1991-м). А ў далейшым — весьці палітыку на ўзьяднаньне рускага народа ў адной дзяржаве. Пры гэтым рускія для нас — гэта (як да 1917 г.) трыадзінства вялікаросаў, маларосаў-украінцаў і беларусаў».

Радыё Свабода зьвярнулася да Эдуарда Лімонава, каб даведацца, ці сапраўды Камітэт ставіць сваёй задачай далучэньне Беларусі да Расеі і выступае супраць беларускай дзяржаўнасьці.

«Камітэт 25 студзеня» на сходзе ні слова не сказаў пра Беларусь«, — адразу адказаў Эдуард Лімонаў і перавёў размову на саму значнасьць стварэньня камітэту. Паводле яго, «у нас не было адзінага камандаваньня нацыянальна-патрыятычнымі сіламі. Цяпер патрыёты і таварышы, якія мысьляць нацыянальна, аб’ядналіся».

Эдуард Лімонаў спадзяецца, што Камітэт стане «трэцяй сілай». «Дзьве першыя — гэта, безумоўна, наша ўлада, а другая — гэта актыўныя лібэралы, „хадаркоўскія лібэралы“. Вось наша задача — стаць гэтай трэцяй сілай, каб людзям, якія думаюць гэтаксама, як мы, можна было ў выпадку ЧП кансалідавацца, аб’ядноўвацца вакол нашага сьцяга».

Надзвычайным здарэньнем, на думку Эдуарда Лімонава, можа стаць захоп улады «празаходнімі лібэраламі».

На пытаньне, якая будучыня пры ўсіх гэтых падзеях чакае Беларусь, Эдуард Лімонаў ізноў паўтарае, што такое пытаньне не ўздымалася.

«Мы, безумоўна, шырока разумеем „русский мир“. У першую чаргу мы маем на ўвазе Данбас і расейскамоўныя вобласьці той дзяржавы, якая сёньня называецца Ўкраіна. То бок гэта Адэская вобласьць, Харкаўская — расейскамоўныя людзі», — кажа ён.

Пры спробе задаць пытаньне пра лёс Аляксандра Лукашэнкі ў карціне будучыні, як яна бачыцца Камітэту 25 студзеня, Эдуард Лімонаў адказвае:

«Мы не дыскутавалі гэтую праблему. Вы спрабуеце забегчы наперад. Калі яна ўзьнікне, тады мы пра гэта скажам.

— То бок Беларусь не стаіць у плянах?

— Ну, нам толькі рабіць няма чаго! Мы ж расейская арганізацыя... Пакуль».

Канстанцін Крылоў
Канстанцін Крылоў

Канстанцін Крылоў пацьвердзіў, што пра Беларусь на сходзе не гаварылі, хоць яму і «пахвальна чуць, што Беларусь так усхваляваная тым, што дзесяць чалавек сабраліся ў адным пакоі і вырашылі яе „страшны лёс“». Аднак, як кажа Крылоў, нічога асабліва «страшнага» пра будучыню Беларусі ён распавесьці ня можа.

«Расея, у асобе таварыша Пуціна, ня можа вызначыцца, ці трэба ёй Данбас, — кажа Крылоў. — А гэта, заўважым, нашмат больш важная і балючая тэма... Не прыпомню сярод нашых саратнікаў жаданьня, каб Менск абавязкова быў „наш“. Гэтая тэма яўна не зьяўляецца важнай».

Паводле Канстанціна Крылова, мэханізм вырашэньня такіх пытаньняў у Беларусі можа быць такі самы «просты», як і ў Крыме, — праз рэфэрэндум.

«Калі ў Беларусі будуць такія настроі, што 80% насельніцтва страшна захочуць у Расею, напэўна можна сказаць, што — так, мы будзем за правядзеньне рэфэрэндуму на гэты конт. А калі не захочуць? Значыць, не захочуць. Лягічна ж. Гэтае пытаньне трэба аддаць беларускаму народу, які сам разьбярэцца, — кажа Крылоў. — Я нешта не прыпомню ў Беларусі паўстаньня наконт таго, што „мы хочам у Расею“. Калі яго няма, то чаго людзей турбаваць?».

У тое, што камітэт мае нейкія канкрэтныя пляны наконт Беларусі, ня верыць і журналіст Алег Кашын. Паводле яго, «беларуская тэма ў іхняй рыторыцы — гэта лягічны працяг экспансіянісцкіх словаў пра Ўкраіну і нічога болей».

Цэнтральнай фігурай Камітэту 25 студзеня стаў былы «міністар абароны» самаабвешчанай «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў). Чалавека, на якога наўпрост ускладаюць віну за зьбіцьцё малайзійскага «Боінга» над Данбасам і гібель 239 чалавек, ведаюць 27% расейцаў, а трэцяя частка зь іх ставяцца да яго станоўча.

Алег Кашын
Алег Кашын

«Пуціну гэтыя людзі не патрэбныя, але яны большыя „пуцінцы“, чым сам Пуцін», — лічыць журналіст Алег Кашын, аўтар артыкула «Чым кепскі Пуцін».

Кашын называе Стралкова «дзіўнай фігурай» і прызнае, што пасьля таго, як Масква груба выдаліла яго з Данбасу, ён пакрыўджаны і мае палітычныя амбіцыі. Вакол сябе ён аб’яднаў людзей, вельмі падобных да яго самога.

«Яны, ад Лімонава да Крылова, — такія большыя пуцінцы за самога Пуціна, — тлумачыць Кашын. — Гэта такая апазыцыя, якая крытыкуе Пуціна за тое, што ён не дайшоў на танках да Кіева».

Ці можа быць такая апазыцыя жыцьцяздольнай?

«Вельмі сумнеўна, — адказвае Кашын. — Пуціну яны не патрэбныя, а аўдыторыя, на ўвагу якой яны разьлічваюць, застанецца ляяльнай да Пуціна».

Затое, аналізуе Кашын, Камітэт можа быць вельмі карысны як «спойлерскі перадвыбарчы праект», бо «ў Крамлі любяць гуляць з такімі сіламі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG