Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі сьведка тэракту на Мангэтане: «Спачатку я падумаў, што гэта шоў на Гэлаўін»


Дзьмітры Мятліцкі

Былы мянчук Дзьмітры Мятліцкі стаў сьведкам тэракту на Мангэтане 31 кастрычніка, у выніку якога загінулі 8 чалавек. Пра ўбачанае ён распавёў у інтэрвію Свабодзе.

Паліцыя затрымала 29-гадовага ўзбэка Сайфуло Саіпава, які падазраецца ў тым, што на пікапе заехаў на дарожку для пешаходаў і раварыстаў у Ніжнім Мангэтане і рушыў па ёй, зьбіваючы людзей.

Дзьмітры Мятліцкі, які апынуўся на месцы тэракту, адразу даслаў твіты пра здарэньне на амэрыканскія тэлеканалы CNN і Fox, у эфіры якіх потым распавядаў пра ўбачанае. І патэлефанаваў маці ў Менск, а таксама дачцэ, якая вучыцца ў Маскве, што зь ім усё нармальна. У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Дзьмітры Мятліцкі падзяліўся сваімі ўражаньнямі.

«Раптам мой кіроўца закрычаў: „Машына душыць людзей!“»

— Я ехаў на Uber па West Side Highway, я быў у левым трэцім шэрагу. А Highway аддзяляецца такім маленькім борцікам ад роварнай і пешаходнай дарожкі для бегу. Я сядзеў у тэлефоне, і раптам мой кіроўца закрычаў: «Машына душыць людзей!».

Машыну я ўжо ня бачыў, яна праехала. Але ўбачыў, што ляжаць раздушаныя ровары, людзі ў крыві каля школы. Спачатку я падумаў (а ў нас тут было сьвята Гэлаўін, калі ўсе ладзяць усялякія страшылкі), што дзеці каля школы робяць такое шоў. І я кажу кіроўцу, што гэта шоў. Але ён адказаў, што бачыў як праехала машына, якая падушыла дзяцей. І раптам падʼяжджае непафарбаваная паліцэйская машына, зь яе выбягаюць двое паліцэйскіх, якія накіроўваюцца да сьвятлафора. А мы былі недзе трэція ці чацьвёртыя. Раптам я пачуў 8-9 моцных стрэлаў. Потым зрабілася ціха. І паліцыя нам пачала махаць: «Праяжджайце, вызваляйце месца».

Я ўбачыў невялікі грузавічок, які сутыкнуўся зь вялікім грузавіком і маленькім школьным аўтобусам. Калі мы ехалі далей, я ўбачыў аднаго параненага барадатага мужчыну, які ляжаў на зямлі. Ён быў у крыві, над ім схіляўся паліцэйскі. А побач стаяў яшчэ адзін тоўсты мужчына на каленях з паднятымі ўверх рукамі. Ён быў чамусьці толькі ў майцы. Ну і вось, мы мусілі ехаць далей, у тунэль, які злучае Мангэтан з Бруклінам. І я паехаў забіраць дзіця са школы.

«Так блізка я ніколі ў жыцьці з такім раней не сутыкаўся»

— То бок сытуацыя разьвівалася так, што небясьпекі непасрэдна вам і вашаму кіроўцу не было?

— Насамрэч нападнік урэзаўся ў школьны аўтобус, але ён мог урэзацца і ў мой Uber. То бок, напэўна, нейкая небясьпека была. І калі пачалася страляніна, то я сеў на падлогу ў машыне, каб быць ніжэй. Адразу такога моцнага страху не было. Але так блізка я ніколі ў жыцьці з такім не сутыкаўся. Я бачыў аварыі на дарозе, але я ніколі ня бачыў такіх тэрактаў. 11 верасьня 2001 году я быў у Нью-Джэрзіі ня бачыў, як падалі вежы. А гэта адбылося зусім побач са мной.

Мяне яшчэ мучае тое, што калі я ўбачыў гэтых задушаных людзей, я напэўна мог сказаць кіроўцу, каб ён спыніўся, выскачыць з аўтамабіля, пабегчы да гэтых людзей і пачаць неяк дапамагаць ім, спыняць кроў. Але я ня лекар, я гэтага ня ўмею рабіць. Я бачыў, што іншыя людзі да іх беглі, я гэтага не зрабіў. Цяпер я думаю, ці правільна? Я не спалохаўся, я проста застыў. І кіроўца паехаў уперад. Ёсьць такое пачуцьцё, ці правільна гэта было. Але ўжо нічога ня зробіш.

— Пра якую колькасьць ахвяраў цяпер паведамляецца?

— Кажуць, што 8 загінулых і больш за 20 цяжка параненых. То бок на гэтым грузавіку ён праехаў па роварнай і пешаходнай дарожцы каля 20 кварталаў, душачы людзей.

— Як, на ваш погляд, рэагавала паліцыя?

— Вельмі апэратыўна. Яны прыехалі праз паўтары хвіліны, пасьля таго як грузавік сутыкнуўся з аўтобусам. Гэта адбылося літаральна за адзін квартал ад месца, дзе быў разбураны ў 2001-м Усясьветны гандлёвы цэнтар. Там цяпер мэмарыял і заўсёды многа паліцыі. Таму яны спрацавалі вельмі апэратыўна.

— А тыя барадатыя мужчыны якраз і аказаліся тэрарыстамі?

— Я ня бачыў, ці яны нешта ўчынялі. Але з таго, што паказваюць па тэлебачаньні, вынікае, што той барадаты мужчына, якога я бачыў, быў за рулём. Ён выйграў грын-карту і прыехаў сюды з Узбэкістану. А пра таго мужчыну, які стаяў з паднятымі рукамі, ня кажуць ні слова. Магчыма, гэта быў проста мінак.

«З такім хатнім тэрарызмам змагацца вельмі складана»

— Падобныя тэракты з грузавікамі былі і ў эўрапейскіх краінах. Але ці дастатковыя захады бясьпекі робяцца амэрыканскімі ўладамі?

— Я думаю, што ў ЗША — больш чым дастатковыя. Тут усюды вельмі шмат паліцыі, асабліва ў месцах, дзе зьбіраецца шмат людзей. Нават калі ў тэатар ідзе багата людзей, то каля ўваходу стаіць паліцэйская машына. Усялякія парады і іншыя мерапрыемствы заўсёды ахоўваюць.

Але, па вялікім рахунку, з такім хатнім тэрарызмам, калі яны выкарыстоўваюць звычайныя машыны ці нажы, змагацца вельмі складана. Бо ў гэтым выпадку ў кіроўцы-нападніка ніякай зброі не было, як паказваюць па тэлебачаньні, ён выскачыў з машыны з цацачным пісталетам. То бок ён хацеў, каб яго пасьля гэтага застрэлілі. Але паліцыя яго толькі параніла, і ён жывы.

Наагул, гэта, канечне, жахліва. Гэлаўін — гэта такі дзень, калі многа дзяцей. І гэта адмыслова робіцца дзеля таго, каб запужаць людзей, каб яны перасталі радавацца жыцьцю.

— А гэты страх ёсьць, вы яго адчуваеце?

— У мяне няма. І здаецца, што ў іншых таксама няма. Мяне ўчора ўвечары запрашалі на перадачу на тэлебачаньне, я быў на Мангэтане, ходзяць натоўпы людзей, быў гэлаўінскі парад. Мне здаецца, што Нью-Ёрк — такі горад, які запалохаць вельмі складана. Пасьля ўсяго, што было, запалохаць практычна немагчыма. І гэта добра, бо калі мусульманскія экстрэмісты нас запалохаюць, то гэта якраз тое, чаго яны хочуць дасягнуць. Мы не павінны гэта ім дазволіць.

Дзьмітры Мятліцкі выехаў у ЗША зь Менску ў 2000 годзе. Два разы на год наведвае Беларусь.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG