Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля тэракту ў Нью-Ёрку затрыманы ўзбэк, зьвязаны з «Ісламскай дзяржавай»


На месцы нападу ў Нью-Ёрку

У ЗША паліцыя Нью-Ёрку паведаміла новыя зьвесткі пра наезд аўтамабілем на людзей, які адбыўся ў Ніжнім Мангэтане: загінулі сама меней 8 чалавек, яшчэ 11 атрымалі сур'ёзныя раненьні. Зьявілася інфармацыя пра асобу нападніка.

29-гадовы Сайфуло Саіпаў падазраецца ў тым, што на здымным малым грузавіку-пікапе заехаў на дарожку для пешаходаў і раварыстаў у Ніжнім Мангэтане і рушыў па ёй, зьбіваючы людзей. Затым ён урэзаўся ў школьны аўтобус і выйшаў са свайго аўтамабіля зь дзьвюма адзінкамі зброі ў руках. Паліцэйскі, які дзяжурыў у тым месцы, адкрыў агонь і параніў мужчыну ў жывот. Таму нападніка затрымалі і шпіталізавалі, а на месцы здарэньня знайшлі стрэльбу для пэйнтболу і пнэўматычную зброю.

Інцыдэнт, які адбыўся паблізу нью-ёркскага Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру, што быў аб’ектам тэрактаў 11 верасьня 2001 году, кваліфікаваны як тэракт. У аўтамабілі нападніка была знойдзеная запіска, у якой ён заяўляе аб вернасьці тэрарыстычнай групоўцы «Ісламская дзяржава». Таксама на прэс-канфэрэнцыі з нагоды нападу камісар паліцыі Нью-Ёрку Джэймз О'Ніл пацьвердзіў паведамленьне сьведак, што нападнік, выйшаўшы з разьбітага аўтамабіля, выкрыкваў «Алах акбар!»

У выніку тэракту загінулі сама меней 8 чалавек, яшчэ 11 атрымалі раненьні, сур'ёзныя, але якія не пагражаюць жыцьцю.

Тэракт расьсьледуе ФБР.

Паводле папярэдняй інфармацыі, Саіпаў прыбыў у ЗША некалькі гадоў таму з Узбэкістану і жыў у Флорыдзе і нью-джэрсійскім горадзе Патэрсан, дзе ён узяў на пракат аўтамабіль, з дапамогай якога ажыцьцявіў тэракт. Пакуль невядома, ці былі ў яго сувязі з тэрарыстычнымі групамі.

Мэр Нью-Ёрку Біл дэ Блазіё назваў гэтую падзею «асабліва баязьлівым актам тэрарызму, накіраваным супраць нявінных цывільных асобаў».

А губэрнатар штату Нью-Ёрк Эндру Куома заявіў, што гэта, падобна, быў напад адзіночкі і пакуль няма ніякіх сьведчаньняў, якія маглі б зьвязаць яго з шырокім замахам або шырэйшай схемай.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў спачуваньні сем’ям загінулых і дадаў:

«Мы не павінны дазволіць (тэрарыстычнай арганізацыі) „Ісламскай дзяржаве“ вярнуцца ці як-небудзь трапіць у нашу краіну пасьля таго, як яна будзе пераможаная на Блізкім Усходзе і ў іншых месцах. Досыць!»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG