Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічба дня. 68% усіх кніг Скарыны знаходзяцца ў Расеі. У Беларусі — 5,4%


Сярод 520 кніг Францішка Скарыны ў Расеі заходзіцца 352 асобнікі. Гэта 68% усіх вядомых выданьняў. У музэях і бібліятэках Украіны захоўваецца 47 кніг, у Беларусі і Польшчы — па 28. Мы высьветлілі, як вярталіся арыгіналы Скарыны на радзіму і дзе іх можна пабачыць.

Кнігі Скарыны вяртаюцца ў Беларусь раз на стагодзьдзе

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі падлічылі ўсе вядомыя кнігі Францішка Скарыны. У жніўні завяршаецца праект, удзельнікі якога два гады шукалі па ўсім сьвеце кнігі беларускага першадрукара. На сёньня вядома, што ў 11 краінах сьвету сёньня захоўваюцца 520 асобнікаў праскіх і віленскіх выданьняў Францішка Скарыны. У Беларусі іх 28. Хоць яшчэ год таму было толькі 10.

Увогуле на пачатак XX стагодзьдзя на тэрыторыі Беларусі не засталося арыгіналаў кніг Скарыны. Толькі ў 1925 годзе Дзяржаўная і ўнівэрсытэцкая бібліятэка БССР (так тады называлася будучая Нацыянальная бібліятэка) набыла 10 праскіх выданьняў у ленінградзкага бібліяфіла Камарніцкага. У той час пачатак кнігадрукаваньня лічылі ад 1525 году, калі Скарына надрукаваў «Апостал» у Вільні. Узяць за пункт адліку менавіта гэтую дату прапанаваў Вацлаў Ластоўскі.

​Падчас Другой усясьветнай вайны ўсе кнігі Скарыны зь Беларусі вывезьлі ў Нямеччыну. Але потым іх удалося вярнуць.

Толькі ў 2017 годзе ў краіне зьявіліся новыя кнігі Францішка Скарыны. У лютым «Белгазпрамбанк» выкупіў для сваёй прыватнай калекцыі «Малую падарожную кніжыцу». Гэта першае віленскае выданьне Скарыны. У адным пераплёце сабраныя 18 кніг.

«99%, што іншых кніг Скарыны ў Беларусі няма, — сказала Свабодзе Тацяна Сапега, загадчыца сэктару навукова-праектнай працы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. — Вельмі малая верагоднасьць, што нехта захоўвае і ня ведае, што ён мае Скарыну. Хоць здараецца і такое».

У полацкім Музэі беларускага кнігадрукаваньня — на радзіме Скарыны — захоўваюцца толькі факсымільныя выданьні ягоных кніг
У полацкім Музэі беларускага кнігадрукаваньня — на радзіме Скарыны — захоўваюцца толькі факсымільныя выданьні ягоных кніг

​Такім чынам, найбольшая калекцыя скарынаўскіх кніг у Беларусі цяпер знаходзіцца ў прыватным банку. Але ў Нацыянальнай бібліятэцы на гэты конт не пераймаюцца.

«Нацыянальная бібліятэка вітае любыя ініцыятывы: і дзяржаўныя, — сказала Тацяна Сапега, — і „Белгазпрамбанк“ вельмі шмат робіць, каб вярнуць каштоўныя рарытэты на радзіму. Мы таксама будзем працягваць працу па пошуку кніг Скарыны і яго пасьлядоўнікаў, каб арыгіналы вярталіся ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі».

Самыя вялікія калекцыі — у Расеі

Абсалютная большасьць кніг Францішка Скарыны знаходзіцца ў Расеі. Там сёньня захоўваецца 352 з 520 вядомых выданьняў. Адна толькі Расейская дзяржаўная бібліятэка ў Маскве мае 106 кніг. Гэта самая вялікая ў сьвеце калекцыя скарынаўскіх кніг.

​У Расейскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу знаходзяцца 92 кнігі, у Дзяржаўным гістарычным музэі — 87. Асобнікі скарынаўскіх кніг ёсьць у многіх рэгіёнах Расеі: ва Ўладзіміры, Казані, Саратаве, Цюмені.

Алесь Суша, намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, піша ў сваёй кнізе «Францішак Скарына — чалавек сьвету», што многія кнігі вывезьлі зь Вялікага Княства Літоўскага ў Масковію ў якасьці вайсковай здабычы падчас войнаў у XVI–XVIII стагодзьдзях. Гэта пацьвярджаюць уладальніцкія запісы на саміх кнігах. У Масковіі кнігі Скарыны найчасьцей захоўваліся ў прыватных калекцыях.

У той жа час расейcкае праваслаўнае духавенства мала карысталася выданьнямі Скарыны. Як піша Алесь Суша, «іх насьцярожвала месца выданьня (каталіцка-пратэстанцкая Прага), дэмакратызм, выказаны ў прадмовах, незвычайнае аздабленьне з мноствам гравюр і партрэтам выдаўца, і, у рэшце рэшт, — мова кнігі».

​Украіна займае другое месца па колькасьці кніг Францішка Скарыны — 47. Яны знаходзяцца музэях і бібліятэках па ўсёй краіне: у Кіеве, Львове, Адэсе і Ужгарадзе. Самая вялікая калекцыя з 23 кніг сёньня зьберагаецца ў Нацыянальнай навуковай бібліятэцы Ўкраіны імя Стэфаніка ў Львове.

Пабачыць кнігі Скарыны можна ў любы час у Менску. Арыгінальныя выданьні выстаўляюцца ў Музэі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Таксама ў музэі ёсьць факсымільныя выданьні кніг, якія захоўваюцца ў Беларусі і за мяжой. Іх выдалі ў межах міжнароднага праекту адмыслова, каб можна было пагартаць копіі сапраўдных кніг.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG