Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баевіку «ДНР» з Рэчыцы прысудзілі два гады «хіміі»


Баевікі «ДНР», ілюстрацыйнае фота

Гомельскі абласны суд 16 лістапада прысудзіў два гады абмежаваньня волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу 41-гадоваму жыхару Рэчыцы Віталю Мітрафанаву, перадае Tut.by.

Падсудны цалкам прызнаў віну ў «ідэалягічным наёмніцтве без карысьлівага складніку» (ч.1 арт. 361-3 КК), раскаяўся. Віталь Мітрафанаў жанаты, раней судзімы, нарадзіўся ў Расеі, але мае беларускае грамадзянства.

Паводле сьледзтва, з красавіка па чэрвень 2017 году Мітрафанаў знаходзіўся на тэрыторыі самаабвешчанай «ДНР», ахоўваў склады і нёс баявое дзяжурства ва ўзброеным фармаваньні на лініі сутыкненьня. Пасьля ён вярнуўся ў Беларусь, быў затрыманы празь некалькі тыдняў.

Мітрафанаў быў вызвалены з залі суду да набыцьця прысудам законнай сілы (прысуд яшчэ можа быць абскарджаны), час яго зьняволеньня, калі прысуд набудзе сілу, будзе залічаны як «дзень за два».

У верасьні 2017 году ў Віцебску таксама прысудзілі да двух гадоў абмежаваньня волі 29-гадовага Аляксея Яршова, які ваяваў за «ДНР», але праз паўтара месяца вярнуўся туды, нягледзячы на прысуд. Гэта быў першы ў Беларусі прысуд за ўдзел у баявых дзеяньнях на Данбасе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG