Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпявак Каліна зьвярнуўся да Лукашэнкі: апазыцыянэры-радыкалы зрываюць мае канцэрты


Афіша канцэрту Віктара Каліны ў Віцебску

Шансанье Віктар Каліна зьвярнуўся да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі са скаргай на апазыцыйныя партыі, якія выступілі супраць ягоных канцэртаў.

Сябры АГП, Партыі БНФ, БСДП (Г) і БХД заклікалі адмяніць канцэрт Віктара Каліны ў Горадні 2 лістапада з прычыны «ўсхваленьня „русского мира” і блатной рамантыкі». Яны зьвяртаюць увагу на тое, што Каліна выказвае падтрымку самаабвешчаным ДНР і ЛНР.

Таксама і жыхары Берасьця дасылаюць звароты ў гарвыканкам з патрабаваньнем адмяніць канцэрт Каліны, заплянаваны на 15 лістапада ў абласным палацы культуры Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

«Я не адчуваю сябе ў бясьпецы! Мяне перасьледуюць радыкалы. Зрываюць канцэрты. Работнікі культуры і ідэалёгіі, як я мяркую зь мясцовымі кіраўнікамі гарадоў, як гэта было ў горадзе Рэчыца, як гэта адбывалася ў горадзе Ворша, спалохаўшыся радыкалаў ад апазыцыі, рушыўшы ўсьлед за імі, сарвалі ў Рэчыцы мой канцэрт, а ў Воршы адмянілі», —​ піша Каліна.

Паводле сьпевака, ягоная публіка лічыць, што «Лукашэнка — найлепшае, што магло здарыцца зь Беларусьсю!»

Каліна заклікае Лукашэнку зрабіць тэрміновыя захады супраць апазыцыйных партый.

«Але я не магу прыняць сытуацыю, калі апазыцыя, радыкалы, нацыяналісты, бандэраўцы ўчынілі цкаваньне маёй творчасьці і майго імя, а некаторыя дзяржаўныя чыноўнікі, на прыкладзе Рэчыцы і Воршы, ім дапамагаюць у гэтым. Застаюся прыхільнікам свайго прэзыдэнта і яго выбаршчыкам», — піша Каліна.

Сьпявак лічыць, што апазыцыянэры пачыналі з дэкрэту аб дармаедзтве, працягнулі маршам раззлаваных, «гнюсна выкарыстоўваючы любыя падставы ў грамадзтве, каб расхістаць гэтае самае грамадзтва і зладзіць сваю рэвалюцыю».

«Калі пацярпелі поўнае фіяска і атрымалі па зубах, перанесьлі ўсю сваю злосьць у мой бок», — лічыць адыёзны сьпявак.

Ён піша, што зьвяртаецца да кіраўніка краіны, за якога галасаваў падчас усіх выбарчых кампаній.

«Русский мир» даўно ўжо ў Беларусі

Таксама Каліна заўважае, што жыве «на дзьве краіны»: «„Русский мир” даўно ўжо ў Беларусі ў выглядзе другой дзяржаўнай расейскай мовы, расейскай літаратуры, расейскай паэзіі, расейскіх клясыкаў, расейскага кіно, расейскай зброі, якая абараняе краіну ад агрэсара».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG