Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За падтрымку «ДНР» і «ЛНР» выказаліся менш за палову расейцаў, — «Левада»


Ілюстрацыйнае фота. Марш з нагоды Дня сьцяга самаабвешчанай ДНР. Данецк, 25 кастрычніка 2017 году

Усяго 41% жыхароў Расеі лічаць, што РФ павінна падтрымліваць «ДНР» і «ЛНР» у канфлікце ў Данбасе, 6% апытаных мяркуюць, што Расея павінна падтрымліваць у канфлікце Ўкраіну, 37% упэўнены, што Масква нікога не павінна падтрымліваць, піша РБК са спасылкай на дадзеныя сацыялягічнага апытаньня, праведзенага «Левада-цэнтрам».

Пры гэтым доля апытаных, якія лічаць, што вайна ў Данбасе можа перарасьці ў паўнавартасную вайну паміж Расеяй і Украінай, застаецца стабільнай. У верасьні 2017 году гэтага асьцерагаліся 42% рэспандэнтаў, у ліпені 2016 году — 40%. Найбольшую занепакоенасьць у грамадзян такое разьвіцьцё падзей выклікала ў разгар баявых дзеяньняў у Данбасе ў чэрвені 2014 году (68%).

Пры гэтым вырас страх расейцаў перад тым, што сутыкненьні ва Ўкраіне могуць перарасьці ў вайну паміж Расеяй з заходнімі краінамі ці ва ўсясьветную вайну: калі ў ліпені 2016 году такога сцэнару асьцерагаліся 29%, то ў верасьні 2017 году — 40%.

Паводле сацыёляга «Левада-цэнтру» Сьцяпана Ганчарова, тэма юрыдычнага статусу «ДНР» і «ЛНР» замоўчваецца ў расейскіх СМІ, «Але ўсё ж 41% падтрымкі „ДНР“ і „ЛНР“ — гэта даволі шмат, хоць да ідэі далучыць Данбас расейцы ўжо астылі», — заявіў экспэрт.

У «Левада-цэнтры» адзначылі, што спад цікавасьці расейцаў да падзей у Данбасе назіраецца з чэрвеня 2015 году, у пэрыяд з траўня па верасень доля грамадзян Расеі, якія будуць сачыць за апошнімі падзеямі ва Ўкраіне зьнізілася з 35 да 31%.

Адносна стабільным у апошнія два гады застаецца стаўленьне расейцаў да Крыму. 84% у цэлым падтрымліваюць яго далучэньне (у мінулым верасьні такіх было 83%, у сакавіку 2014 году — 88%). 63% бачаць у далучэньні паўвострава больш карысьці, чым шкоды (у мінулым сакавіку — 64%, у сакавіку 2015 году — 70%).

XS
SM
MD
LG