Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для Ўкраіны міратворчая місія Беларусі на Данбасе непрымальная, — экспэрт


Уладзімір Фясенка (Володимир Фесенко)
Уладзімір Фясенка (Володимир Фесенко)

Удзел Беларусі ў міратворчай місіі на Данбасе для Ўкраіны ёсьць непрымальным. Такую думку ў інтэрвію Свабодзе выказаў украінскі палітоляг Уладзімір Фясенка.

Учора падчас прэс-канфэрэнцыі для расейскіх рэгіянальных СМІ Аляксандар Лукашэнка фактычна намякнуў на магчымасьць міратворчай місіі Беларусі ў зоне канфлікту на Данбасе:

«Калі хочаце, каб мы там правялі мясцовыя выбары, прытым абсалютна шчыра, — мы гатовыя гэта арганізаваць. Калі вы хочаце, каб гэтыя 400 кілямэтраў межаў паміж Данбасам і Расеяй, паміж Украінай і Расеяй на гэтым этапе закрыць і навесьці парадак, — калі ласка, мы гэта зробім».

Украінскі палітоляг Уладзімір Фясенка ўпэўнены, што прапановы Лукашэнкі афіцыйны Кіеў не падтрымае.

«Пасьля таго як Беларусь прагаласавала ў Генэральнай асамблеі ААН наконт Крыму ў падтрымку Расеі, я думаю, што асаблівага даверу да афіцыйнага Менску няма. Так, ёсьць дастаткова роўныя, неканфліктныя стасункі паміж Украінай і Беларусьсю апошнія два гады, і, вядома, ёсьць прынцыповая розьніца паміж дачыненьнямі Ўкраіны і Расеі і Украіны і Беларусі. Але Лукашэнка, як паказала галасаваньне ў Генасамблеі ААН, быў і застаецца верным хаўрусьнікам Расеі. Лукашэнка на баку Расеі. Таму ён наўрад ці можа выступаць нейкім трэцім бокам. Для нас такі варыянт непрымальны».

Паводле Фясенкі, калі на Данбасе ўсё ж зьявіцца міратворчая місія, то Ўкраіна будзе настойваць на тым, каб у ёй прымалі ўдзел толькі нэўтральныя дзяржавы:

«Наколькі я ведаю, у выпадку, калі будзе рэалізавана ідэя з паліцэйскай місіяй АБСЭ, украінскі бок будзе зыходзіць з таго, што ўдзельнікамі гэтай місіі павінны быць краіны, якія прытрымліваюцца нэўтральнай пазыцыі. Беларусь зьяўляецца чальцом АДКБ, саюзнай дзяржавай Расеі і ў гэтым пляне яна ніяк не можа быць нэўтральным бокам. Адпаведна, усе гэтыя ідэі — гэта хутчэй чарговы прапагандысцкі ход бацькі-Лукашэнкі».

Беларусь зьяўляецца чальцом АДКБ, саюзнай дзяржавай Расеі і ў гэтым пляне яна ніяк не можа быць нэўтральным бокам

Фясенка ня лічыць, што прапанова Лукашэнка можа выклікаць вялікую цікавасьць у Маскве, хоць у пэрспэктыве такое выключаць нельга.

«Пакуль Масква ня хоча ісьці ні на якія саступкі — яна нікому не хоча аддаваць кантроль над мяжой ні Ўкраіне, ні АБСЭ. Думаю, і Беларусі не будзе аддаваць. Але пагуляць з гэтай тэмай пры неабходнасьці можна. У выпадку, калі праз нейкі час у Маскве пагодзяцца на пашырэньне паўнамоцтваў місіі АБСЭ ў зоне канфлікту, пагодзяцца на паліцэйскі характар гэтай місіі, то я не выключаю, што яны будуць настойваць на тым, каб у ролі ўдзельнікаў гэтай місіі выступалі найбліжэйшыя саюзьнікі Расеі. Але паўтаруся: прынцыповая пазыцыя Ўкраіны заключаецца ў тым, што ў місіі павінны быць краіны, якія не зьяўляюцца хаўрусьнікамі Расеі», — нагадвае ён.

Фясенка ўпэўнены, што афіцыйны Кіеў таксама не падтрымае прапановы Лукашэнкі аб дапамозе ў арганізацыі выбараў на тэрыторыях падкантрольных «ДНР-ЛНР». «Так, як Лукашэнка праводзіць выбары ў Беларусі, сапраўды гэтак жа ён іх правядзе на Данбасе. І зразумела, на чыю карысьць», — падкрэсьлівае ён.

Што тычыцца сёньняшняй сытуацыі на Данбасе, то Фясенка не выключае эскаляцыі канфлікту ў найбліжэйшы час:

«Дарэчы, абвастрэньне ваенных дзеяньняў на марыюпальскім напрамку праяўлялася і раней — ужо ў кастрычніку гэтая тэндэнцыя была прыкметная. Таму рызыка эскаляцыі існуе. Я нагадаю пра сумную заканамернасьць, якая праяўлялася ў папярэднія гады: у верасьні-кастрычніку актывізацыя перамоваў, спробы арганізаваць перамірʼе, а з канца кастрычніка і ў лістападзе — чарговая эскаляцыя канфлікту. Вось такая жалезная заканамернасьць. Баюся, што яна назіраецца і цяпер. Магчыма, актыўнай, маштабнай эскаляцыі пакуль ня будзе, хутчэй можа быць марудная, лякальная эскаляцыя».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG