Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лепш не галасаваць, чым галасаваць у падтрымку Расеі»


Чаму Беларусь спрабавала заблякаваць абмеркаваньне ў ААН рэзалюцыі па правах чалавека ў Крыме?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў

Глод: Падчас разгляду 15 лістапада ў Трэцім камітэце Генэральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Беларусь спрабавала заблякаваць абмеркаваньне рэзалюцыі па становішчы з правамі чалавека ў Крыме і горадзе Севастопалі. Сталы прадстаўнік Беларусі пры ААН Андрэй Дапкюнас прапанаваў адкласьці разгляд гэтых пытаньняў.


Уласна кажучы, нейкіх парушэньняў рэглямэнту ў гэтай ініцыятыве няма. Артыкул 116 правілаў працэдуры Генэральнай асамблеі дазваляе «падчас абмеркаваньня любога пытаньня кожны прадстаўнік можа ўнесьці прапанову аб перапынку ў спрэчках па пункце, які абмяркоўваецца». Так што прадстаўнік Беларусі скарыстаўся сваім правам. Чым жа спадар Дапкюнас абгрунтаваў сваю ініцыятыву? А тым, што падрыхтаваныя рэзалюцыі ён лічыць «адвольным сродкам прымусу». На думку беларускага дыплямата, менавіта так успрымаюцца падобныя дакумэнты ў краінах, да якіх ужываецца такое стаўленьне. Маўляў, ніводная дзяржава не прыслухаецца да спробаў запалохваньня. Таму гэтая сытуацыя не палепшыцца, пакуль сама дзяржава ня вырашыць дзейнічаць.

Карацей, лёгіка ў прадстаўніка Беларусі такая: парушэньні правоў чалавека не патрэбна асуджаць і прымаць адпаведныя рэзалюцыі. Маўляў, замест гэтага неабходна працаваць з уладамі краінаў, каб яны самі пачалі паляпшаць становішча. Такая думка ня новая і не арыгінальная. Яе прытрымліваюцца некаторыя краіны, дзе справы з правамі чалавека дрэнныя. Што гэта за краіны? А тыя, хто ўчора падтрымалі ініцыятыву спадара Дапкюнаса: Кітай, Куба, Расея, Іран... Іншыя краіны паставіліся да беларускай прапановы адмоўна. Ініцыятыву Беларусі назвалі беспрэцэдэнтнай спробай заглушыць правамернае абмеркаваньне сытуацыі з правамі чалавека, а трэці камітэт ААН як раз і ёсьць самым прыдатным месцам для абмеркаваньня правоў чалавека.

Відавочна, што Расея папрасіла ці прымусіла Менск трымацца такой пазыцыі

Урэшце беларускую ініцыятыву адхілілі. Яе падтрымалі толькі 32 краіны. Супраць прагаласавалі — 102. А пасьля рэзалюцыю, якая асуджае «ушчамленьне правоў чалавека, дыскрымінацыйныя меры і практыку ў дачыненьні да жыхароў часова акупаванага Крыма, у тым ліку крымскіх татараў, а таксама ўкраінцаў і асобаў, якія належаць да іншых этнічных і рэлігійных груп, з боку расейскіх акупацыйных уладаў», ухвалілі.

У гэтай справе, на мой погляд, існуюць два аспэкты. Першы вельмі зразумелы. У ААН ёсьць афіцыйны дакладчык па становішчы з правамі чалавека ў Беларусі спадар Харашці. Беларускія ўлады вельмі адмоўна ставяцца да ягонай дзейнасьці. І тое, што іх прадстаўнік спрабаваў заблякаваць разгляд рэзалюцыі — цалкам зразумелы крок. То бок тут такая салідарнасьць тых, каго крытыкуюць.

Але вось другі аспэкт гэтай праблемы цікавы. Рэзалюцыю па Крыме і Севастопалі ініцыявала Ўкраіна. Зусім нядаўна яе прэзыдэнт Пятро Парашэнка падчас тэлефоннай размовы з Аляксандрам Лукашэнкам прасіў падтрымаць украінскія ініцыятывы ў міжнародных структурах, найперш у ААН. Беларускі кіраўнік паабяцаў вывучыць гэтае пытаньне. Памятаю, на мінулым тыдні ў «Трайным удары» мы абмяркоўвалі гэтую тэлефонную размову. І тады я казаў, што спадзяваньні спадара Парашэнкі на падтрымку з боку спадара Лукашэнкі ўкраінскіх ініцыятываў, калі яны скіраваныя супраць Крамля, марныя. Падобна, што я не памыліўся.

Гурневіч: Віцэ-сьпікер Вярхоўнай рады Ўкраіны Ірына Герашчанка назвала спробу Беларусі заблякаваць разгляд рэзалюцыі ААН «нажом у сьпіну». Я вельмі зьдзіўлены гэтай рэакцыяй украінскага палітыка і тым, як яна «адкрывае Амэрыку». Афіцыйны Менск ня ўпершыню выказвае сваё стаўленьне да Крыма і час украінцам неяк зразумець, што ўсё гэта значыць. А значыць гэта тое, што Беларусь зьяўляецца галоўным саюзьнікам Расеі і па пытаньні Крыму ёй будзе бліжэй да Масквы, чым да Кіева.

лягічна, што Менск спрабаваў захаваць твар. Хацелі як лепш, а атрымалася як заўсёды

Заявы Лукашэнкі, які некалі раіў забіваць украінцам тэрарыстаў, і сам пускаў сьлязу, што ўкраінцы праз уласную слабасьць аддалі Крым, ня маюць значэньня. Ад гэтага меркаваньня нічога не залежыць. Афіцыйная пазыцыя Менску — зразумелая. Лукашэнка — саюзьнік Пуціна, і гэта — плата за такі саюз. Відавочна, што Расея папрасіла ці прымусіла Менск трымацца такой пазыцыі. Бо па пытаньні Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі Менск павёў сябе інакш, а значыць гэта справа не была прадметам вялікага гандлю.

У міжнароднай палітыцы ўсё так і працуе: вы нас падтрымайце тут, а мы пазьней падтрымаем вас там. Альбо: калі вы нас не падтрымаеце тут, то пазьней пакінем вас адных там. Відавочна, што ў Менску палічылі больш карысным выступіць супраць Украіны.

Спроба заблякаваць прыняцьце гэтай рэзалюцыі для Менску было магчымасьцю выйсьці з сытуацыі больш годна. Бо гэта не вымагае выказвацца за нейкі з бакоў, гэта нэўтральная пазыцыя. Гэта не ўстрыманьне ад голасу, канешне, але меншае зло, чым галасаваньне супраць Украіны. Таму лягічна, што Менск спрабаваў захаваць твар. Хацелі як лепш, а атрымалася як заўсёды.

Лепш не галасаваць, чым галасаваць у падтрымку Расеі

Цыганкоў: Любая сытуацыя з правамі чалавека, якая абмяркоўваецца на міжнародным узроўні, для Беларусі як чырвоная ануча для быка. Тут адбываецца міжнародны інтэрнацыянал, калі прадстаўнікі аўтарытарных краінаў галасуюць аднолькава. Канешне, гэта не галоўная тэма ў пытаньні Крыма, але калі б гэта была іншая пастаноўка пытаньня, магчыма, Беларусь бы не ўзяла на сябе ініцыятыву і не паводзіла б сябе так. Але тут сьвятая для афіцыйнага Менску рэч, правы чалавека, то бок кожны раз ён выступае ў падтрымку любых краінаў, падобных па аўтарытарнасьці рэжыму, супраць якіх рыхтуюцца рэзалюцыі пра парушэньне правоў чалавека. Ну а самы галоўны — геапалітычны аспэкт — адносіны ў гэтым трохкутніку Менск-Масква-Кіеў. Афіцыйны Менск вымушаны балянсаваць, але часам гэта адбываецца на вельмі тонкай мяжы. І вось гэтая палітыка, крок за тых, крок за гэтых, пасланьні ў адзін бок, а потым за гэтым ідуць візыты і заявы ў іншы бок, і часам раўнавага губляецца. І мне здаецца, што гэты эпізод можа вельмі значна пагоршыць беларуска-ўкраінскія адносіны. Калі сам прэзыдэнт Парашэнка прасіў падтрымліваць Кіеў на міжнародным узроўні, а Беларусь гэта ня выканала, то гэта будзе ўрокам і пэўным халодным душам для тых людзей ва Ўкраіне, якія мелі нейкія ілюзіі наконт Менску.

Больш за тое, ва Ўкраіне грамадзкая думка мае нашмат большае значэньне, чым у Беларусі. І калі кіраўніцтва Беларусі думае, што адносіны можна ўлагодзіць паездкамі Макея ў Кіеў, падарункамі слуцкіх паясоў, то гэта ня так. Ва Ўкраіне такі эпізод ужо зараз вельмі шырока пайшоў па прэсе, сацыяльных сетках. Усё гэта аказвае ціск на палітыкаў, афіцыйнае кіраўніцтва, і яно ня можа, у адрозьненьні ад Беларусі, абмінаць ці ігнараваць гэты ціск.

Глод: Лепш не галасаваць, чым галасаваць у падтрымку Расеі — я хачу ўзгадаць, што калі першы раз было галасаваньне ў ААН па Крыме, тады з усіх краін былога СССР Расею падтрымалі толькі дзьве: Беларусь і Армэнія. Азэрбайджан прагаласаваў у падтрымку рэзалюцыі, якая асуджае Расею. Ну а мудрэй і хітрэй за ўсіх тады зрабіў Казахстан і некаторыя іншыя: яны проста ня ўдзельнічалі ў галасаваньні. Вось вырашылі наогул не галасаваць, чым асуджаць Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG