Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь назвалі 32-й у сьвеце па разьвіцьці ІТ і камунікацыяў. Але інтэрнэт несвабодны


© Shutterstock

Міжнародны саюз электрасувязі апублікаваў чарговы рэйтынг разьвіцьця інфармацыйных і камунікацыйных тэхналёгіяў у краінах сьвету. Са 176 краінаў рэйтынгу Беларусь займае 32 месца.

З усіх краінаў былога СССР у Беларусі самае высокае месца пасьля Эстоніі (17-е), сьледам ідуць Латвія (35-е) і Літва (41-е). Расея мае 45-е месца, Польшча — 49-е, Украіна — 79-е (амаль як Кітай, які на 80-м). Першыя ў рэйтынгу — Ісьляндыя, Паўднёвая Карэя і Швайцарыя, апошнія — Чад, Цэнтальна-Афрыканская Рэспубліка і Эрытрэя (Паўночная Карэя, дзе доступ да інтэрнэту даецца толькі «абраным», у рэйтынг ня трапіла зусім).

Пазыцыя Беларусі ў рэйтынгу не зьмянілася за год: у краіне шмат карыстальнікаў мабільнай сувязі (124 сім-карткі на 100 чалавек), карыстальнікаў інтэрнэту (77%), высокая доля хатніх гаспадарак з кампутарамі (67%) і хатнім інтэрнэтам (62,5%). Але ня ўсе карыстальнікі мабільнай сувязі карыстаюцца мабільным інтэрнэтам (69,5%), а 100 жыхароў толькі 33 маюць шырокапалосны хатні інтэрнэт (што ўсё роўна больш, чым у суседзяў).

Але паводле ранейшага дакладу Freedom House, у Беларусі інтэрнэт несвабодны. ёсьць абмежаваньні кантэнту, блякаваньні доступу (у тым ліку забарона сродкаў ананімнага доступу), парушэньні правоў карыстальнікаў, у сацсетках і на форумах дзейнічаюць у тым ліку крамлёўскія тролі.

У рэйтынгу кібэрбясьпекі Беларусь тым часам мае даволі высокае 39-е месца. Але ў рэйтынгу самых «разумных» гарадоў сьвету няма беларускіх.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG