Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урады 30 краінаў спрабуюць уплываць на грамадзкую думку з дапамогай аплачаных камэнтараў у сацыяльных сетках. «Так званыя „фабрыкі троляў“ дзейнічаюць у Расеі і Кітаі, а таксама ў Беларусі, Украіне, Казахстане і шэрагу іншых дзяржаваў» — да такой высновы прыйшла дасьледчая арганізацыя Freedom House у новай справаздачы аб свабодзе інтэрнэту ў сьвеце.

Ці сутыкаюцца беларускія інтэрнэт-выданьні на сваіх форумах з прысутнасьцю прафэсійных троляў? І калі так, то якія гэта тролі — беларускія ці замежныя? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніцы мадэрацыі форумаў talks.by да артыкулаў tut.by Вольгі Сыцько.

Ягор Марціновіч
Ягор Марціновіч

Ягор Марціновіч: Я не выключаю, што прафэсійных «ольгінцаў» на форумах «Нашай нівы» можа і ня быць. Але я ўпэўнены, што яны ёсьць на TUT.BY

— У нас на сайт штодзень прыходзіць недзе 800-1000 камэнтароў. Зь іх адсейваюцца прыкладна 15%. І я б не сказаў, што ў нас на сайце мэтанакіравана працуюць правакатары-тролі. У нас працуе прэмадэрацыя, на наш погляд даволі пільная. Часам прыходзіць яўна неадэкватны чалавек, які пачынае страчыць камэнтар за камэнтаром. Мадэратар адным клікам прыбярэ ўсе так 20 ці колькі яго камэнтароў.

Таму тролі калі і працуюць, то працуюць больш хітра, больш памяркоўна, без радыкалізму. Іх больш складана адрозьніць ад звычайных карыстальнікаў. Мы ідэнтыфікавалі некалькі такіх нашых чытачоў, адзін зь іх з Гомеля, якія пішуць літаральна пад кожным артыкулам розную брыдоту. Яны разумеюць, што іх камэнтары ня будуць прынятыя, што гэта мова варожасьці і брыдота. Але, відаць, ёсьць ахвота, каб гэта прачытаў прынамсі мадэратар.

У нас няма тэхнічнай магчымасьці адсочваць ІР адрасы камэнтатараў, хаця гэта было і сьвядомае рашэньне. Гэтае рашэньне прымалася яшчэ ў нулявыя, бо была небясьпека, што некага з камэнтатараў могуць прыцягнуць да адказнасьці праваахоўныя органы за іх выказваньні. У нас запатрабуюць ІР адрасы і мы па заканадаўстве будзем абавязаныя іх даваць. А калі ў нас такой тэхнічнай магчымасьці няма, то што з нас пытацца? Таму мы ня можам адсачыць, колькі камэнтаў да нас прыходзяць з расейскіх ІР-адрасоў, а колькі — з беларускіх, а колькі — з нейкага Сынгапуру.

Ёсьць камэнтатары, якія стала пішуць пад сваім імем, хаця ў нас і адсутнічае рэгістрацыя. Калі чалавек шануе гэтую сваю рэпутацыю, хай сабе і віртуальную, ён ня будзе пісаць відавочную брыдоту. Нават калі ён вельмі прарасейскі, ён будзе пісаць адносна ўзважаныя, адэкватныя камэнтары.

Трэба аб’ектыўна сказаць, што такія людзі ў Беларусі ёсьць. І выдаляць іх камэнтары толькі з тае прычыны, што яны прарасейскія, у нас не падымаецца рука. Я не выключаю, што прафэсійных «ольгінцаў» на форумах «Нашай нівы» можа і ня быць. Але я ўпэўнены, што яны ёсьць на TUT.BY.

У нас і меншая чытанасьць артыкулаў, і меншая камэнтаванасьць, напэўна, мы не ўваходзім у прыярытэты «фабрыкаў троляў».

Вольга Сыцько
Вольга Сыцько

Вольга Сыцько: расейскія грамадзяне, якія не хавалі сваю нацыянальную прыналежнасьць, сталі прымаць назву Беларусь ці пісаць праз слэш — Белоруссия/Беларусь

— Спачатку вызначымся з паняцьцем. З нашага пункту гледжаньня троль — гэта той, хто выдае на форумах ангажаванае меркаваньне, часьцей за ўсё ў складзе групаў.

Каб казаць з высокай доляй імавернасьці, што гэта менавіта групы, трэба мець шмат інфармацыі. Сёньня вызначыць прыналежнасьць чалавека да групы і лёгка, і складана. З аднаго ІР- адрасу можа працаваць вялікая група людзей. Цікава, што людзі, якія відавочна абараняюць расейскія інтарэсы, працуюць у нас часьцей пад беларускімі ІР- адрасамі.

Чаму мы можам сумнявацца, што гэта грамадзяне РБ? Таму што ў дробязях яны робяць памылкі. Напрыклад, наконт навіны пра нацбанк яны пішуць пра цэнтрабанк. Яны блытаюць назвы тэрытарыяльных адзінак і дзяржаўных органаў, ці спасылаюцца на нейкі закон, які называюць фэдэральным. Таму я магу зрабіць выснову, што гэтыя людзі — ня тыя, за каго сябе выдаюць.

А як яны пішуць — Беларусь ці Белоруссия?

— Раней гэта было прадметам сталых канфліктаў на форумах. Некаторыя, якія не хавалі, што яны з Расеі, пісалі Белоруссия, іншыя карыстальнікі гэтым абураліся, увесь час іх папраўлялі. Былі вакол гэтага гарачыя спрэчкі і мы іх не выдалялі.

У нейкім момант гэтыя спрэчкі спыніліся і расейскія грамадзяне, якія не хавалі сваю нацыянальную прыналежнасьць, сталі прымаць назву Беларусь ці пісаць праз слэш — Белоруссия/Беларусь. У апошні час гэтага падзелу ўжо ня бачна, практычна ўсе называюць нашую краіну Беларусь.

— Ці можна адрозьніць звычайнага наведніка, які, скажам, мае прарасейскія погляды, ад скаардынаваных дзеяньняў групы асобаў, якія займаюцца абаронай інтарэсаў Расеі, так бы мовіць, па службе?

— Ёсьць людзі, якія шчыра сымпатызуюць Расеі, хочуць абʼяднаньня зь ёй. І няправільна думаць, што ўсе гэтыя людзі ангажаваныя. У нас ва ўсіх розныя меркаваньні.

Мы ня можам на 100% быць упэўненыя, што той ці іншы чалавек — на працы, так бы мовіць. Аднак вось ёсьць на форумах TUT.BY такі вядомы троль Сьвятлана Малышкіна. Карыстальнікі ня раз заўважалі, што некаторыя камэнты, падпісаныя Малышкінай, пісаліся ў мужчынскім родзе.

Цікава, што ёсьць тролі, якія не хаваюць, што яны тролі. Вы можаце пачынаць размову на любую тэму, яны зводзяць гутарку на далучэньне Беларусі да Расеі. Пішацца пры гэтым, што беларусы несамастойныя, што ўсе яскравыя асобы, якія былі ў Беларусі, гэта былі расейцы ці літоўцы, што ў беларусаў няма ані сваёй мовы, ані сваёй гісторыі. Даволі дзіўна было б такое казаць чалавеку, які жыве ў Беларусі.

Колькасьць троляў павялічылася, але яны сталі ня так бачныя. Яны часта прымаюць просьбу мадэратара замяніць у камэнце тое ці іншае слова, яны робяць усё, каб не парушаць правілы і прасунуць уласнае меркаваньне.

Ёсьць пэўная колькасьць людзей, якія адстойваюць пазыцыю Ўкраіны, магчыма, і там з аднаго ІР-адрасу могуць пісаць некалькі чалавек. Але гэта несувымерна з той колькасьцю, якія спрабуюць прапхнуць расейскую пазыцыю.

— На самым пачатку гутаркі вы адразу сказалі пра троляў, якія адстойваюць пазыцыю Расеі. А ці заўважальныя тролі, якія адстойваюць пазыцыю беларускай улады не ў сувязі з адносінамі з Расеяй?

— Я магу выказваць толькі гіпотэзы. Як я сказала, меркаваньні ў людзей розныя. Але напачатку абмеркаваньня амаль кожнай тэмы, якая тычыцца прэзыдэнта, ці прэмʼера, ці міністраў, заўсёды ёсьць 10-15 карыстальнікаў, якія абмяжоўваюцца кароткімі, часам аднасказавымі камэнтарамі, кшталту «Гэта правільнае рашэньне». У камэнтах большасьці іншых карыстальнікаў усё ж ёсьць нейкі пункт гледжаньня. Але я не магу дакладна казаць, што аўтары гэтых першых 10-15 камэнтаў абавязкова ангажаваныя.

Часам мы бачым забаўную карціну: дзьве арміі троляў зьліваюцца ў адну, калі яны пазытыўна кажуць пра ўладу — і пра расейскую, і пра беларускую. Але часам яны ўваходзяць у сутыкненьне. Так, прынамсі, было ў абмеркаваньні навіны пра намер прэзыдэнта Лукашэнкі выступіць на нейкім саміце ў Вашынгтоне.

Палова троляў выказвалася ў падтрымку, а палова — катэгарычна асуджала самы намер прэзыдэнта паехаць у ЗША. Частка гэтых людзей падтрымлівае прэзыдэнта ў любым выпадку, што б ён ні рабіў, іншая — толькі тады, калі ён глядзіць у бок Расеі. Як толькі ён глядзіць у бок ЗША ці ЭЗ, з боку гэтай другой групы троляў адразу пачынаюцца на яго нападкі, хаця толькі што яны казалі пра яго добразычліва.

А наагул кажучы, я мяркую, што змагацца з тролінгам можна толькі прадʼяўляючы свой альтэрнатыўны пункт гледжаньня, падмацаваны контраргумэнтамі. Зрывацца, абурацца, абражаць — непрадуктыўна, гэта знаходзіцца ніжэй дапушчальнай мяжы публічных паводзінаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG