Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да мяне пасадзілі 8 чалавек з вошамі», — Севярынец пасьля выхаду з турмы


Сустаршыня БХД Павал Севярынец 16 траўня выйшаў пасьля адміністрацыйнага арышту з турмы на Акрэсьціна.

Ён быў затрыманы 1 траўня, пасьля таго як узяў удзел у несанкцыянаваным мітынгу і шэсьці ў Менску.

Павал Севярынец, як раней Уладзімер Някляеў і Максім Вінярскі, скардзіўся на ўмовы ўтрыманьня. Ён зьвязвае гэта з тым, што ўлады разьюшаныя вулічнай актыўнасьцю людзей.

«Акцыя 1 траўня, калі сотні людзей не пабаяліся выйсьці, нягледзячы на аўтазакі, вельмі разьюшыла карныя органы. Нас, палітычных, адразу пачалі весьці па спэцпраграме: увесь час было больш людзей, чым коек, а таксама закідвалі ў камэру людзей з вошамі. За 15 сутак, якія мне прысудзілі, са мной было такіх 8 чалавек. Яшчэ адбіралі асадкі і паперу, хаця ўсё гэта афіцыйна дазволена ў турме. Такім чынам, не было магчымасьці пісаць — ні скаргі, ні лісты. Калі было холадна, пакідалі адчыненымі вокны, таму спаць даводзілася ў вопратцы. Мае сукамэрнікі, зразумеўшы, што нашу камэру прэсуюць, казалі толькі адно: „НКВД“. Такім чынам, гэты лэйбл ужо канчаткова замацаваўся за карнымі органамі», — сказаў Севярнец.

Ён сказаў, што перамаўляўся зь Вячаславам Сіўчынак, і той таксама скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня:

«Мне давялося скантактавацца зь Вячаславам Сіўчыкам, які трымае галадоўку. Як я магу меркаваць па яго голасе, пакуль ён трымаецца бадзёра. Мы перакрыкваліся і ён паведаміў, што ў яго камэры таксама знаходзіцца больш людзей, чым коек. Такім чынам, адчуваецца, што ідзе адмысловы ціск на палітычных. Таму што абсалютна дакладна былі вольныя камэры ў турме, няма недахопу коек».

Павал Севярынец дадаў:

«У мяне ёсьць вельмі вялікае пытаньне да эўрапейцаў. Яны фактычна фінансуюць гэтыя ўстановы — турмы і спэцпрыёмнікі. Але тое, што там творыцца, — гэта беззаконьне».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG