Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарачка аршаду і шклянка мазаграну альбо Топ-10 летніх напояў


Які квас найсмачнейшы? З чаго піць мазагран? У чым сакрэт шыпучага сідру? Чаму ня варта выкідаць жамерыны з яблыкаў у гарачыню?

Наша аўтарка Яна Шыдлоўская згадвае танізуючыя напоі, якія добра піць улетку.


1. Морс

Гарачы і духмяны морс з карыцай і гвазьдзікамі ўзімку саграе і надае сілаў, улетку — халодны, кісла-салодкі — наталяе смагу. Морс робяць з ягаднага альбо садавінавага соку, вады і цукру, які пры жаданьні можна замяніць мёдам. Для морсу прыдатныя парэчкі, ажыны, лясныя ягады, вішня, маліна, арабіна, аднак найбольш вядомымі складнікамі прахаладжальнага напою лічацца журавіны і брусьніцы. Ягады хоць і восеньскія, аднак добра захоўваюцца сьвежымі ў вадзе альбо сочывам.

Для смачнага морсу журавіны ці брусьніцы мнуць пажадана драўляным таўкачыкам і адціскаюць сок. Залітую вадой рэшту ягад некалькі хвілін вараць, дадаюць цукар і сок і асьцюджаюць. Для большага танізуючага эфэкту ў шклянку з морсам можна пакласьці некалькі кубікаў лёду альбо дадаць лісток мяты ці мэлісы.

2. Узвар і кампот

Узварам называюць напой з сухафруктаў — сушаных яблыкаў і грушаў, часам з дадаваньнем чарнасьліву і разынак, добра настоены, халаднаваты. Садавіна аддае вадзе — пажадана крынічнай — усю сваю саладосьць, таму напой не патрабуе цукру. Дзеля смаку ўзвар можна дапоўніць мёдам, мятай ці чаборам. Узвару гатавалі шмат і захоўвалі ў халодным месцы — ім частавалі гасьцей, у сьпёку давалі напіцца падарожнікам. Статус прахаладжальнага і танізуючага напою носіць і кампот са сьвежай садавіны і ягад. Гэты напой мае сэзонны смак, бо ў падсалоджаную ваду кідаюць усё, што сасьпявае ў садзе-агародзе.

Чырвоныя і чорныя парэчкі, агрэст, сьлівы, вішні, чарэшні, сьвежыя яблыкі і грушы, алыча, клубніцы і маліны — сола альбо ў бясконцых камбінацыях у кампоце захоўваюць свой колер і смак. Смачныя і карысныя кампоты атрымліваюцца з чаранкоў рэвеню, якія амаль цалкам складаюцца з вады, але ўтрымліваюць шматлікія вітаміны, кальцый, магній, арганічныя кіслоты і іншыя карысныя рэчывы. Акрамя асноўнага інгрэдыенту і вады ў напоі з рэвеню дадаюць фруктовы сок, халоднае малако, морсы, каву, а з газаванай вады, суніц, соку рэвеню і яблык атрымліваецца выдатны крушон. Большасьць напояў і кактэйляў з рэвеню падаюць халоднымі, з кубікамі лёду.

3. Квас

Вядомы са старажытных часоў, квас надзвычай папулярны і цяпер. Добра ахалоджаны кісла-салодкі напой наталяе смагу і асабліва запатрабаваны ўлетку. З надыходам цяпла ў газэтах мінулага стагодзьдзя пачыналі друкаваць шматлікія рэцэпты і парады прыгатаваньня квасу ў хатніх умовах, а на гарадзкіх вуліцах з’яўляліся квасныя бочкі. Цяпер на прадпрыемствах па вырабе напою сьцьвярджаюць, што квас па-ранейшаму застаецца сэзонным прадуктам — улетку яго п’юць у чатыры разы больш, чым зімою.

Сярод гатункаў квасу найбольш вядомы — хлебны, прыгатаваны з падсушанага жытняга ці пшанічнага хлеба, дрожджаў і цукру. Смакавыя адценьні напою надаюць ягады, яблыкі, грушы, разынкі, мята, чабор, мёд, бярозавы сок і нават хрэн. Даволі часта гаспадыні мелі ў склепе бурачковы квас — цёмны і даволі кіслы на смак напой, які сёньня сустракаецца зрэдчас. Цяпер у Беларусі вырабляюць некалькі відаў квасу — цёмны, сьветлы, з журавінамі і з бярозавым сокам. Напой, якім не грэбавалі ні князі, ні простыя сяляне, стаў пазнавальным брэндам і паціху заваёўвае замежныя рынкі.

4. Кісель

За кошт сваёй кансыстэнцыі кісель можа быць і напоем, і дэсэртам. Першапачаткова кісель быў кіслым, за што і атрымаў сваю назву. Разьведзеную вадою аўсяную крупу пакідалі заквашвацца на некалькі дзён, пасьля варылі да загусьценьня. У астылы кісель дадавалі вяршкі, мёд ці карыцу. Такі кісель спрыяў добрай працы страўніка. Звычайна яго падавалі апошняй стравай на сьвяточным стале.

Салодкія ягадныя кісялі з’явіліся ў ХІХ стагодзьдзі, калі ў кулінарыі сталі ўжываць бульбяны крухмал. Ягадны або фруктовы кісель любяць і дзеці, і дарослыя. Яго падаюць халодным. Рабілі кісялі з яблык, гарбуза, журавін, шмалікіх сьвежых ягад — брусьніц, парэчак, чарніц. Трошкі нагадвае кісель традыцыйная беларуская страва — кулага, што гатуецца з жытняй мукі і лясных ягад: суніц, чарніц і брусьніц з дадаваньнем цукру і мёду. Да стала кулагу, прыгатаваную ў будні ці сьвяточныя дні, падаюць халоднай.

5. Сідр

Мода на хатні сідр у шляхецкіх дварах прыйшла ў ХІХ стагодзьдзі. У кухарскіх кнігах сустракаюцца рэцэпты прыгатаваньня гэтага напою. Ганна Цюньдзявіцкая раіць рабіць ангельскі сідр з вінных яблыкаў, што добра забрадзілі. Іх клалі ў ваўняныя мяшкі з тонкай тканіны і адціскалі сок пад прэсам. На мех з перасьпелымі яблыкамі сеў і Карл Вялікі, у выніку чаго атрымаўся першы сідр.

Некалькі месяцаў напой трымалі ў бочках, а пасьля разьлівалі па пляшках. Каб сідр атрымаўся добрым і шыпучым, не страціўшы вуглякіслы газ, яго было важна своечасова і правільна закаркаваць. Сідр зь летніх вінных яблыкаў можна было піць праз шэсьць месяцаў, напой з зімовай садавіны быў здольны захоўвацца на працягу некалькіх гадоў. Рабілі і хуткі сідр з дадаваньнем разынак, які ўжывалі ўжо праз некалькі дзён. З груш у канцы лета рабілі пэры — напой лічыўся гатовым у красавіку, з пачаткам руху соку ў дрэвах. Жамерыны з яблыкаў і груш таксама не прападалі — іх залівалі перакіпячонай рачной вадой.

«Гэты квасок прыемна піць у гарачыню», — піша аўтарка «Літоўскай гаспадыні». Цяпер у продажы можна знайсьці яблычны, яблычны з ванільлю, грушавы, вінаградны сідр. Па папулярнасьці ён саступае піву і квасу, аднак мае сваіх прыхільнікаў.

6. Піва

Шмат стагодзьдзяў марку самага папулярнага напою ў сьвеце, у тым ліку і прахаладжальнага, трымае піва. Гэта быў галоўны напой у шынках і корчмах, хлеб і піва падмацоўвалі сілы падчас працы ў сьпякотны час, піва пілі замест вады, якая ў гарадах была не заўсёды добрай якасьці. І цяпер летам на гарадзкіх вуліцах з’яўляюцца бочкі халоднага піва.

Малыя бровары з крафтавым півам і буйныя прадпрыемствы ў летні час вырабляюць у некалькі разоў больш пеннага напою. Штогод у Беларусі з’яўляюцца новыя гатункі піва. Асобныя з іх выглядаюць прывабна ня толькі з-за смакавых асаблівасьцяў, але і з-за зьнешняга афармленьня, і з-за нагоды, дзеля якой былі выпушчаныя.

7. Мазагран

Хто любіць каву і ня можа абысьціся без яе ў сьпёку, ацэніць смак і тэмпэратуру мазаграну, які летняю парою пілі заможныя гараджане і шляхта ХІХ стагодзьдзя. Звараную чорную каву падсалоджвалі і асьцюджалі, дзеля водару дадавалі ром ці каньяк. На стол падавалі ў высокіх шклянках на ножцы, напалову запоўненых кубікамі лёду, і пілі праз саломінку, што надавала каве выгляд кактэйлю. Скрылік лімону дадаваў напою далікатную кісьлінку.

Адмысловую шклянку для халоднай кавы да гэтай пары называюць мазагранам — менавіта дзякуючы яму часта ўзгадваюць горад у Алжыры, назва якога гучыць гэтаксама. Мода на танізуючы напой пайшла з Францыі — падарожнікі ХІХ стагодзьдзя пакінулі ў сваіх нататках шмат успамінаў пра непазьбежны парыскі мазагран. Гатуюць мазагран і цяпер — дома ці ў кавярні, замяняючы алькаголь сіропам альбо ліманадам.

8. Гарбата на зёлках і кветках

Травяная гарбата дае бязьмежныя магчымасьці для духмянай імправізацыі. Сабраныя ў садзе, лесе, на лузе зёлкі і кветкі можна бясконца зьмешваць, экспэрымэнтаваць з імі, кожны раз атрымліваючы духмяны напой, што будзе добра наталяць смагу.

Непаўторны водар гарбаце надаюць чабор, рамонак, валошкі, ягады і лісткі суніц, малінаў, парэчак, мята, мэліса, календула, ягады і пялёсткі кветак шыпшыны, скрылікі яблык і груш. Смак зёлак падкрэсьлівае мёд альбо салодкае сочыва. У сьпёку гарбату можна астудзіць і, дадаўшы газаванай вады, лімоннага соку, сьвежай мяты і лёду, атрымаць прахаладжальны напой.

9. Аршад

Аршад, альбо міндальнае малачко, падаюць вельмі халодным. Для прыгатаваньня густога і водарнага бялёсага напою спатрэбіцца салодкі і горкі міндаль, вада і цукар. Ачышчаныя арэшкі трэба некалькі разоў расьцерці з цукрам і адціснуць, разбаўляючы халоднай вадою. Дарэчы, першапачаткова галоўным інгрэдыентам аршаду быў ячмень. Папулярнасьць напою зноў прыпадае на ХІХ стагодзьдзе. Міндальнае малачко маглі дазволіць сабе заможныя людзі, дзеля якіх міндаль гандляры прывозілі на кірмашы, як і іншыя арэхі, спэцыі, каву. Аршад ужывалі як самастойны напой, падавалі да кавы і гарбаты, запраўлялі аўсяны кісель і салодкія кашы.

Адціснутыя арэшкі таксама ўжывалі ў ежу — з іх атрымліваліся смачныя міндальныя вяршкі. Цяпер міндальнае малачко выкарыстоўваецца як адзін з інгрэдыентаў прахаладжальных кактэйляў. З сокам ягад робяць выдатны фруктовы аршад. Менавіта з міндальнага малачка робяць халодны дэсэрт — бланманжэ, надзвычай смачны ў сьпёку.

10. Крынічная і мінэральная вада

Ёсьць меркаваньне, што найлепей смагу наталяе сьцюдзёная вада — крынічная альбо са студні. Багатая карыснымі рэчывамі, яна ня толькі танізуе, але і надае сілы. Крыніц у Беларусі некалькі сотняў. Найбольш вядомыя — Сіні калодзеж, Сьвятыя і Жыровіцкія крыніцы, Палыкаўская крыніца, куды едуць, каб набраць вады і акунуцца. Крынічная вада добра захоўваецца, ня мае асадку і можа быць упрыгажэньнем стала, асабліва, калі ў збан з вадою дадаць скрылік лімону ці лісток мяты.

Шмат хто ў летні час аддае перавагу мінэральнай вадзе — яе падземныя запасы ў Беларусі найбагацейшыя сярод эўрапейскіх краін. У нас вядома больш за дзьвесьце сьвідравін, з якіх выкарыстоўваецца прыблізна каля паловы. У Беларусі, аказваецца, ёсьць вада, што па хімічным складзе падобна да мінэральнай вады Друскенінкая, Старой Русы, Трускаўца, Бадэн-Бадэну, можна знайсьці аналягі знакамітых «Баржомі» ці «Арашану». Аднак варта памятаць, што выбіраць свой гатунак мінэральнай вады лепш з парады прафэсійнага лекара.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG