Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паколькі мы з вамі, шаноўныя чытачы, шчасьліва дажылі да летніх месяцаў, то і расказваць у гэты доўгачаканы час будзем пераважна пра тыя жыцьцёвыя рэчы, якія нас цікавяць летам.

А цікавяць людзей, якія маюць тыя ці іншыя хваробы, пераважна вельмі побытавыя моманты, накшталт таго, якія напоі можна, а якія нельга ўжываць падчас сьпёкі і гарачыні, а таксама ў якой колькасьці.

Многія з нас зьяўляюцца прыхільнікамі кавы. Каву ў сьпёку піць, бясспрэчна, можна, але ў разумных колькасьцях, асабліва гэта тычацца людзей, якія маюць павышаны артэрыяльны ціск. Чаму так?

Па-першае, кава выклікае павелічэньне мочааддзяленьня, што прыводзіць да залішняй страты вадкасьці, якая і так падчас сьпёкі інтэнсіўна выводзіцца з арганізму разам з потам. Лічыцца, што ўтрыманьне кафэіну ў розных напоях (а найбольшая ягоная колькасьць знаходзіцца менавіта ў каве) на 8% зьніжае біядаступнасьць вадкасьці. Гэта значыць, што праз выпіваньне аднаго кубачка кавы вам давядзецца цягам дня выпіць на 8% болей вадкасьці, чым без кавы. А гэта, пры наяўнасьці шэрагу хвароб — хаця б згаданай вышэй артэрыяльнай гіпэртэнзіі — ня вельмі пажадана з прычыны павелічэньня нагрузкі на сэрца і судзінную сыстэму.

Па-другое, кафэін, якога шмат у каве, садзейнічае актывізацыі сымпатыйнай нэрвовай сыстэмы, якая мае моцны ўплыў на сардэчную дзейнасьць і выклікае павелічэньне частаты сардэчных скарачэньняў. Падчас сьпёкі чалавек і бяз гэтага мае павялічаную частату сардэчных скарачэньняў, і дадаваць да гэтага яшчэ ўплыў кавы, якую мы часта спажываем у вялікай колькасьці, ня вельмі пажадана.

Але у тых людзей, якія звычайна маюць нізкі артэрыяльны ціск, ужываньне кавы можа быць вельмі карысным, таму што гэта зьяўляецца адным з фактараў, які пасадзейнічае нармалізацыі ціску і дасягненьня лепшага самаадчуваньня.

Такім чынам, у сьпёку чалавеку, які ня мае сур’ёзных захворваньняў, наўрад ці трэба радыкальна мяняць свае густы і штодзённы распарадак. Піце кавы колькі хочацца — толькі ў разумных межах. А вось людзям з хранічнымі хваробамі, такімі як захворваньні сардэчна-судзіннай сыстэмы, хранічныя нырачныя ці пячоначныя хваробы, колькасьць кавы пажадана зьніжаць і ў адносна прахалодны час. Лепш выпіваць ня болей за адзін кубак ня вельмі моцнай кавы. А ўвогуле трэба заўсёды паводзіць сябе разумна і знаходзіць залатую сярэдзіну, у тым ліку і ва ўжываньні кавы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG